Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра арышт Ціханоўскага: «Так, я даў сыгнал»


Затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, 29 траўня

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з актывам Меншчыны ў Салігорску прызнаў, што «даў сыгнал» да затрыманьня свайго апанэнта, блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама расказаў пра «справу Белгазпрамбанку», у межах якой быў арыштаваны яшчэ адзін ягоны апанэнт, Віктар Бабарыка. Частку размовы, якая адбывалася без журналістаў, паказаў тэлеканал «Беларусь-1» у перадачы «Галоўны эфір».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пра Ціханоўскага

«Галоўнае ж, не разумеюць людзі, што ідзе спакойнае расхістваньне становішча, — казаў Лукашэнка. — Калі б мы тады некаторых не ацьверазілі, сёньня б бушаваў і Салігорск. Усё пачынаецца паступова, мы гэта ведаем. Расхістваецца становішча ўнутры краіны, даводзіцца да шаленства, ідзе наступ на дзейную ўладу, адбываецца злом улады.

Добра, калі хтосьці садзіцца ў крэсла ўлады прабеларускі, тады ладна ўжо з гэтым Майданам. Праз Майдан, беспарадкі, цяганіну — аж да звароту да замежнай дзяржавы. Ці вы гэта выключаеце? А я не. Я думаць павінен па максымуме. Чаму? Таму што я ня ведаю, якія дзеяньні яны распачнуць.

Так, я даў сыгнал зь Ціханоўскім. Я нешта ня так рабіў? Я перажываў за сваю краіну, за якую я пакуль яшчэ адказваю. І буду адказваць заўсёды — у любой якасьці».

Супрацоўнікі спэцназу затрымалі Сяргея Ціханоўскага а 20-й гадзіне 29 траўня падчас перадвыбарчага пікету ягонай жонкі, Сьвятланы Ціханоўскай, у Горадні. Лукашэнка апісваў нейкія затрыманьні, падобныя да горадзенскіх, за 4 гадзіны да гэтых падзеяў.

Ціханоўскаму і яго паплечнікам выставілі абвінавачаньне ў «падрыхтоўцы парушэньня парадку», бо, паводле сьледзтва, ў час пікету для збору подпісаў у Горадні было арганізавана правядзеньне незаконнага грамадзкага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога ўчынены групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Пра Бабарыку

«Калі мы гэты газпрамаўскі банк прыстукнулі, яны ўсё зразумелі, — казаў Лукашэна пра кіраўніцтва Расеі, якое «пачынае іскрыць на перамовах». — Усе пакутуюць: „Ах, Лукашэнка пасадзіў“. А мы нікога туды ня клікалі. Мы дзейнічаем паводле закону, як гэта было заўсёды. А як інакш — 640 мільёнаў даляраў праз банк адмылі і ў Латвію пералічылі. Амэрыканцы гэты банк накрылі — адмываньне грошай. І калі я бачу мільёны і мільёны даляраў выпампавалі — гэта ж на нас заробленыя грошы. Скажыце, а якія павінны быць мае дзеяньні?

Далей — больш. Калі ажыцьцявілі выманьне ў банку, што мяне ўразіла, ва ўсіх асноўных ячэйках ляжалі флэшкі, цьвёрдыя дыскі і горы дакумэнтаў. І калі мне даклалі пра флэшкі і цьвёрдыя дыскі, я зразумеў, што там велізарны пласт інфармацыі.

І ўсе: ах, а чаму яго раней не арыштавалі? А чаму ўчора пірог ня зьелі, а ямо сёньня? А таму што не гатовыя былі. Даказаць усё гэта. Таму што толькі ў сьнежні мінулага году мы былі праінфармаваныя аб тым, што там адбывалася. Два з паловай гады нам не давалі гэтых зьвестак. Я кажу, калі б амэрыканцы не націснулі на латвійскі банк летась — цяпер ідзе там сьледзтва — наўрад ці б далі гэтую інфармацыю. І самае галоўнае, вось гэтыя мяшкі чорныя грошай і карціны — іх пачалі рыхтаваць да вывазу зь Беларусі. Мы павінны былі спыніць гэтую акцыю, таму ў гэты час і давялося ажыцьцяўляць гэтыя захады. Калі ўжо ўнікаць абсалютна ў падрабязнасьці».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG