У Берасьці каля 200 чалавек выйшлі «карміць галубоў» супраць акумулятарнага заводу. Ёсьць затрыманыя

Затрыманьне Рамана Кісьляка. Фота: Станіслаў Коршунаў, Tut.by
Затрыманьне Рамана Кісьляка. Фота: Станіслаў Коршунаў, Tut.by

Жыхары Берасьця 10 траўня выйшлі на ўжо традыцыйную акцыю супраць запуску акумулятарнага заводу — два гады па нядзелях яны выходзяць «карміць галубоў» у цэнтар гораду. Акцыя прайшла без транспарантаў і лёзунгаў.

Як піша «Брестская газета», пасьля акцыі АМАП затрымаў праваабаронцу Рамана Кісьляка (відэа затрыманьня публікуюць у суполцы праціўнікаў заводу), а таксама мужчыну, якога некаторыя ўдзельнікі палічылі правакатарам — той прыйшоў на плошчу з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўным сьцягам, шыльдай з надпісам «Я/мы Лукашенко. Освободим патриотов Беларуси Тихановского и Петрухина». Таксама могуць быць затрыманыя яшчэ два ўдзельнікі акцыі — інфармацыя пра іхнае затрыманьне не пацьверджаная.

Tut.by адзначае, што Кісьляка затрымалі, калі ён здымаў на відэа затрыманьне мужчыны з партрэтам Лукашэнкі.

Паводле назіраньняў «Эўрарадыё», у акцыі ўдзельнічалі каля 200 чалавек, а паводле падлікаў Кісьляка, якія перадае БелаПАН, было 230. Цягам некалькіх дзён да акцыі былі затрыманыя актывісты Ўладзімер Мароз, Юры Калько, Дзяніс Малышэнка, Канстатцін Астапук, Алег Вялаў, Сяргей Пятрухін (апошні сустракае ў ізалятары дзень народзінаў). Блогер Аляксандар Кабанаў у лякарні пад назіраньнем міліцыянтаў.

Удзельнікі акцыі, сьцьвярджаў Кісьляк, намагаліся трымаць бясьпечную дыстанцыю, многія прыйшлі ў мэдычных масках у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

​
XS
SM
MD
LG