Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не бравада». Лукашэнка выказаўся пра адсутнасьць карантыну і парад падчас пандэміі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул зь зямлёй зь месцаў вайсковай славы у храме Ўсіх сьвятых у Менску, 8 траўня

Аляксандар Лукашэнка 8 траўня наведаў цырымонію закладаньня капсулаў зь зямлёй зь месцаў вайсковай славы ў храме Ўсіх Сьвятых у Менску. Пасьля цырымоніі ён выказаўся пра барацьбу з эпідэміяй COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Як перадае БелТА, Лукашэнка казаў, што «гэта не бравада» — такім словам (якое азначае легкадумныя і бессэнсоўна-дзёрзкія паводзіны) дзеяньні Лукашэнкі ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу раней характарызаваў прэзыдэнт суседняй Літвы Гітанас Наўседа.

Лукашэнка падкрэсьліў 8 траўня, што абраныя Беларусьсю мэтады барацьбы з COVID-19 «абумоўленыя дастаткова разьвітай айчыннай мэдыцынай», і ў Беларусі супраць вірусу «не пайшлі фронтам, а змагаюцца кропкава і ў яго асяродках».

Што яшчэ сказаў Лукашэнка, паводле БелТА і «СБ. Беларусь сегодня», каротка:

  • «Мы заўсёды глядзелі за аховай здароўя, не аддалі яе ў прыватныя рукі. Так, нам няпроста было. Мы небагатая краіна, нам гэта дорага абыходзілася. Але затое гэта сто разоў вернецца».
  • «Вядома, ёсьць шмат пытаньняў, недахопаў. Мы іх усе фіксуем».
  • «Думаю, Гасподзь дапаможа пераадолець па ўсёй краіне гэтыя няшчасьце і напасьць».
  • «Ужо многія закрычалі пра другую хвалю восеньню. Думаю, што наш шлях — гэта якраз пераадоленьне ня толькі гэтай цяжкай хвалі, але і той другой, якая, ня дай Бог, наступіць».
  • «Мы абралі свой шлях. І я перакананы сёньня, што мы зрабілі правільна. Мы не ўвялі надзвычайнае становішча».
  • «Усе забудуць, якія лічбы былі па каранавірусе, наколькі мы іх выяўлялі. Усе будуць памятаць, колькі загінула людзей. Таму галоўнае, на што робім упор, — ратаваньне людзей. І самая нізкая сьмяротнасьць пры такім аб'ёме выяўленых — у Беларусі».
  • «Калі мы і далей будзем ісьці гэтым шляхам, мы абавязкова празь месяц забудзем пра каранавірус».
  • «Мы ніколі на парад, на такія мерапрыемствы ў Беларусі нідзе, тым больш у Менску, двухмільённым горадзе, не цягнулі людзей. Гэта, калі хочаце, маё крэда, маё патрабаваньне».
  • «Я з задавальненьнем убачыў бы на парадзе тых, хто перамог у гэтыя дні. Бо тыя, што перахварэлі — гэта людзі, якія перамаглі. [...] Не хваробу — гэта самае простае, што можна перамагчы — ня гэты вірус, а тое, што ў галаву ўбілі людзям нядобрасумленныя палітыкі і іншыя. Сапраўдная гістэрыя, псыхоз».
  • «Я ня буду вітаць толькі тое, калі людзей будуць гвалтоўна запрашаць ці нават падштурхоўваць на гэтае мерапрыемства. Гэта справа гонару кожнага чалавека».
  • «Вайскоўцы заўсёды былі галоўнымі дзейнымі асобамі на парадзе, і мы неяк забывалі, што тысячы людзей застаюцца па-за парадам, ля тэлевізараў. Але ніколі амаль не было іх на трыбунах — шарагоўцаў, сяржантаў, малодшых афіцэраў. Трэба выправіць гэтую сытуацыю».
  • [вэтэранам] «Я пачуў вашу просьбу аб прысутнасьці на парадзе. Але вы ўжо дапамажыце нам прывезьці тых, хто бадзёры духам і фізычна. За свае жыцьці не хвалюйцеся: мы зробім усё дзеля таго, каб вы жылі!»
  • «Мы сапраўды вымушаныя стаяць, як Брэсцкая крэпасьць. Яшчэ раз падкрэсьліваю: вялікае бачыцца на адлегласьці, пройдзе час — людзі і перш за ўсё вы, моладзь, ацаніце гэтыя дні. Я сёньня перакананы абсалютна: гэта [парад] будзе выдатная старонка ў гісторыі нашай краіны. Выдатная таму, што мы з вамі выстаялі, выстаялі, як яны калісьці. Яны паклалі свае жыцьці ў імя таго, каб мы сёньня жылі».
  • «Расейскі амбасадар, прыгажун, калі б паехаў у Маскву — дакладна б што-небудзь здарылася! Жывы-здаровы. Вось нашы паслы — прадстаўнікі замежных дзяржаў. Я міністру замежных спраў кажу: папярэдзь паслоў, каб на радзіму ў гэты час не зьяжджалі. Хай у Беларусі знаходзяцца — будуць жывыя і будуць здаровыя. Ня дай Бог нешта здарыцца — нават не заўважаць, як мы іх вылечым. І гэта не бравада».

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, якая асобна выказвала занепакоенасьць менскім парадам.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманій у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы, асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчы. Прэзыдэнцкія выбары адмовіліся пераносіць або рабіць дыстанцыйнымі ў сувязі з каранавірусам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG