Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 12 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Паводле міністэрства, на 12 траўня:
- агулам 24873 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 142 памерлыя, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 6974 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 967 выпадкаў і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 443 чалавекі;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 284 445 тэстаў (плюс 10 385 за дзень), цяпер тэсты праводзяць у 38 лябараторыях, таксама ва ўсіх рэгіёнах наладзілі правядзеньне экспрэс-тэстаў на антыцелы да SARS-CoV-2 для выяўленьня тых, хто ўжо перахварэў;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Днём раней Міністэрства здароўя паведаміла пра 23 906 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 933 за дзень) і 135 пацьверджаных сьмерцяў інфікаваных (плюс 4 за дзень). Да 12 траўня шэсьць дзён запар міністэрства прызнавала па больш як 900 новых выпадкаў на дзень. Ад 25 красавіка колькасьць новых выпадкаў на дзень не была меншай за 800, штодзень прызнавалі 4 ці 5 новых сьмерцяў (толькі аднойчы, 3 траўня, прызналі толькі 2 сьмерці).
У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў (і выявілі 861 новы выпадак), хоць да і пасьля таго рабілі па 7–9 тысяч на дзень.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.