Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шоўмэн і сьпявак Іван Вабішчэвіч: «Перамены патрэбныя!»


Затрыманьні ў Менску, 20 чэрвеня
Затрыманьні ў Менску, 20 чэрвеня

Сьпявак і шоўмэн Іван Вабішчэвіч, вядомы пад псэўданімам Дзядзя Ваня, выказаўся ў сваім інстаграме пра выбарчую кампанію і заклікаў да пераменаў.

Вабішчэвіч напісаў, што ганарыцца людзьмі, «якія ўсьвядомілі, што мы не „народзец“, а народ», і тымі, хто перастаў і перастае баяцца.

«Я ганаруся тымі, хто, нягледзячы на перашкоды і складанасьці, карміў, дапамагаў і працягвае дапамагаць мэдыкам. Ганаруся мэдыкамі, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і „ўмоўную“ падтрымку дзяржавы, працягваюць лячыць, ратаваць людзей і не шкадаваць сябе. Ганаруся тымі, хто не пабаяўся сказаць „не“ нават пры пагрозе звальненьня. Аказалася, што ўсіх нельга звольніць або пасадзіць. Ганаруся тым, што многія ўжо зрабілі свой выбар. Ганаруся тым, што зьяўляецца ўсё больш людзей, якія пачалі думаць і задумаліся. Людзей, якія сталі сумленнымі перад сабой!» — напісаў Вабішчэвіч.

Музыка сказаў, што пойдзе на выбары, каб прагаласаваць, за каго лічыць патрэбным. І спадзяецца, што кожны так зробіць, бо нельга дапусьціць абыякавасьці.

«А што да спраў апошніх дзён і дзеяньняў уладаў... Па-мойму, гэта страх. А той, хто баіцца, ня можа весьці за сабой людзей. Страх заразьлівы. Я нават не буду ўдавацца ў падрабязнасьці, хто баіцца больш — той, хто вышэй, або той, хто ніжэй... Гэта ўжо ня важна. Перамены патрэбныя!!! Толькі давайце памятаць пра цьвярозы, халодны розум і сумленнасьць перад сабой!» — напісаў Вабішчэвіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG