Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцёра ўжо за кратамі. Што стала з блогерамі і палітыкамі, якіх Ціханоўскі пахваліў за дзень да арышту


Блогер Сяргей Ціханоўскі на адным зь перадвыбарчых пікетаў

28 траўня Сяргей Ціханоўскі ўдзельнічаў у выбарчым пікеце ў Гомлі. Падчас размоваў зь людзьмі ён расказаў, каго зь беларускіх палітыкаў шануе найбольш. А таксама якіх блогераў лічыць самымі цікавымі. Што зь імі стала?

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Што сказаў Ціханоўскі

«Сабраць 100 тысяч подпісаў — гэта сур’ёзны крок, — гаварыў тады Сяргей Ціханоўскі. — Мікола Статкевіч казаў, што гэта раней нікому не ўдавалася. Калегі мае — „Народны рэпартэр“ (берасьцейскія блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін. — РС) такой думкі прытрымліваюцца. Паглядзім, зьбяром ці не зьбяром — тады будзем вырашаць.

Апазыцыя ў нас так доўга ваявала, ваявала патроху. Людзі многія расчараваліся, ня верылі ў апазыцыю, хацелі бачыць там моцных лідэраў, якія могуць павесьці за сабой. Я магу адзначыць, што Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч для мяне асабіста тыя, на каго можна раўняцца. Але так атрымалася, што Павел пакінуў праймэрыз, Міколу не зарэгістравалі...

Добра, што мы пачалі аб’ядноўвацца зь беларускімі блогерамі. Раней у нас дастаткова халаднаватыя адносіны былі са Сьцяпанам Nexta, цяпер у нас нармальныя стасункі. Разуменьне ёсьць з Паўлам Сьпірыным, Уладзімерам Цыгановічам, „Народным рэпартэрам“, тэлеграм-каналы пачалі аб’ядноўвацца — вакол нас. „Беларусь галаўнога мозгу“, „Мая краіна Беларусь“ і так далей. Марат Мінскі. Нармальныя адносіны. Раней была рэўнасьць у многіх, пытаньні — адкуль гэты Ціханоўскі ўзяўся?».

Празь дзень пасьля гэтай прамовы Сяргея Ціханоўскага арыштавалі ў Горадні і абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Цяпер Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго зьмясьцілі ў карцэр за невыкананьне патрабаваньняў адміністрацыі. Свабода прасачыла, што стала з тымі людзьмі, каго Ціханоўскі пахваліў падчас стрыму ў Гомлі.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч на супольнай акцыі зь Сяргеем Ціханоўскім каля Камароўскага рынку ў Менску. 24 траўня 2020 году
Мікола Статкевіч на супольнай акцыі зь Сяргеем Ціханоўскім каля Камароўскага рынку ў Менску. 24 траўня 2020 году

Затрыманы 31 траўня па дарозе на Камароўскі рынак у Менску, дзе зьбіраўся наведаць выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Пазьней ягонай жонцы Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна, яму прысудзілі «суткі». 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў палітыку яшчэ 15 сутак. На Акрэсьціна палітык знаходзіцца дагэтуль.

Павал Севярынец

Павал Севярынец на пікеце ля Камароўкі 7 чэрвеня 2020 году
Павал Севярынец на пікеце ля Камароўкі 7 чэрвеня 2020 году

Затрыманы ля свайго дома 7 чэрвеня. За некалькі гадзін да гэтага Севярынец удзельнічаў у выбарчым пікеце ля Камароўкі. 8 чэрвеня Паўлу прысудзілі 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. 15 і 18 чэрвеня палітыка дадаткова асудзілі яшчэ, агульны тэрмін зьняволеньня амаль дасягнуў 100 сутак. Празь відэасувязь падчас аднаго з працэсаў Севярынец паведаміў, што яго ўтрымліваюць у невыносных умовах і на знак пратэсту ён быў вымушаны пашкодзіць сабе руку. Цяпер Павал Севярынец, як і Мікола Статкевіч, знаходзіцца на Акрэсьціна.

Уладзімер Цыгановіч

Уладзімер Цыгановіч (справа) падчас сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім, кастрычнік 2019 году
Уладзімер Цыгановіч (справа) падчас сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім, кастрычнік 2019 году

Ён жа блогер «МозгON». Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня і спачатку накіравалі ў ізалятар на Акрэсьціна адбываць «суткі». 15 сутак ён атрымаў яшчэ ў сакавіку за стрым ля будынку «Белнафтахіму». 26 чэрвеня стала вядома, што Цыгановіча перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага, а супраць яго завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкулу, пакуль невядома.

«Народны рэпартэр»

Аляксандар Кабанаў (зьлева) і Сяргей Пятрухін
Аляксандар Кабанаў (зьлева) і Сяргей Пятрухін

Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Іх затрымалі ў сярэдзіне чэрвеня з розьніцай у адзін дзень. Кабанава пасьля наведваньня паліклінікі 15-га, Пятрухіна — 16 чэрвеня ў Пухавіцкім раёне, дзе ён быў у гасьцях. Абодвух спачатку асудзілі на «суткі».

25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна перавезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна ў Менск. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (342-ы артыкул КК).

Дзе знаходзіцца Аляксандар Кабанаў і ці прад’явілі яму абвінавачаньні паводле гэтага ж артыкулу, па стане на раніцу 26 чэрвеня невядома.

«Беларусь галаўнога мозгу»

Ігар Лосік
Ігар Лосік

Да адміністратара гэтага тэлеграм-канала Ігара Лосіка праваахоўнікі прыйшлі раніцай 25 чэрвеня. Як расказала жонка блогера Дар’я, сілавікі зрабілі невялікі ператрус, забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а таксама самога блогера. Да вечара інфармацыі пра яго не было. Пазьней стала вядома, што Ігар Лосік знаходзіцца ў Менску на Акрэсьціна, яго падазраюць паводле таго ж 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.

Nexta

Сьцяпан Пуціла
Сьцяпан Пуціла

Ён жа Сьцяпан Пуціла. Пасьля звальненьня з тэлеканалу «Белсат» Сьцяпан працягвае працу над сваімі тэлеграм-каналамі і каналам на YouTube. Блогер жыве ў Польшчы і пакуль не паведамляў пра ціск з боку беларускіх праваахоўнікаў. Уладзімер Чудзянцоў, які дапамагаў Сьцяпану ў падрыхтоўцы дакумэнтальнага фільма, прысьвечанага Аляксандру Лукашэнку, за кратамі знаходзіцца з 21 лістапада 2019 году.

19 чэрвеня стала вядома пра ператрус дома ў бацькі Сьцяпана Пуцілы Аляксандра (спартовы аглядальнік «Белсату»), які жыве ў Менску. Праваахоўнікі забралі з сабой кампутар і мабільны тэлефон, самога Аляксандра Пуцілу пакінулі ў кватэры.

Пра інтарэс праваахоўнікаў да блогераў Паўла Сьпірына і Марата Мінскага інфармацыі пакуль не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG