Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паверыў прэзыдэнту — пасадзілі ў турму


Аляксандар Вянгура

Вядомасьць фэрмэра Аляксандра Вянгуры пачалася з інтэрвію каналу Сяргея Ціханоўскага. Як і ўсе, хто сказаў яму хоць якое важкае слова, фэрмэр атрымаў ад уладаў жорсткі «ганарар».

Учора, як паведамляла Свабода, Вянгура выйшаў пасьля 15 сутак арышту на Акрэсьціна, якія назваў «пеклам».

Але гэта гісторыя яшчэ глыбейшая ў сваёй сутнасьці.

Вянгура — адзін з тых, хто рэальна паверыў прэзыдэнту і яго праграме «Год малой Радзімы». Гэтая праграма цягнецца ажно два гады, і год сёлетні павінен быў стаць яе пікам. Прыгожа і годна гэта выглядала: вяртайцеся на вёску, да каранёў, падымайце, аднаўляйце, а дзяржава падтрымае ўсім: ільготнымі пазыкамі, зямлёй у арэнду, палёгкамі ў падатках, поўным спрыяньнем.

Аляксандр угаварыў сваю гарадзкую жонку, вярнуліся ў дом па бабулі, што цяпер у аргагарадку Прудок Мазырскага раёну. Узяўся будаваць гаспадарчыя будовы, завёў кароў, сьвіней, курэй, пакасіў зарослыя прылеглыя палі... Але дзяржаўнай падтрымкі не знайшоў нідзе — пачынаючы ад сельсавету і сканчаючы раёнам і вобласьцю. Пра ўказ прэзыдэнта, які ён цытаваў, ніхто і чуць ня чуў. Запісваўся на прыёмы ў Мазыры, званіў на гарачую лінію ў Гомель...

Аднаго разу ён нарваўся на канфлікт з намесьнікам старшыні Мазырскага райвыканкаму па сельскай гаспадарцы Васілём Клімовічам: прыехаў да яго у прыёмны дзень і, не знайшоўшы у кабінэце, затрымаў у двары, калі той садзіўся ў машыну. Паводле Вянгуры, чыноўнік раззлаваўся і паставіўся да яго «як пан да халопа». Такога прыніжэньня не пажадаю нікому, кажа фэрмэр.

Урэшце яго дарога ў пошуках праўды перакрыжавалася з маршрутам аўтадому Ціханоўскага. У самым вялікім інтэрвію Вянгуры Ціханоўскаму (якое я скарочана пераказала), уражваюць яшчэ дзьве рэчы. Апісаньне працэдуры, якую трэба прайсьці, каб легальна трымаць на вёсцы карову (як здабыць і аплаціць ёй дзяржаўную бірку ў вуха). І тое, як двайным плотам — драўляным і калючым — загарадзілі ад вяскоўцаў прыгожае мясцовае возера. Проста ўзялі і забралі частку іх малой радзімы!

Праца на палях і фэрмах, пасяўная, уборка, намалот, выгляд і самаадчуваньне кароў пры тым даўно і стабільна стаяць у цэнтры ўвагі самай-самай беларускайвярхушкі. Палі і фэрмы — гэта амаль такое ж сьвятое, як вайна і перамога. Таму, калі бяскрыўднага працавітага фэрмэра ў самую гарачую летнюю пару на паўмесяца цягнуць у каталажку — гэта вайна зь кім? А перабітая рука яго маці? І прытым ніводзін зь іх, заўважце, не хадзіў на праспэкты пляскаць у ладкі. Выцягнулі «ад сахі і касы», ад трактара і кароў.

Мне ўдалося коратка пагаварыць з Аляксандрам Вянгурам пасьля яго вызваленьня. Ён ня хоча больш інфармацыйнай славы, ён злуецца, што страціў сенакосную пару (на восем кароў трэба прызапасіць 30 тон сена!) Ён засмучаны, што за 15 дзён яму ніхто не напісаў у ізалятар, ніхто, акрамя родных, не прынёс перадачу, затое шмат пісалі ў сацсетках. Ён кажа, што на вёсцы пачуў шмат цікавага пра сябе, у тым ліку і тое, што знайшлі ў яго дома. Нарэшце, прызнае, што Ціханоўскі яму рэальна памог: пасьля таго роліка яму-такі выдзелілі сенакос!

На апошняе пытаньне, кажу яму, калі хочаце, можаце і не адказваць. Але ці шкадуеце вы, што тое інтэрвію Ціханоўскаму давалі?

Вось даслоўны адказ:

«Ай, нічога я не шкадую. Я ня рак, які назад ходзіць».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG