Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі блогера, які спытаўся ў Маскоўскім РУУС, як ня трапіць у аўтазак


Блогера і ўдзельніка праекту Obzoor.by Івана Пруса затрымалі ў Менску 26 чэрвеня, паведамляе «Белсат» са спасылкай на сяброў блогера.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Раніцай 27 чэрвеня дзяжурны ІЧУ на Акрэсьціна пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што Іван Прус з 26 чэрвеня знаходзіцца ў іх.

Як мяркуюць сябры Івана Пруса, прычынай ягонага затрыманьня магла стаць размова з супрацоўнікам Маскоўскага РУУС, відэазапіс якой зьявіўся ў інтэрнэце на гэтым тыдні. Пасьля затрыманьняў пакупнікоў крамы Symbal.by Іван Прус пазваніў у райаддзел міліцыі і спытаўся, як трэба сябе паводзіць на вуліцы, каб не забралі ў аўтазак. «Калі коратка: не турбуйцеся, анікога анідзе ў аўтазакі не забіраюць. Так што можна расслабіцца і спаць спакойна. А міліцыя ўжо паклапацілася пра наш спакой», — падсумаваў размову Іван Прус ў сваім відэа, якое сабрала больш за 8 тысяч праглядаў.

Меркавана, суд над Іванам Прусам будзе ў панядзелак, 29 чэрвеня. У ІЧУ на Акрэсьціна кажуць, што перадач там не прымаюць з прычыны «эпідэмічнай сытуацыі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG