Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: справа супраць блогера Лосіка палітычна матываваная


Блогер Ігар Лосік
Блогер Ігар Лосік

Паводле юрыста «​Вясны»​ Валянціна Стэфановіча, беларускія праваабаронцы неўзабаве могуць прызнаць затрыманага блогера Ігара Лосіка палітзьняволеным.

Праваабаронцы разглядаюць справы ўсіх затрыманых блогераў як «палітычна матываваныя», гэта тычыцца і Ігара Лосіка, якога вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу 342 (арганізацыя масавых беспарадкаў), зазначыў Свабодзе Стэфановіч.

«Мы разглядаем усіх блогераў, затрыманых паводле 342 артыкулу, у кантэксце палітычных зьняволеных. У дачыненьні да Цыгановіча і Лосіка мы пакуль ня ведаем, у чым канкрэтна іх абвінавачваюць», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

На сёньня праваабаронцы прызналі палітзьняволеннымі 15 чалавек, і гэты сьпіс можа пашырыцца.

На затрыманага адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкулу за арганізацыю масавых беспарадкаў, паведаміла Свабодзе жонка затрыманага Дарʼя Лосік.​ Крымінальны артыкул 342 прадугледжвае да 3 гадоў турмы.

Ігар Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісаны 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня.

На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі за чатыры дні затрымалі звыш 360 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG