Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі рукамі і нагамі». Пасьля затрыманьня 19 чэрвеня айцішнік апынуўся ў лякарні


Дзьмітрый Гошка пасьля зьбіцьця

Увечары 19 чэрвеня айцішнік Дзьмітры Гошка зь дзяўчынай выйшлі пакатацца на ровары і роліках. Яны ехалі, як і звычайна, ад дому да плошчы Перамогі. Але гэтым разам апынуліся ў самым эпіцэнтры падзеяў акцыі салідарнасьці — Дзьмітрыя, зь яго словаў, затрымалі і зьбілі супрацоўнікі міліцыі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Хлопец расказаў Свабодзе, як гэта было.

«Нос не зламалі, але кроў цякла з абедзьвюх ноздраў»

«Мы з маёй дзяўчынкай каталіся — яна на ровары, а я на ролікавых каньках. Калі даехалі да плошчы Перамогі, там ужо ўсё было перакрыта. Я паглядзеў назад і ўбачыў, што за нашымі сьпінамі спыніўся аўтазак. Адтуль адразу выскачылі хлопцы з АМАПу і пачалі хапаць людзей. Мая дзяўчына пасьпела ўцячы, а я трымаў яе ровар, таму не адразу зразумеў, што рабіць. Пагатоў я быў на роліках, на іх было цяжка кудысьці зьбегчы.

У наступны момант, кажа айцішнік, ён ужо апынуўся на зямлі.

«Пачалі жорстка затрымліваць. Рукі не заломвалі. Яшчэ адзін бегаў каля мяне. Чацьвёра трымалі ногі, двое трымалі рукі. Яшчэ адзін бегаў каля мяне, спрабаваў біць у бок. Пасьля гэтага завалаклі ў аўтазак. Хутчэй за ўсё, у гэты час мне пабілі нагу і бок. У аўтазаку білі рукамі і нагамі, ударылі па твары. Нос не зламалі, але кроў цякла з абедзьвюх ноздраў. Вусны таксама былі разьбітыя».

Дзьмітры Гошка
Дзьмітры Гошка

Затрымалі Дзьмітрыя ў 21:00, бо бачыў у тэлефоне прапушчаныя выклікі ад дзяўчыны, якая стала шукаць яго адразу пасьля зьнікненьня. Паводле хлопца, ніхто з супрацоўнікаў яму не назваўся і нічога не казаў, «акрамя мацюкоў і прыніжэньняў».

Сярод тых, хто затрымліваў Дзьмітрыя, былі як амапаўцы ў форме, так і супрацоўнікі ў цывільным. Твараў гэтых людзей Дзьмітры добра не разглядзеў, бо яны былі схаваныя пад маскамі. Аднак хлопец не выключае, што пазнаў бы іх, калі б убачыў фота.

«Калі дзяўчынка папрасіла ваду, ёй гэтую ваду вылілі на галаву»

У аўтазаку, паводле Гошкі, было шмат іншых людзей. З плошчы Перамогі затрыманых павезьлі за філярмонію ля мэтро «Якуба Коласа», дзе перавялі ў іншы аўтазак з так званымі «стаканамі». У такой камэры Дзьмітры сядзеў яшчэ з двума студэнтамі мэдычнага ўнівэрсытэту. Увесь гэты час Дзьмітры заставаўся на ролікавых каньках.

«Яны разумелі, што ў мяне пабітая нага. Хуткую дапамогу не выклікалі. Былі людзі, у якіх пачыналася панічная атака. У кагосьці астма. Нікому не дапамаглі. Калі дзяўчынка папрасіла ваду, ёй гэтую ваду вылілі на галаву. Шмат было пагрозаў нават у бок жанчын, якія казалі: „Мы да вас ставімся станоўча, калі ласка, стаўцеся і да нас з павагай“. А яны адказвалі толькі мацюкамі і пагражалі».

Дзьмітры Гошка пасьля зьбіцьця
Дзьмітры Гошка пасьля зьбіцьця

Аўтазак з затрыманымі езьдзіў па горадзе яшчэ дзьве гадзіны: «І кідалі яшчэ людзей. Не садзілі, а менавіта кідалі. Некаторых прымушалі сядзець на падлозе. А там мая кроў засталася. Дарэчы, нават не дазволілі людзям, якія сядзелі побач са мной, даць мне сурвэтку. Потым мужчына, які сядзеў насупраць, даў маску, каб я хоць як-небудзь спыніў кроў з носу».

«Падняцца па лесьвіцы і спусьціцца даволі складана»

Пасьля гэтага людзей адвезьлі ў Ленінскае РУУС. Агулам, кажа Дзьмітры, там было каля 30 чалавек, у тым ліку і журналісты.

«Там правялі ператрус. Пасьля нас правялі ў залю, хтосьці з супрацоўнікаў з намі размаўляў. Там я папрасіў выклікаць хуткую. І мяне з траўмамі адвезьлі ў лякарню хуткай дапамогі».

Там Дзьмітрыю зрабілі рэнтген, КТ, УГД, бралі кроў. У даведцы, якую хлопцу выдалі ў лякарні, напісана, што ў яго ўдар грудной клеткі зьлева, удар мяккіх тканін у скроневым абшары, падскурныя гематомы верхняй губы і крыла носа, удар пераносься, насавы крывацёк, удар грудной клеткі і жывата, удар у абшары плячэй.

Мэдычная даведка
Мэдычная даведка

Дадому хлопец вярнуўся ў 2 гадзіны ночы. Зараз Дзьмітры пачуваецца лепш, але кульгае і трымаецца за бок: «Падняцца па лесьвіцы і спусьціцца даволі складана», — кажа ён. Айцішнік упэўнены, што ён і людзі, якія апынуліся ў аўтазаку разам зь ім, ніяк не парушалі закон. А тое, як да іх паставіліся праваахоўнікі, недапушчальна.

«Гэты зьдзек зь людзей трэба спыніць. Зараз я разумею, што паміж намі [і супрацоўнікамі міліцыі] велічэзная прорва».

Раней Дзьмітры ніколі ня ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, міліцыя яго не затрымлівала. І гэтым разам, кажа айцішнік, яны зь дзяўчынай проста каталіся па праспэкце, а гэта не забаронена. Далей Дзьмітры Гошка паспрабуе падаць заяву ў міліцыю на дзеяньні супрацоўнікаў, якія яго затрымлівалі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG