Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат пра Бабарыку і абвінавачаньне: я задаволены, чакаю не дачакаюся, калі агучаць афіцыйна


Віктар Бабарыка на пікеце па зборы подпісаў у Бабруйску, 15 чэрвеня

Адзін з адвакатаў прэтэндэнта на прэзыдэнцкі пост Віктара Бабарыкі Аляксандар Пыльчанка расказаў у інтэрвію «Народнай Волі» пэўныя падрабязнасьці справы.

Пра абвінавачаньне Бабарыку

Наконт выстаўленых Віктару Бабарыку абвінавачаньняў адвакат сказаў, што «з гледзішча зьместу абвінавачаньня» ён «задаволены, калі можна так выказацца», і «чакае не дачакаецца», калі яго абвесьцяць дзяржаўныя СМІ ці службовыя асобы, каб адвакаты маглі выказацца на гэты конт, бо ім самім забаранілі агучваць артыкулы абвінавачаньня «пад страхам крымінальнай адказнасьці».

Жорсткія ўмовы неразгалошваньня любой інфармацыі ў справе, на думку адваката, зьвязаныя найперш з «праблемамі наяўнасьці абʼектыўных доказаў».

Што да новай крымінальнай справы супраць Бабарыкі па арт. 285 Крымінальнага кодэксу (стварэньне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй), Пыльчанка адзначыў, што «такія склады злачынстваў няпроста даказваюцца», і «галоўнае ў ходзе сьледчых дзеяньняў ня выйсьці на саміх сябе».

Выказваньне старшыні КДК Івана Тэртэля, што ён «ня можа ўявіць, што кіраўнік банку мог быць ня ў курсе таго, што яго работнікі ўчынілі злачынства», Пыльчанка назваў «вельмі адважнай і небясьпечнай заявай» і прывёў у прыклад справу былога намесьніка начальніка ГУБАЗіК Уладзімера Ціхіні, пра дзеяньні якога, паводле лёгікі Тэртэля, былі ў курсе кіраўнікі Ціхіні — начальнік ГУБАЗіК і міністар унутраных справаў, ды іншыя прэцэдэнты.

Як затрымлівалі Бабарыку

Паводле Пыльчанкі, пры першай сустрэчы з адвакатамі Віктар Бабарыка расказаў падрабязнасьці свайго затрыманьня.

Каля 9-й гадзіны раніцы 18 чэрвеня ён выехаў у горад, вёз з сабой падпісныя аркушы, каб падаць у ЦВК. Непадалёк ад вёскі Мачаны, дзе жыве Бабарыка, на пустэльнай прасёлкавай дарозе ля могілак яго спыніў супрацоўнік ДАІ.

Пакуль Бабарыка падаваў яму дакумэнты, да машыны падбеглі некалькі чалавек. Бабарыка папрасіў іх назвацца, яму нешта тыцнулі пад нос, але ён нічога не пасьпеў прачытаць. Яго перасадзілі на задняе сядзеньне машыны. Калі Бабарыка сказаў, што гатовы на першае патрабаваньне органаў расьсьледаваньня прыбыць у названыя месца і час, калі да яго ёсьць пытаньні, яму адказалі: «давязем». Незнаёмыя селі ў яго «Тэслу» і павезьлі яго ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, як высьветлілася пазьней.

Асабістыя рэчы Бабарыкі — пляншэт, два тэлефоны, гадзіньнік — кінулі ў машыну, яго павялі ў будынак. Лёс гэтых рэчаў, як і аўтамабіля, які знаходзіцца ў лізінгу, Бабарыку дасюль невядомы: у пратаколе асабістага ператрусу названых рэчаў і аўтамабіля няма.

Пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА КДБ

Паводле Аляксандра Пыльчанкі, у Віктара Бабарыкі няма прэтэнзіяў да пэрсаналу СІЗА КДА, умовы ўтрыманьня — «як у многіх». Паколькі адвакатаў не пусьцілі да Бабарыкі 18 чэрвеня, ён ня змог паведаміць адразу, якія рэчы яму перадаць. Рэжым прыёму перадачаў — панядзелак, серада, пятніца, таму ўвесь гэты час ён быў у офіснай вопратцы. Спальнае месца ў яго — дадатковае, так званы «верталёт» — ставіцца паміж іншымі ложкамі на ноч. Гэта значыць, што днём у камэры прыткнуцца няма куды.

Адвакаты Бабарыкі па-ранейшаму ня могуць зь ім сустрэцца

Другі адвакат Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі паведаміў 23 чэрвеня агенцтву Інтэрфакс, што з 20 чэрвеня яны ня маюць магчымасьці сустрэцца з падабаронным. Прычым адмовы ў сустрэчы з Бабарыкам «паступаюць у вуснай форме» і абгрунтоўваюцца супрацьэпідэмічнымі мерапрыемствамі, хоць абарона «гатовая забясьпечыць усе неабходныя сродкі засьцярогі».

«На дадзены момант у мяне няма пацьверджаньня, што сустрэча з маім падабаронным можа адбыцца», — сказаў Лаеўскі і дадаў, што яго няма наогул ніякай інфармацыі пра стан Бабарыкі.

«У інтэрнэце зьяўляюцца насьцярожваючыя ўкіды..., гуляе ўсякая інфармацыя (у сацсетках пісалі, у прыватнасьці, пра зьбіцьцё Бабарыкі — РС)... Я б асабіста хацеў пераканацца, што гэтыя ўкіды не зьяўляюцца праўдай. Я ў гэтым практычна ўпэўнены, але, як адвакат, пераканацца павінен», — падкрэсьліў Лаеўскі.

Ён дадаў, што адвакаты дасюль не атрымалі адказу ні на адну з шэрагу раней накіраваных у зацікаўленыя ведамствы скаргаў.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG