Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прасіў, каб расейскія тэлеканалы паказалі менскі парад. Не паказаў ніводзін, але напісалі іншыя СМІ


«Шаленству храбрых пяём мы песьню, так выхаваныя. Але ці апраўданае такое вар'яцтва?» — напісала пра менскі парад газэта «Московский комсомолец».

5 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што трэба папрасіць Расейскую тэлевізію паказаць менскі парад.

«Зьвяжыцеся з Адміністрацыяй прэзыдэнта Расеі і папрасіце, каб паказалі наш парад. Гэта таксама адпаведны тэст на дружбу», — загадаў ён.

Аднак 7 траўня Міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі і выслала з краіны ўласнага карэспандэнта Першага фэдэральнага расейскага каналу Аляксея Кручыніна — нібыта за непраўдзівую інфармацыю аб прыхаваных маштабах пандэміі каранавірусу ў Беларусі.

Як вынік, 9 траўня ніводзін фэдэральны ці прыватны тэлеканал Расеі не праявіў інтарэсу да параду, які, насуперак рэкамэндацыям Сусьветнай арганізацыі здароўя, прайшоў у Менску. Выключэньнем стаў сюжэт на тэлеканале «Мир», але ён лічыцца мэдыяструктурай СНД.

Пры гэтым друкаваныя выданьні Расеі на парад адрэагавалі досыць актыўна.

«Новая газета»: «Не адвага, а ідыятызм і самадурства»

«Новая газета» друкуе матэрыял уласнай карэспандэнткі па Беларусі Ірыны Халіп. Яго назва — «Чумавы парад у Менску», падзагаловак—«Не адвага, а ідыятызм і самадурства». На сайце выданьня артыкул прагледзелі больш за 400 000 разоў.

«Сагнаныя гледачы сядзелі і стаялі ўпрытык. Некаторыя франдэры ўсё ж даставалі з кішэняў маскі і надзявалі іх. Гэта якую грамадзянскую сьмеласьць трэба праявіць: спачатку пакорліва прыйсьці, а потым дастаць маску, як дулю з кішэні. Нешматлікія якабінцы, як правіла, былі маладыя. Абсалютная большасьць, у тым ліку пажылыя гледачы, — бяз масак, поруч, як верабейчыкі на галінцы. Потым «хуткія дапамогі» будуць гэтак жа побач стаяць гадзінамі ў чэргах у прыёмныя аддзяленьні», — піша аўтарка.

Лукашэнка, заяўляючы з трыбуны, што ў яго не было іншага выбару, як правесьці «гэтую сьвяшчэнную дзею», ні на сэкунду не задумаўся пра тое, што загінулыя савецкія салдаты і партызаны менш за ўсё на сьвеце хацелі б, каб іхныя нашчадкі празь дзясяткі гадоў паміралі ад нявывучанага вірусу, падхопленага імі ў Дзень Перамогі. Дакладней, ад ідыятызму і самадурства, падхопленых Беларусьсю чвэрць стагодзьдзя таму.

«Коммерсант»: «Нечаканы пералік змагароў з фашызмам»

Пра менскі парад піша і расейскі «Коммерсант». У загалоўку цытата з прамовы Лукашэнкі: «Не сьпяшайцеся асуджаць нас, спадчыньнікаў Перамогі, беларусаў».

Апісаўшы антураж сьвята — тысячы чалавек бяз масак на трыбунах, вэтэраны, якіх улада абяцала не запрашаць дзеля іхняй жа бясьпекі, адсутнасьць расейскіх парлямэнтароў, да якіх апэляваў Лукашэнка,—аўтар Кірыл Крывашэеў зьвярнуў увагу на нестыкоўкі ў заявах кіраўніка Беларусі.

«Пералік змагароў з фашызмам выглядаў крыху нечакана. У гэтым шэрагу Лукашэнка назваў «байцоў руху Супраціўленьня Эўропы» і «нашых саюзьнікаў — ЗША, Англію і Кітай». Адзначым, што, акрамя СССР, ЗША і Вялікай Брытаніі, да ліку дзяржаў-пераможцаў, якія падпісалі Акт аб безумоўнай капітуляцыі Нямеччыны, адносіцца яшчэ і Францыя, якую прэзыдэнт Беларусі выпусьціў з-пад увагі. Яе ўклад Аляксандар Лукашэнка, мабыць, адзначыў, калі казаў пра рух Супраціўленьня».

Цікава, што сярод астатніх краін кааліцыі — а яна да канца вайны налічвала 53 краіны — спадар Лукашэнка вылучыў толькі Кітай. Мяркуючы па ўсім, у яго былі на гэта свае прычыны, і яны ніяк не зьвязаныя з падзеямі 75-гадовай даўнасьці, — падсумоўвае «Коммерсант».

«Московский комсомолец»: «Вар’яцтва без апраўданьняў»

Газэта «Московский комсомолец» у артыкуле «Парадам Перамогі Лукашэнка вырашыў напалохаць каранавірус» шукае адказ на пытаньне, «што прымусіла «бацьку» прыняць такое рызыкоўнае рашэньне».

«Прэзыдэнт Беларусі прыняў рашэньне праводзіць парад, нягледзячы на пандэмію. Парад у Менску стаў адзіным на постсавецкай прасторы. Большасьць яго ўдзельнікаў і гледачоў былі бяз масак і не выконвалі сацыяльнай дыстанцыі. Раней Лукашэнка заклікаў наведаць парад усіх, хто ачуняў ад хваробы, назваўшы іх «пераможцамі». Ці прыйшлі яны, невядома», — адзначае выданьне, удакладняючы, што асобныя вэтэраны на трыбунах прысутнічалі і, як відаць з кадраў трансьляцыі, былі бяз масак.

Хто складаў «масоўку» і ці прыйшлі гэтыя людзі добраахвотна, можна толькі здагадвацца, працягвае аўтар. Жанчыны, дзеці са сьцяжкамі, з кветкамі, некаторыя ў форме часоў вайны, у пілётках. Беларуская апазыцыя запэўнівае, што гэта студэнты і бюджэтнікі.

Лукашэнка заклікаў «звар'яцелы сьвет» не асуджаць беларусаў за правядзеньне параду. Яго атачалі высокапастаўленыя вайскоўцы і чыноўнікі — бяз сродкаў індывідуальнай засьцярогі. Шаленству храбрых пяём мы песьню, так выхаваныя. Але ці апраўданае такое вар'яцтва?—пытаецца «Московский комсомолец».

«Труд»: «Прымерыў ролю спадкаемца перамогі»

Колішні орган савецкіх прафсаюзаў, а цяпер грамадзка-палітычная газэта «Труд» таксама акцэнтуе ўвагу, што сёлетні Парад перамогі ў Менску — адзіны на постсавецкай прасторы. У Расеі і іншых краінах сьвяточныя імпрэзы адмянілі альбо перанесьлі праз пандэмію каранавірусу.

Парад прымаў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў, што нават думка зьмяніць традыцыям, якія вось ужо 75 гадоў услаўляюць гісторыю вялікага подзьвігу пераможцаў, недапушчальная для краіны.

«Лукашэнка даў зразумець, што ён і ёсьць сапраўдны спадкаемца той Перамогі, калі папярэдзіў не рабіць высновы, а тым больш «асуджаць нас — нашчадкаў Перамогі, беларусаў», — піша газэта.

«Правда»: «Беларусы—«апошнія спадкаемцы перамогі»

Пазытыўна ацанілі парад у газэце расейскіх камуністаў «Правда». Выданьне напісала, што «Лукашэнка адказаў тым, хто яго асуджае».

«Аляксандар Лукашэнка правёў парад, бо «ня мог іначай», — цытуе кіраўніка Беларусі выданьне.—Па словах прэзыдэнта краіны, беларусы—«апошнія спадкаемцы перамогі». Такім быў ягоны адказ крытыкам, якія ставілі пад сумнеў дзею да 75-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».

Пры гэтым газэта выказвае неразуменьне, чаму ў такім выпадку беларускія ўлады забаранілі зьбірацца разам удзельнікам акцыі «Несьмяротны полк». Маўляў, спаслаліся на тое, што ахвотных прайсьці з партрэтамі гераічных сваякоў аказалася «занадта шмат».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG