Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стомлены, стары», — праціўнікі акумулятарнага заводу пра сустрэчу з Лукашэнкам


Аляксандар Лукашэнка ў Берасьці, 22 чэрвеня

22 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ўпершыню сустрэўся з актывістамі, якія больш за два з паловай гады пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця. Лукашэнка паабяцаў пасьля выбараў правесьці мясцовы рэфэрэндум у гэтым пытаньні.

Што пра гэта думаюць самі актывісты — Раман Кісьляк, Дзьмітры Андрасюк, Алена Галуза і Міхаіл Галуза?

Глядзіце цалкам дыскусію на відэа:

Прапануем фрагмэнты дыскусіі.

Міхаіл Галуза: Думалася пра Лукашэнку інакш — што ён злы, суровы дзядзька. А ён падышоў дастаткова мяккі. Стары, стомлены мужычок, які не выклікае ніякага страху. Гэта былі першыя ўражаньні.

Ніхто яму не паверыў. Калі цябе першы раз падманваюць, ты можаш другі раз заблукаць, але калі на працягу пэўнага часу гэта ўсё... Мала веры. Але надзея памірае апошняй. У яго было шмат незразумелых словаў, вясковых, у якіх ні было ні грама дыпляматыі. Першае ўражаньне было, што падышоў стары дзядок, што яму ўжо трэба дапамагаць, што ён ня можа ані «ўкусіць», ані пакараць.

Ці не было ўражаньня, што нас выкарыстоўваюць? Адназначна, так. Нас прапусьцілі, не правяраючы пашпартоў. Магчыма, яны ведаюць нашыя твары, па вачах нас вылічылі. Гэта як у пастку заганяюць — заходзьце. Ужо на ўваходзе было першае ўражаньне, што цябе выкарыстоўваюць.

Ёсьць чалавечы, а ёсьць лягічны фактар. Па-чалавечы было цікава. Два з паловай гады дамагаемся сустрэчы з кіраўніком. Столькі разоў кажам — пачуйце нас. І толькі цяпер зрабіў ласку Лукашэнка санцалікі. Хацелася ўсё ж давесьці яму ўсё і паглядзець ягоную рэакцыю. З гледзішча лёгікі хацелася сваю гульню згуляць, давесьці свае пажаданьні, складанасьці. На мне «базавыя» вісяць, міліцыя ціснула ня раз, ператрусы былі, зь дзецьмі АМАП мяне забраў... Хацелася давесьці патрабаваньне, каб ён адрэагаваў — і, можа, пайшла б рэакцыя. Але мы разумеем, што гэта папулізм.

Алена Галуза: Усё будзе працягвацца, і кармленьне галубоў будзе кожную нядзелю ў вядомы час да закрыцьця заводу. Гэтыя абяцаньні — усё віламі па вадзе пісана. І рэфэрэндуму чакаць яшчэ да верасьня. Паглядзім.

Мы раней хацелі правесьці рэфэрэндум, каб болей людзей прыцягнуць і паглядзець, хто — за, а хто — супраць. Ёсьць людзі, якія падтрымліваюць гэты завод, але праціўнікаў нашмат болей усё ж.

Выразалі з эфіру, калі Міхаіл яму задаваў пытаньне, казаў, што мы хацелі рэфэрэндум, але нам адмовілі. Як будзе цяпер? Бо па законе яго нельга правесьці. Толькі рэспубліканскі можна. Лукашэнка сказаў, што ўсё роўна будзе, менавіта ў Берасьці, і прапанаваў мне ўвайсьці ў камісію, напэўна, падліку галасоў. Паглядзім.

Паабяцаў. Ён сказаў: «Муж, Міхаіл, ты ня можаш, а вось жонка будзе. Ты жонцы давяраеш? — Давяраю. — Так, жонка будзе». Калі на такіх умовах, то, можа, мы сваіх актывістаў падключым, каб лічылі галасы, каб гэта было сапраўды празрыста і законна. Ён дазволіў рабіць відэаздымкі, калі будзе падлік галасоў. На гэта мы зьвярталі ўвагу. Паглядзім.

Дзьмтры Андрасюк: Пасьля таго, як паступіла такая прапанова сустрэчы, я нават не разглядаў варыянт, каб ёю скарыстацца. Я лічу, што прэзыдэнт — гэта проста службовец, наняты працаўнік, ён або кепскі мэнэджар, або добры. Ён паказаў сваю недзеяздольнасьць. Ягоныя словы — гэта дэмагогія і папулізм. І таму мне не было пра што зь ім гаварыць. Зрэшты, як я потым пераканаўся, гэта быў, у сутнасьці, маналёг, а не размова.

Я разглядаю гэтую падзею выключна як спозьненае прызнаньне „акумулятарнікаў“. Але яно ўжо бессэнсоўнае. Я сказаў калегам, што я не ўхваляю, але і не асуджаю іх за паход на гэтую сустрэчу. Мы працягваем нашую кампанію і яна пасьпяховая.

Абяцаны Лукашэнкам рэфэрэндум — гэта для мяне пройдзены этап. Мы летась яго спрабавалі ініцыяваць і нам было адмоўлена, у тым ліку і праз суд. Гэта лішні доказ таго, што так званыя слугі народу страцілі сувязь зь ім і жывуць мінулым. Яны не адчуваюць ані настрояў, ані патрабаваньняў людзей. Сваімі дзеяньнямі, рэпрэсіямі ўлада спрыяе пераменам. Бо чым больш людзей пройдзе праз гэтыя рэпрэсіі, тым хутчэй яны зразумеюць, у якой краіне яны жывуць.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG