Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладэчне пачалі крымінальную справу за сутычку зь міліцыяй на «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня


Сутычка зь міліцыяй у Маладэчна 19 чэрвеня. Кадры відавочцы

Сьледчы камітэт пацьвердзіў парталу Tut.by, што адносна ўдзельнікаў сутычкі зь міліцыяй у Маладэчне 19 чэрвеня распачалі справу паводле артыкулу 363 КК РБ.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Іншых камэнтароў наконт здарэньня СК ня даў. Паводле артыкулу 363, за «супраціў супрацоўніку ўнутраных справаў» пагражаюць папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт, абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

19 чэрвеня ў Маладэчне, як і ў многіх іншых гарадах Беларусі, людзі выйшлі на стыхійны «ланцуг салідарнасьці». Міліцыянты і «людзі ў цывільным» спрабавалі затрымаць удзельнікаў акцыі, але пачалася штурханіна — праваахоўнікі ў выніку зьехалі.

Падчас сутычкі адзін зь міліцыянтаў у форме дастаў пісталет, але ня стаў страляць, амаль адразу схаваў зброю. Пазьней МУС пацьвердзіла «Нашай ніве», што пісталет быў баявы, але афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава заявіла, што зброю не зьбіраліся выкарыстоўваць: нібыта ў валтузьні проста расшпілілася кабура, «пісталет высьлізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG