Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На якой падставе паказалі зброю?» Што вядома пра канфлікт у Маладэчне, дзе ў міліцыянта бачылі баявы пісталет


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Супраць 31-гадовага Паўла Пяскова, якога затрымалі 21 чэрвеня ў Маладэчне, завялі крымінальную справу па артыкуле 363 (супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў) Крымінальнага кодэксу. Пра гэта сёньня паведамілі ў Маладэчанскім райаддзеле Сьледчага камітэту грамадзянскай жонцы Паўла Вераніцы.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Гэтую ж інфармацыю карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце, сказалі, што «ўстанаўліваюцца ўсе абставіны».

Цяпер Паўла трымаюць у Маладэчанскім ІЧУ.

«Паўла затрымалі днём у суботу. Ён ішоў сустрэць мяне з працы, але мы так і не сустрэліся. Я пачала яму тэлефанаваць, спачатку тэлефон быў выключаны, а потым пайшлі гудкі. Ён сказаў, што затрыманы і што прыедуць па яго рэчы, папрасіў, каб я сабрала яму цёплыя рэчы. Яны прыехалі, забралі рэчы».

Вераніка бачыла, як Паўла затрымлівалі.

«Супрацоўнікі АМАП накінуліся на людзей, якія толькі выказвалі сваю салідарнасьць, пачалі хапаць, валіць іх на зямлю. Ён падбег, каб абараніць людзей, ён нікога не чапаў і не зьбіваў».

Павал даглядае бабулю, інваліда першай групы. Вераніцы сказалі, што, магчыма, заўтра яго перавязуць з маладэчанскага ІЧУ ў іншае месца.

Што яшчэ здарылася падчас «ланцуга салідарнасьці»?

У Маладэчне каля парку Перамогі падчас «ланцуга салідарнасьці» 19 чэрвеня здарыўся канфлікт паміж гараджанамі і супрацоўнікамі АМАП. На фатаздымках бачна, што адзін з супрацоўнікаў міліцыі трымаў пісталет.

Усё пачалося з таго, што супрацоўнікі міліцыі накінуліся на 24-гадовага маладэчанца Мікалая Алейніка, схапілі яго і пачалі цягнуць у службовы мікрааўтобус. Як паведамляе «Рэгіянальная газэта», малады чалавек з жоўтым заплечнікам, якога затрымалі, здымаў на фота і відэа аўто, у якім сядзеў АМАП, і «Джылі», у якім, меркавана, таксама знаходзіліся супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Людзі, якія стаялі ў ланцугу, кінуліся яго ратаваць, гучалі воклічы «Выпускай», «Ганьба». З аўтобуса выбеглі амапаўцы, падбеглі іншыя супрацоўнікі міліцыі.

Яшчэ аднаму хлопцу ўдалося сысьці, яго ўратавалі людзі.

Адзін з супрацоўнікаў міліцыі трымаў пісталет

Відавочцы затрыманьня сьцьвярджаюць, што ў аднаго з супрацоўнікаў заўважылі прадмет, падобны да пісталета. Пасьля гэтага людзі адышлі на мэтар ад аўтобуса.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе МУС, зброя падчас затрыманьня не ўжывалася, супрацоўнік міліцыі «проста вярнуў зброю ў кабуру, якая адшпілілася».

«Там кабура спэцыяльная, на кнопку націскаеш, і выскоквае пісталет. Калі супрацоўніка павалілі, на відэа бачна, што ён упаў, вось гэты грамадзянін выпадкова націснуў на кнопку, і пісталет выскачыў з кабуры. Каб пісталет засунуць назад у кабуру, яго трэба выняць і да шчаўчка паставіць назад. Яго сфатаграфавалі якраз тады, калі ён накіроўваў назад у кабуру зброю, якая выпала. Пісталет адмыслова не даставаўся, а выскачыў падчас барацьбы».

Брат затрыманага Мікалая Алейніка Юры сказаў карэспандэнту Свабоды, што напісаў заявы ў РАУС і Сьледчы камітэт.

«Я бачыў гэта на фота і відэа і ў суботу напісаў заяву, што невядомыя людзі ў цэнтры гораду выкралі чалавека, прычым з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі. Заяву напісаў таксама ў Сьледчы камітэт, і там даў тлумачэньні. На якой падставе яны дзейнічалі, адны ў форме АМАПу, іншыя ў цывільным, і на якой падставе паказалі агнястрэльную зброю? Я буду задаваць гэтае пытаньне і далей — на якой падставе? Калі яны лічаць гэта масавым мерапрыемствам, зграмаджэньнем людзей, на якой падставе супрацоўнік быў наогул з агнястрэльнай зброяй?»

Юры Алейнік сказаў карэспандэнту Свабоды, што яго брат Мікалай цяпер у ізалятары Маладзечанскага РАУС.

«Я прыехаў у суботу ў Маладэчна, удалося перадаць брату перадачу. Але не далі ніякай інфармацыі, на якой падставе ён затрыманы. Сёньня мы зь дзявятай раніцы каля Маладэчанскага суду, езьдзілі таксама ў РАУС. Калі пачнецца суд, не паведамілі, сказалі толькі, што ён будзе ў вайбэры. Я напісаў заяву, каб паведамілі, калі будзе суд, і што я як брат хачу прадстаўляць яго інтарэсы».

У другой палове дня сёньня ў судзе вывесілі інфармацыю, што Мікалая будуць судзіць па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу — ч. 1 арт. 23.34 і 23.4 (парушэньне парадку правядзеньня масавых акцый і непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі).


«Ён зьнік, і ўсё»

Яшчэ аднаго маладэчанца, 33-гадовага Андрэя Багамолава, затрымалі позна ўвечары зь пятніцы на суботу, калі ён пайшоў у краму па цыгарэты.

Сваякі пра гэта даведаліся пасьля таго, як яго маці зьвярнулася ў пастарунак. У чым вінавацяць Андрэя, пакуль невядома. Кажуць, што сёньня яго будуць судзіць. Цяпер ён у ІЧУ.

«Я нічога ня ведаю, ён зьнік, і ўсё, пазьней толькі даведаліся, што ён у ІЧУ. Ніякай інфармацыі не даюць. Гэта проста беззаконьне. У яго малое дзіця, зь якім я цяпер сяджу дома», — сказаў бацька Андрэя Аляксандар.

Сёньня ў другой палове дня ў судзе вывесілі інфармацыю, што Андрэя будуць судзіць за парушэньне парадку правядзеньня масавых акцый.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG