Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Радыё Свабода патрабуе вызваленьня блогера Ігара Лосіка


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай наконт затрыманьня 25 чэрвеня ў Менску блогера Ігара Лосіка, адміністратара Telegram-каналу «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода.

Як у Беларусі праходзіць выбарчая кампанія. Апошняе​

«Мы асуджаем затрыманьне незалежнага блогера, кансультанта Радыё Свабода і былога стыпэндыята Вацлава Гаўла Ігара Лосіка, а таксама сёньняшні налёт на яго кватэру, учынены ня менш чым дзевяцьцю дзяржаўнымі агентамі. Вядзеньне блога не зьяўляецца злачынствам.

Мы патрабуем, каб ён быў неадкладна вызвалены, каб яму былі неадкладна вернутыя любыя канфіскаваныя матэрыялы і абсталяваньне, а беларускія чыноўнікі каб спынілі перасьлед людзей, якія выконваюць важную працу па інфармаваньні грамадзкасьці пра падзеі, зьвязаныя з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне», — заявіла Дэйзі Сындэлар.

Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры.

На канал «РБ головного мозга» падпісана 167 тысяч чалавек. Ён актыўна асьвятляе падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня. На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па краіне за чатыры дні было затрымана больш за 360 чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG