Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты берасьцейскіх блогераў Пятрухіна і Кабанава. Што вядома на гэты час?


Блогер Сяргей Пятрухін

Адміністрацыя менскай турмы на Акрэсьціна адмовілася прыняць перадачу для аўтара каналаў «Народны рэпартэр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна, якога напярэдадні даставілі з Кобрынскага ізалятара часовага ўтрыманьня.

Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін. Блогера затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня за «неадбытыя суткі» па выніках акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. Аднак 25 чэрвеня яго зноў арыштавалі і перавезьлі ў Менск.

Як расказаў Вялічкін, Сяргей Пятрухін скарыстаўся правам тэлефоннага званка. Не хацеў турбаваць старую маці і былую жонку, таму затэлефанаваў праваабаронцу, паведаміўшы, што праходзіць у крымінальнай справе за падзеі ў Горадні 29 траўня.

26 чэрвеня паплечнікі спрабавалі перадаць яму рэчы і харчы, аднак у турме на Акрэсьціна адмовілі, сказаўшы, што ў арыштанта «ёсьць усё неабходнае». Між тым, паводле Ўладзімера Вялічкіна, ужо 10 дзён Пятрухін носіць толькі тое, у чым яго затрымалі. Дый з улікам праблемаў з вадой у Менску карыстацца вадаправодным кранам у камэры небясьпечна.

Як мяркуе Вялічкін, у адной з камэраў на Акрэсьціна трэба шукаць і Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Ад 17 чэрвеня ён адбываў пакараньне ў Берасьці, потым яго перавялі ў Драгічын. Тым часам 25 чэрвеня ў яго бацькоў пад Бярозай прайшоў ператрус. Праваахоўнікі сказалі, што іх сына перавозяць у Менск.

Як мяркуе Ўладзімер Вялічкін, арыштаваны на 15 сутак блогер гэтаксама можа праходзіць фігурантам «горадзенскай справы» разам зь Сяргеем Ціханоўскім і дзясяткам ягоных паплечнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG