Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Казлоў: Лукашэнка рыхтуецца не да выбараў, а да вайны з народам


Затрыманьне Мікалая Казлова падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску, 25 сакавіка 2019

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў расказвае, чаму трэба прымусіць зьняцца кандыдатаў-спойлераў, заяўляе, што нягоднікаў у міліцыі абсалютная меншасьць, і раіць, як сябе паводзіць, калі вас затрымліваюць.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Сьцісла:

  • Толькі дзеля ланцугоў салідарнасьці варта было ісьці ў гэтую кампанію.
  • Наша агульная задача — не дапусьціць, каб кандыдаты-спойлеры ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі
  • Улада сваімі дзеяньнямі сама выціскае людзей на вуліцу.
  • Такое ўражаньне, што банда проста ўзбройваецца.
  • Я магу толькі параіць зьберагчы сябе да 9 жніўня.

— У якім стане ваш удзел у прэзыдэнцкай кампаніі? Ствараючы ініцыятыўную групу, вы адразу паведамілі, што ня будзеце здаваць подпісы ў ЦВК. Але чэргі на Камароўцы да вашых сталоў заўсёды былі даволі вялікія. Людзі стаялі, каб падпісацца, нават ведаючы, што вы не зьбіраецеся станавіцца кандыдатам.

— АГП як палітычная партыя і я як яе старшыня працягваем удзел у выбарчай кампаніі, але ўжо ня ў якасьці кандыдата ў кандыдаты. Нашай мэтай было выкарыстаньне магчымасьцяў, якія дае гэты пэрыяд. Мяркую, што мы выкарысталі гэтыя магчымасьці на сто працэнтаў.

Мы ўдзячныя ўсім людзям, якія прыходзілі на нашы пікеты і падтрымалі нас подпісамі. Гэтыя людзі сьвядома стаялі ў чэргах да нас, найперш дзеля таго, каб выказаць сваю падтрымку. Гэта быў грамадзянскі і палітычны акт. І нас аб’ядноўвала жаданьне паказаць, што нас шмат і што Лукашэнка павінен сысьці, што яны ня хочуць мірыцца з тым станам рэчаў, які ёсьць цяпер.

Заканчэньне збору подпісаў і наша ініцыятыва, якую падтрымалі іншыя калегі па правацэнтрысцкай кааліцыі, — гэта ланцугі салідарнасьці, якія прайшлі 19–20 чэрвеня. Толькі дзеля гэтага варта было ісьці ў гэтую кампанію. Гэта годны клічнік этапу збору подпісаў.

— Якое ў вас цяпер стратэгічнае бачаньне гэтай кампаніі з улікам падзей апошніх тыдняў? Ціханоўскі і Бабарыка за кратамі, улада актыўна падключыла сілавы рэсурс па ўсіх кірунках.

— Лукашэнка паказаў, што ён рыхтуецца не да выбараў. Ён рыхтуецца да вайны з уласным народам. Ён усьведамляе, што не карыстаецца падтрымкай, і перад ім стаіць задача любым коштам застацца ва ўладзе. І ён яе вырашае тым, што прыбірае палітычных апанэнтаў — Бабарыку і Ціханоўскага.

Што мы можам рабіць? Трэба пачаць з кандыдатаў-спойлераў. І гэта задача журналістаў, палітыкаў, усіх людзей, якія разумеюць ролю спойлераў у гэтай выбарчай кампаніі. На месца затрыманых кандыдатаў прыйдуць тыя, якія на самой справе не сабралі сто тысяч подпісаў і не карыстаюцца падтрымкай у народзе. І якія тым самым ужо ўступілі ў змову з уладай.

На маё перакананьне, зараз наша агульная задача — не дапусьціць, каб кандыдаты-спойлеры ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі.

Я ўчора размаўляў з адным з каардынатараў кампаніі Ганны Канапацкай па Горадні і Горадзенскім раёне, які адказваў за збор подпісаў. Ягоная лічба — па горадзе здалі 361 подпіс. Гэта цалкам дакладныя дадзеныя, і чалавек іх не хавае. І калі патэнцыйныя кандыдаты не сабралі сто тысяч подпісаў, то яны павінны зьняцца. Мы ня можам іх прымусіць, але мы можам паўплываць на іх рашэньне.

Бо, па-першае, гэта ганьба. А па-другое, рашэньне ўступіць у змову з уладай разьвязвае рукі Лукашэнку для рэпрэсіяў у дачыненьні да тых кандыдатаў, да якіх яны ўжо праводзяцца. І гэтыя людзі, якія не сабралі подпісы і ўступілі ў змову з уладай — будуць забясьпечваць легітымнасьць гэтых выбараў. Рэальных кандыдатаў, якіх падтрымалі людзі — садзяць у турму, на іх месца паставяць спойлераў.

— Падчас ланцугоў салідарнасьці людзі проста стаялі ўздоўж вуліц, нават без усялякіх лёзунгаў, але іх усё роўна хапалі і валаклі ў аўтазакі. Потым суды выпісвалі штрафы і суткі. Як у сёньняшняй Беларусі грамадзянін можа абараніцца ад свавольства сілавых структураў?

— Мой кароткі адказ — ніяк. У «бязьмежжа» няма правілаў, законаў, суду. Ёсьць праваахоўныя структуры, у якіх нібыта галоўная задача — абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян. Але яны, наадварот, парушаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян. Альбо суды, якія судзяць паводле сфальсыфікаваных пратаколаў.

Як з гэтым змагацца? Змагацца з гэтым можна, толькі зьмяніўшы рэжым. Наша кампанія праходзіць пад вельмі простым пасылам — «Лукашэнка павінен сысьці». Калі мы не гатовыя з гэтым усім мірыцца, калі нам астачарцела ўсё гэтае «бязьмежжа» — значыць, трэба зьмяняць сыстэму.

І адзіны законны спосаб зьмяніць гэта — на выбарах. Нас будуць падманваць, але мы павінны быць гатовыя адстаяць свой выбар. Калі працягнецца тэрор у адносінах да кандыдатаў, калі людзей пазбавяць выбару — то гаварыць, што нехта заклікае людзей на вуліцы, не выпадае. Улада сваімі дзеяньнямі сама выціскае людзей на вуліцу. Усе гэтыя ланцугі салідарнасьці ўзьнікаюць фактычна стыхійна, няма тут нейкіх адназначных арганізатараў. Людзі хочуць выйсьці і выказаць свае адносіны да ўсяго, што вырабляе Лукашэнка.

— Тое, што трэба зьмяніць уладу, — здаецца, разумее ўжо большасьць. Але сама ўлада, сам Лукашэнка сыходзіць зусім не жадае. Якім шляхам, якім спосабам можна ажыцьцявіць законную зьмену ўлады?

— Вось цяпер ідзе працэс стварэньня ўчастковых камісіяў, дзе масава людзям адмаўляюць, каб яны сталі чальцамі камісіяў і мелі магчымасьць пракантраляваць сумленнасьць выбараў. Мы ўжо можам гаварыць, што рыхтуюцца масавыя фальсыфікацыі. Раней у Лукашэнкі гэта праходзіла, паглядзім, можа сёлета ў людзей у гэтых камісіях прачнецца гонар, сумленьне ці хаця б інстынкт самазахаваньня, клопат пра тое, як дзеці будуць расьці ў гэтай краіне.

Я думаю, што максымальная колькасьць грамадзян павінны стаць назіральнікамі. Можна зьвярнуцца ў кампанію «Права выбару», ці ў нашу партыю, стаць назіральнікам, аказваць уплыў на камісіі, якія ўжо гатовыя да фальсыфікацыяў.

І ў мяне адчуваньне, што бяз вуліцы нам не абысьціся. Улада ўсё робіць, каб людзі выйшлі на вуліцы. Улада нібыта не сумняецца, што вуліца будзе. Я паглядзеў паездку Лукашэнкі ў Берасьце, сустрэчу з брыгадай спэцыяльнага прызначэньня, і магу толькі сказаць, што ён усур’ёз рыхтуецца да вайны з уласным народам. Дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Андрэй Раўкоў расказвае, што яны гатовыя прыцягнуць войска для «навядзеньня парадку ўнутры краіны».

А гэтае рашэньне аб праве карыстацца зброяй нейкай незразумелай прыватнай фірме? Такое ўражаньне, што банда проста ўзбройваецца.

— Вы чалавек, які служыў і ў войску, і потым у органах унутраных справаў. Па-вашаму, наколькі рэалістычна, што супрацоўнікі беларускіх сілавых структураў могуць ня выканаць злачынны загад? Вобразна кажучы, перайсьці на бок народу і законнасьці?

— Тыя людзі, якія займаюцца затрыманьнямі, фальсыфікуюць пратаколы, зьбіваюць затрыманых, выступаюць у судзе — на фоне агульнай масы супрацоўнікаў МУС іх яўная меншасьць. Іх ня так шмат, як можа падацца. Гэта кажа і пра іхні нізкі прафэсійны ўзровень, і пра тое, што гэтым могуць займацца толькі нягоднікі.

Я хачу сказаць, што такіх меншасьць, мы іх ведаем амаль усіх у твар. І я ўпэўнены, што яны ў свой час атрымаюць тое, што заслужылі.

— А што рабіць чалавеку, якога хапаюць на вуліцы такія людзі ў цывільным, нярэдка не прадстаўляючыся? Што вы параіце? Не супраціўляцца, улічваючы сытуацыю з законнасьцю ў Беларусі?

— Міліцыя павінна прадстаўляцца і патлумачыць прычыну затрыманьня. Але ў нашай краіне даўно наплявалі на закон, і знайсьці справядлівасьць ні ў судзе, ні ў пракуратуры немагчыма. Чалавек тэарэтычна мае права аказваць супраціў, бо ён ня ведае, хто і чаму цягне яго ў аўтамабіль. Ня мае права міліцыянт заломваць руку толькі таму, што гэтак яму захацелася — гэта парушэньне закону.

Як сабе паводзіць? Улічваючы, што мы ня знойдзем справядлівасьці, пакуль існуе гэтая сыстэма — таму, канечне, лепей не правакаваць і не даваць падставаў для рэпрэсіяў і перасьледу. Я магу толькі параіць зьберагчы сябе да 9 жніўня. Бо відавочна, што іхняя мэта — ізаляваць, запалохаць самых актыўных і лепшых людзей.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG