Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аніякай правакацыі не было», — паразмаўлялі з двума ўдзельнікамі канфлікту каля крамы Symbal.by


Чарга ля крамы Symbal.by

23 чэрвеня каля крамы, да якой у чарзе стаялі людзі, адбыўся канфлікт паміж кіроўцам БМВ і хлопцам ды дзяўчынай. МУС тлумачыць, што якраз ён стаў прычынай масавых затрыманьняў.

Відэа канфлікту шырока разышліся ў сацыяльных сетках. Радыё Свабода паразмаўляла з Аляксандрам і Анастасіяй. Пара расказала свае вэрсіі таго, як пачаўся канфлікт з кіроўцам БМВ і чым ён для іх скончыўся.

Радыё Свабода зьвязалася таксама з кіроўцам БМВ. Той паабяцаў выказаць сваю вэрсію падзей. Апублікуем яе, як толькі ён дасьць камэнтар.

Аляксандру 27 гадоў, ён працуе ў прыватнай расейскай кампаніі. Ягоная дзяўчына Анастасія — мэдык.

Што расказаў Аляксандар:

«Я хачу выбачыцца перад людзьмі, бо ўсё адбылося празь мяне і кіроўцу БМВ, — кажа Аляксандар. — Я чытаю камэнтары, і людзі пішуць несусьветныя фантазіі. Калі прасьцей — два чалавекі не падзялілі дарогу. Я стаяў, ён пад’ехаў. Размаўлялі мы ў грубай форме — што я, што ён. Я не магу сказаць, што я меў рацыю. Але мы абодва ня мелі рацыі».

Аляксандар кажа, што яны зь дзяўчынай сталі ў чаргу да крамы купіць налепку. Ён зьвяртае ўвагу, што чаргу пакупнікоў варта было скіраваць у іншы бок, а ня ў бок дарогі. Так, як гэта зроблена сёньня, 24 чэрвеня, калі да крамы зноў стала доўгая чарга.

«Але я аніякіх прэтэнзій ня маю да хлопцаў (з крамы Symbal.by. — РС)», — кажа Аляксандар.

Сам канфлікт, тлумачыць Аляксандар, распачаўся таму, што кіроўца БМВ пад’ехаў вельмі блізка да яго. У слоўных спрэчках яны «перайшлі на асобы ў грубай форме», кажа Аляксандар, і той у адказ зачапіў ягоны аўтамабіль. Кіроўца стаў тэлефанаваць у ДАІ.

«Пасьля адбылася тузаніна, і ён мяне ўдарыў, і я пачаў таксама выклікаць міліцыю, каб напісаць сустрэчную заяву. Напэўна, з гэтай прычыны прыехалі супрацоўнікі і пачалі затрымліваць людзей, — тлумачыць Аляксандар. — Мне да канца не зразумела, навошта людзей пачалі затрымліваць. У нас быў канфлікт паміж двума. На жаль, мы не змаглі яго мірна вырашыць».

Камэнтатары і сьведкі заўважаюць, што АМАП прыехаў літаральна за 5 хвілін пасьля тэлефанаваньня Аляксандра ў міліцыю.

«Так, сапраўды, — кажа Аляксандар. — Людзей адразу пачалі затрымліваць. Нават не спрабавалі разабрацца, проста хапалі. Гэта насамрэч страшна і непрыемна».

Аляксандар кажа, што пакуль ехала міліцыя, яны ўжо пасьпелі дамовіцца з кіроўцам БМВ, што вырашаць праблему самі.

«Калі б мы ведалі, што будзе АМАП і затрыманьні, то і не падумалі б выклікаць „органы“, — кажа Аляксандар. — Але супрацоўнік міліцыі сказаў, што раз быў факт звароту, то трэба праехаць у аддзяленьне для агляду аўтамабіля і сьведчаньняў».

Сам Аляксандар зь дзяўчынай былі дастаўленыя ў Савецкі РУУС на машыне ДАІ. Кіроўца БМВ прыехаў туды ж на сваім аўтамабілі.

Аляксандар кажа, што на яго і на ягоную дзяўчыну склалі такія самыя пратаколы, як на іншых затрыманых — па артыкуле 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы) і частцы 1 артыкула 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

«Я, безумоўна, гэтага не рабіў, — кажа Аляксандар. — Такіх словаў не казаў, якія пазначаныя ў пратаколе. Не выкрыквалі лёзунгаў. Усё гэта відаць на відэа. Проста два запальчывыя чалавекі не падзялілі дарогу».

Аляксандар і ягоная дзяўчына былі ў Савецкім РУУС разам зь іншымі затрыманымі. Адпусьцілі ўсіх каля 2 гадзіны ночы. Наконт самога канфлікту з кіроўцам БМВ аніякіх праверак, дакумэнтаў у РУУС не складалі.

Але, па словах Аляксандра, яны з кіроўцам БМВ напісалі, што ня маюць адзін да аднаго прэтэнзій. Аляксандар таксама сьцьвярджае, што ніякай шкоды аўтамабілю не нанёс.

Тое, што канфлікт мог быць адмыслова справакаваны, Аляксандар катэгарычна адмаўляе.

«Аніякай правакацыі не было, — сьцьвярджае Аляксандар. — Не падзялілі дарогу — і ўсё. Але гэта не было наўмысна».

На падазрэньні, што ён можа «супрацоўнічаць з органамі», Аляксандар адказвае: «Ані ў якім разе».

Што расказала Анастасія, дзяўчына Аляксандра:

«Мы не стаялі пасярод праезнай часткі, а збоку», — пачынае Анастасія. — З двароў выехала БМВ так блізка, што мой малады чалавек адчуў нагой бампэр машыны. Ён на «вы», паважліва сказаў кіроўцу «Калі ласка, ад’едзьце». На што кіроўца на «ты» і ў грубай форме адказаў: «Што ты тут стаіш на праезнай частцы?».

У гэты момант, кажа дзяўчына, паміж мужчынамі пачалася размова «на падвышаных тонах».

«Мой малады чалавек нахіліўся да кіроўцы, а той узяў яго за майку. Аляксандар адштурхнуў яго руку і зь сілай завярнуў у адваротны бок люстэрка машыны, — апісвае яна канфлікт. Кіроўца ўжо выйшаў з аўтамабіля.

«Каб не пачалася бойка, я стала паміж імі і сказала: „Вы можаце культурна размаўляць з чалавекам?“, а ён мне сказаў: „Чуеш, ты, аўца?“. Мяне на гэта панесла, канечне, мяне як дзяўчыну гэта не ўпрыгожвае», — прызнае Анастасія. Паводле яе словаў, за іх заступіліся людзі з чаргі, тады кіроўца БМВ стаў сварыцца зь імі.

«Людзі пачалі нас абараняць, бо бачылі, што мы нікога не чапалі, а спакойна чакалі ў чарзе, — кажа яна. — А кіроўца мне сказаў такую фразу: „Мне ўсё адно, каго біць“. Тады мой малады чалавек за мяне заступіўся. Так, ён сказаў яму грубыя словы. Але мужчына на БМВ нанёс яму ўдар па твары, у вобласьць скулавой косьці. Яшчэ ў яго пашкоджаны палец, на пальцы гематома».

Ужо пасьля гэтага, кажа Анастасія, Аляксандар ударыў па другім люстэрку БМВ, а кіроўца выклікаў ДАІ.

«Людзі тады сказалі, што зараз ён выкліча ДАІ, і вам будзе крымінальная адказнасьць за гэта. Мы вырашылі пазваніць і расказаць сваю вэрсію, што майму маладому чалавеку быў нанесены ўдар у твар», — кажа Анастасія.

Яна кажа, што спачатку прыехалі людзі ў цывільным і пачалі «круціць людзей». «Адразу ж пад’ехала ДАІ і пачала з намі разбор, — расказвае Анастасія. — Усё гэта адбылося на працягу хвіліны. Яны сказалі, што быў зафіксаваны выклік і нам трэба праехаць у РУУС для вырашэньня канфлікту».

У Савецкае РУУС Анастасію адвезьлі з сабакам. Хоць маладыя людзі прасілі даць ім пакінуць яго дома, але ім адмовілі.

«У РУУС да нас выйшаў маёр і кажа: „Як вы будзеце вырашаць пытаньне?“. Мужчыны вырашылі, што мірным шляхам, бо абодва бакі ў гэтай сытуацыі ня мелі рацыі, — кажа дзяўчына. — Тады мужчына ў цывільным адвёў кіроўцу БМВ убок, і пасьля гэтага нам сказалі, што ўсё адно нашую справу будзе весьці сьледчы, усё будзе па пратаколе запісана і будзе заведзеная справа».

Маладых людзей адвезьлі на мэдычнае асьведчаньне. Алькаголю ў іх крыві не знайшлі. Пасьля вяртаньня ў РУУС іх далучылі да іншых затрыманых у чарзе.

«Я адна дзяўчына з сабакам, і ўсе астатнія — мужчыны, — кажа Анастасія. — Мне далі пратакол, што я ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу, выкрыквала ў бок дзейнага прэзыдэнта абразы. Я падпісала, што віну сваю не прызнаю і што такога не было».

«Мы нікога не чапалі, проста стаялі ў чарзе, — ужо са сьлязьмі кажа дзяўчына. — Пасьля хацелі пайсьці ў „Пясочніцу“ паесьці. Я ўчора была пасьля „сутак“, сёньня да другой гадзіны ночы ў РУУС, і я ўся на нэрвах, бо паўсюль гэтыя відэа, камэнтары гэтыя жахлівыя і ўсе астатняе».

Другі дзень людзі стаяць у чарзе ў краму Symbal.by
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:07 0:00

Затрыманьні каля Symbal.by

23 чэрвеня бізнэсовец Павал Белавус абвясьціў пра закрыцьцё менскай крамы Symbal.by з 29 чэрвеня пад ціскам уладных праверак. Раней прыпыніла сваю працу онлайн-крама.

Пасьля абвесткі пра закрыцьцё крамы каля яе ўтварылася чарга зь некалькіх дзясяткаў пакупнікоў. У эфіры відэастрыму, які вялі прадстаўнікі Symbal.by, паміж кіроўцам аўтамабіля, якія выяжджаў з двара, і людзьмі ў чарзе адбыўся канфлікт. Паводле сузаснавальніка крамы Паўла Белавуса, за стырном машыны быў мясцовы жыхар.

Аўтазак прыехаў да чаргі пакупнікоў каля крамы symbal.by
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:36 0:00

Пасьля гэтага да крамы прыбыў АМАП і пачаў затрымліваць людзей. МУС заяўляў, што «нарад міліцыі выехаў для спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў, якія выразіліся ў блякаваньні аўтамабіля».

Затрымалі больш за 10 чалавек. На іх склалі пратаколы па артыкуле 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы) і частцы 1 артыкула 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG