Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам усё казалі: „Рана, чакайце“». Як 36-гадовы жыхар Ліды памёр ад каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота. Пахаваньне адной з ахвяраў каранавірусу ў Стоўпцах, 23 красавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Пахаваньне адной з ахвяраў каранавірусу ў Стоўпцах, 23 красавіка 2020 году

Жонка Леаніда Мількоўскага зь Ліды плача ў тэлефон. Хвароба ў мужа пачыналася як прастуда. Праз тры тыдні ён памёр. У дакумэнтах прычына сьмерці — COVID-19.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Хворыя ляжаць са здаровымі»

Леаніду Мількоўскаму было 36. У яго засталіся жонка і трое дзяцей ад 3 да 10 гадоў. Працаваў эканамістам у невялікай фірме. У Лідзе ходзяць чуткі, што памёр таксіст, але з гэтай сфэры Леанід даўно сышоў.

Дзе ён мог падчапіць каранавірус, родныя дакладна ня ведаюць. Жонка падазрае, што гэта магло здарыцца ўжо ў шпіталі. Толькі трэці тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік.

Сваякі кажуць, станоўчы вынік даў толькі трэці тэст на каранавірус
Сваякі кажуць, станоўчы вынік даў толькі трэці тэст на каранавірус

«Няма нармальнай ізаляцыі людзей. Усе перамяшаныя. Хворыя ляжаць са здаровымі. Ніхто нічога ня ведае. Тэсты робяць кепска, ня робяць своечасова... Там усё мяшана-перамяшана», — кажа Вольга Мількоўская.

На момант выхаду публікацыі атрымаць камэнтар у адміністрацыі Лідзкай цэнтральнай раённай бальніцы нам не ўдалося.

Вольга зь перапіскі з мужам дакладна аднаўляе падзеі апошніх трох тыдняў. Упершыню Леаніду стала кепска 19 красавіка, у нядзелю. Тэмпэратура паднялася трохі за 37 градусаў, крыху кашляў. 20 красавіка ў паліклініцы яму праз прастуду адкрылі бальнічны і накіравалі дахаты.

23 красавіка Леаніду трэба было ісьці ў паліклініку на прыём. Тэмпэратура паднялася да 38 градусаў. Тэрапэўт прыйшла дадому, прызначыла мацнейшы антыбіётык і сказала прыйсьці назаўтра у паліклініку працягнуць бальнічны ў загадчыка.

Пераліваньня крыві да апошняга не рабілі: «Рана, чакайце»

24 красавіка здымак выявіў пнэўманію. У той жа дзень Леаніда паклалі ў лідзкі шпіталь, у інфэкцыйнае аддзяленьне. Узялі тэст на каранавірус.

На выходных толькі раз на дзень ставілі кропельніцы па 5 хвілін.

27 красавіка, з словаў жонкі, да яго першы раз прыйшоў лекар. Увечары яго «паклалі пад кісларод» — не пад апарат ШВЛ, а лягчэйшы варыянт.

28 красавіка зайшоў дзяжурны лекар, супакоіў, што «так бывае» і «ўсё будзе добра».

29 красавіка прыйшоў першы адмоўны тэст на каранавірус. Стан пагоршыўся, стаў падаць кісларод у крыві. Мужчыну перавялі ў лідзкую радзільню, цяпер часткова перапрафіляваную пад прыём ковідных пацыентаў.

«У 10.20 ён мне напісаў, што яго пераводзяць у раддом. Да 11.50 ён сядзеў, чакаў хуткую, пакуль яго перавязуць. Кепска яму было, кісларод падаў... Ехаў на заднім сядзеньні хуткай дапамогі», — плача Вольга.

Леанід амаль тыдзень ляжаў у рэанімацыі. Ілюстрацыйнае фота
Леанід амаль тыдзень ляжаў у рэанімацыі. Ілюстрацыйнае фота

У 13:23 29 красавіка Леаніда перавялі ў рэанімацыю, па хвілінах аднаўляе карціну хваробы жонка.

Амаль тыдзень мужчына ляжаў у рэанімацыі, яго ўвялі ў штучную кому. Сувязі са сваякамі ўжо не было.

3-га траўня прыйшоў станоўчы вынік тэсту на каранавірус.

Паводле заключэньня аб сьмерці, асноўная прычына сьмерці — каранавірусная інфэкцыя COVID-19
Паводле заключэньня аб сьмерці, асноўная прычына сьмерці — каранавірусная інфэкцыя COVID-19

Наколькі ведаюць сваякі, пераліваньня крыві мужу да апошняга не рабілі. Замовілі плязму з антыцеламі толькі за дзень да сьмерці, калі пайшла адмоўная дынаміка, упаў ціск у лёгкіх. Як лекары казалі сваякам, пераліваньне рабілі ў ноч перад сьмерцю.

«Сказалі, што ў апошні дзень нібыта спрабавалі. Мы ім казалі штодня. А яны ўсё: „Рана — чакайце, рана — чакайце, рана — чакайце“», — плача Вольга.

Ноччу 7 траўня Леанід памёр.

«Дзяцей вельмі любіў. Колькі мы разам жывём, ніколі мне слова кепскага не сказаў. Заўсёды поплеч. Такіх мужоў пашукаць. Ня піў, не курыў. Нават ня памятаю, каб калі на яго злавалася», — расказвае Вольга.

«Што ўкалолі?» — «Для здароўя»

«Ён сябе адчуваў добра», — апісвае агульны стан мужа падчас хваробы да рэанімацыі жонка.

Мужчына быў здаровы, да лекараў не зьвяртаўся, толькі зубы лячыў, меў пустую мэдычную картку.

«Мне здаецца, гэта прапусьціла „інфэкцыя“ [інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталя] адразу, ніхто не прыходзіў. Чаму, калі яго ў шпіталь прывезьлі, ніякіх лекараў не паклікалі? Мэдсёстры прыходзілі, кропельніцу паставілі. Пыталіся, што ўкалолі. — „Для здароўя“», — расказвае Вольга.

«Чаму ніякіх лекараў не паклікалі?». Ілюстрацыйнае фота
«Чаму ніякіх лекараў не паклікалі?». Ілюстрацыйнае фота

Сваякі былі гатовыя купіць і прывезьці патрэбныя лекі, аднак у шпіталі ім не казалі, што трэба.

Тэмпэратура ў Леаніда за ўвесь гэты час, наколькі ведае жонка, падымалася не вышэй за 38,8. Да рэанімацыі ён верыў, што неўзабаве ачуняе. Калі перавялі ў радзільню, стала лягчэй.

«Ну што ў нас „інфэкцыя“ [інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталя]? Будынак стары, палаты малыя, вокны страшныя. Там ні дыхаць, нічога немагчыма. А ў раддоме, кажа, яму і дыхаць лягчэй было. Там паветра іншае, вокны адчыніць можна было. Я і падумаць не магла, што так будзе», — словы суразмоўніцы ўвесь час перарывае плач.

Колькасьць ковідных пацыентаў з мужавых словаў Вольга акрэсьлівае як «шмат» і «ўсё закладзена».

«Адчыняць нельга было»

Кватэру і пад’езд, дзе жыве сям’я, апрацавала санстанцыя. У жонкі і дзяцей узялі тэсты. Праўда, адразу на малодшага тэст не ўзялі, нібыта не запісалі яго ў сьпісы. Па выніку ні ў кога інфэкцыі не знайшлі.

«Далі паперкі падпісаць, што мы сядзім дома. Мне і дочкам да 7 траўня, сыну — да восьмага. Для чаго гэта? Навошта?», — не разумее Вольга.

8 траўня Леаніда пахавалі. Перад гэтым вазілі ў Горадню на ўскрыцьцё.

На разьвітаньне прыйшло шмат людзей. Ілюстрацыйнае фота
На разьвітаньне прыйшло шмат людзей. Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на небясьпечны дыягназ, на пахаваньне прыехала шмат людзей. Не пабаяліся ні далёкія сваякі, ні сябры. У рытуальным бюро сказалі пра захады засьцярогі. Міліцыя не суправаджала пахаваньне і не кантралявала, ці выконваюць тыя захады. Вольга кажа, што кожны сам адказна паставіўся да гэтага.

«Адчыняць нельга было, бо ён нават не апрануты. Ён у пакеце», — успамінае з плачам Вольга.

Падчас паніхіды людзі маліліся ў касьцёле, а труна стаяла на вуліцы.

Цяпер штодня жонка езьдзіць на могілкі. Зьбіраецца зь сіламі, каб завезьці туды дзяцей. Найцяжэй старэйшаму, 10-гадоваму сыну. Як даведаўся пра сьмерць таты, крычаў на ўвесь дом, клікаў яго.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG