Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:15 24.6.2020

Прэзыдэнт Кіргізстану не пайшоў на парад у Маскве праз каранавірус у яго дэлегацыі. Але ён пасьпеў наведаць Крэмль

Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў не прымаў удзел у парадзе ў Маскве 24 чэрвеня праз два выпадкі каранавірусу, выяўленых у яго дэлегацыі. Пра гэта паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода са спасылкай на апарат прэзыдэнта. Але раніцай ён наведваў Крэмль. Цалкам чытайце тут.

14:13 24.6.2020

Прэм’ер-міністра Баўгарыі аштрафуюць за парушэньне масачнага рэжыму

Прэмʼер-міністар Баўгарыі Бойка Барысаў будзе аштрафаваны на 300 леваў (каля 150 эўраў) за зьяўленьне бяз маскі ў царкве, паведаміла міністэрства аховы здароўя краіны.

Міністар аховы здароўя Кірыл Ананіеў у панядзелак выдаў распараджэньне аб паўторным увядзеньні масачнага рэжыму ў закрытых грамадзкіх памяшканьнях, пасьля таго як на мінулым тыдні ў краіне быў зафіксаваны рэкордны рост захворваньня на каранавірус.

10:22 24.6.2020

Каранавірус: ці правільна мы дэзынфікуем паверхні

З таго часу, як каранаваірус стаў пагрозай, многія з нас займаюцца прыборкай дому, распырскваючы ачышчальныя сродкі і праціраючы амаль усе паверхні, асабліва дзьвярныя ручкі і краны, піша амэрыканская The New York Times. Як правільна трэба дэзынфікаваць розныя паверхні, чытайце па спасылцы.

09:00 24.6.2020

Галоўны інфэкцыяніст ЗША: каранавірус пакуль не пад кантролем

Паводле Энтані Фаўчы, бліжэйшыя два тыдні «будуць крытычнымі, калі вызначыцца наша здольнасьць адказаць на скачок ліку заражаных у Флорыдзе, Тэхасе, Арызоне ды іншых штатах».

У апошнія дні ў сямі штатах, у тым ліку Каліфорніі, Арызоне, Тэхасе рэгіструюць найвышэйшыя штодзённыя лічбы выяўленых заражэньняў. Спэцыялісты тлумачаць іх скасаваньнем пэўных абмежаваньняў і аднаўленьнем эканамічнай актыўнасьці, адкрыцьцём рэстаранаў, бараў і крамаў. Масавыя пратэсты супраць расізму ў многіх гарадах краіны таксама маглі спрыяць пашырэньню вірусу.

Доктар Фаўчы заклікае амэрыканцаў надалей зьвяртацца да мераў засьцярогі:

«Плян А: ня зьяўляйцеся ў месцах збору людзей. Плян Б: калі вы зьявіліся, насіце маску».

17:44 23.6.2020

«У нас зьявілася надзея, а потым мамы ня стала...» Гісторыя мэдсястры з Клімавічаў, якую забраў COVID-19

50-гадовая мэдсястра Сьвятлана Зарубская з 16-тысячнага райцэнтру Клімавічы, што на ўсходзе Магілёўшчыны, стала чарговай ахвярай каранавірусу.

Старшая мэдсястра Клімавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы памерла 10 чэрвеня. У пасьведчаньні аб сьмерці пазначана хвароба сэрца. Паводле яе дзяцей, у гісторыі хваробы фігуруе і COVID-19. Гісторыю Сьвятланы Зарубскай і яе сям'і чытайце па спасылцы.

17:42 23.6.2020

Опэрны тэатр Барсэлёны пасьля карантыну зайграў канцэрт кветкам. ВІДЭА

Опэрны тэатр Барсэлёны Liceu пачаў свой сэзон пасьля карантыннага перапынку канцэртам перад кветакамі. 2292 гаршчкоў з расьлінамі запоўнілі ўсе крэслы глядацкай залі. Так тэатар адзначыў канец карантыну. Пасьля канцэрту кветкі падораць мэдработнікам.

17:41 23.6.2020

«Дапамогу мала хто атрымлівае, і яна нязначная». Як дзяржава падтрымала бізнэс ва ўмовах пандэміі

У Мінэканомікі паведамілі, што ў Беларусі падтрымку дзяржавы ва ўмовах пандэміі адчулі на сабе 2,5 тысячы кампаній.

Свабода паглядзела, каму дапамагла дзяржава. Чытайце па спасылцы.

17:40 23.6.2020

Ва Ўкраіне пачалі расьсьледаваць гібель лекараў ад COVID-19, каб выплаціць страхоўкі іх сем'ям

Ва Ўкраіне пачаліся эпідэміялягічныя дасьледаваньні гібелі лекараў, якія працавалі з хворымі на COVID-19. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Зяленскага прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная спыненьню распаўсюду каранавірусу, на якой абмеркавалі пытаньне страхавых выплат сем’ям мэдыкаў, якія памерлі, працуючы з пацыентамі, хворымі на COVID-19.

«Мы павінны рухацца хутчэй са страхавымі выплатамі, чым COVID-19. І гэта тычыцца ня толькі тых, хто страціў блізкіх у барацьбе з пандэміяй, але і лекараў, якія ахвяравалі сваім здароўем», — сказаў Зяленскі.

У заяве пасьля канфэрэнцыі гаворыцца, што страхавыя выплаты іх сем’ям мэдыкаў можна будзе зрабіць пасьля таго, як будзе ўстаноўлена прычына іх сьмерці.

13:49 23.6.2020

Менш за 500 новых выпадкаў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 23 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 23 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 59 487 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 357 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 38 688 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 464 выпадкі (апошні раз было менш 21 красавіка) і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 765 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 307 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 20 442;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 886 248 тэстаў (гэта 9607 на дзень, зь іх станоўчыя 4,83%, апошні раз менш за 10 тысяч было 21 дзень таму, а даходзіла да 21,5 тысячы тэстаў на дзень). Цалкам чытайце тут.
19:08 22.6.2020

«Хварэюць калі людзі, то мы іх вучым у лякарні дыхаць», «аблянелі ўжо», — Лукашэнка пра барацьбу з каранавірусам

Падчас наведваньня Сьветлагорску 21 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ў размове зь мясцовымі жыхарамі заклікаў іх «ні ў якім разе не сядзець на канапе» і «дыхаць», каб не было атрафіі лёгкіх і не атакаваў каранавірус.

«Бяда, мне нават сорамна пра гэта казаць: хварэюць калі людзі, то мы іх вучым у лякарні дыхаць. Чаму вучым? Таму што руху мала: абленаваліся ўжо — гэта ня тое, што раней. У Сьветлагорску яшчэ, можа, варушацца, а ў Менску — праблема», — сказаў Лукашэнка ў эфіры АНТ. Цалкам чытайце па спасылцы.

19:06 22.6.2020

Рост «актыўных выпадкаў» аднавіўся. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 22 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 22 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 59 023 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 351 памёр, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 37 923 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 518 выпадкаў (апошні раз было менш 22 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі толькі 257 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» павялічылася на 256 чалавек (хоць да таго спадала 6 дзён запар) — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 20 749;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 876 639 тэстаў (гэта 14 936 на дзень, зь іх станоўчыя 3,47%).
14:26 22.6.2020

«І трывожна, і без турыстаў — ніяк». Што адбываецца на Браслаўшчыне, дзе хворых на COVID-19 паболела ўтрая і ўвялі масачны рэжым

У самым пачатку лета эпідэмічная сытуацыя на Браслаўшчыне пагоршылася. Гэтым галоўны санітарны доктар Браслаўскага раёну Вольга Рудакова патлумачыла ўвод з 8 чэрвеня дадатковых захадаў засьцярогі, у тым ліку — абавязковага масачнага рэжыму ў грамадзкіх месцах.

Паводле статыстыкі на 17 чэрвеня, у раёне зафіксавалі 89 выпадкаў інфікаваньня каранавірусам, 45 чалавек ачунялі. У раённай лякарні цяпер знаходзяцца 7 чалавек з дыягназам «пнэўманія». Што адбываецца ў Браслаўскім раёне, дзе за месяц колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам вырасла больш чым утрая — у рэпартажы Свабоды. Чытайце і глядзіце фота па спасылцы.

14:23 22.6.2020

САЗ паведаміла пра рэкордны прырост інфікаваных каранавірусам

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя паведаміла пра найбольшы за суткі прырост інфікаваных каранавірусам — больш за 183 тысяч.

Найбольшая колькасьць заражэньняў, па дадзеных за нядзелю, адзначана ў Бразыліі, ЗША і Індыі. Памерлі за той жа пэрыяд 4743 чалавекі. У Бразыліі напярэдадні колькасьць памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі перавысіла 50 тысяч. Апярэджваюць па гэтым паказчыку Бразылію толькі Злучаныя Штаты. Там з пачатку эпідэміі амаль 120 тысяч сьмерцяў. Усяго ахвярамі пандэміі ў розных краінах сталі звыш 468 тысяч чалавек. Цалкам чытайце па спасылцы.

10:01 22.6.2020

«Мы ведалі, куды ішлі». Беларускія мэдыкі масава адказалі Качанавай у сацыяльных сетках

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава 18 чэрвеня сустрэлася з чальцамі ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты. На пытаньне аб нізкіх заробках мэдыкаў яна адказала: «Калі вы ішлі ў мэдычны ўнівэрсытэт, вы ведалі пра заробкі». Мэдыкі адказалі на гэта публікацыямі пад хэштэгам #мызналикудашли, зьвязалі свае выказваньні з Днём мэдычнага працаўніка.

Самая папулярная публікацыя:

Больш пастоў >>

09:59 22.6.2020

Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі»

Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня ўзяў удзел у цырымоніі, прысьвечанай гадавіне пачатку Вялікай айчыннай вайны — нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз у 1941 годзе ў працяг Другой усясьветнай вайны. Урачыстасьць пачалася ў Берасьцейскай крэпасьці ў 4 раніцы.

У прамове Лукашэнка, як перадае ягоная прэс-служба, сярод іншага заявіў:

«Не напружвайцеся. Нас і так напружылі з гэтым каронапсыхозам. Але самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі. Вось гэта для нас галоўнае».

Што яшчэ ён казаў >>

20:53 21.6.2020

Гішпанія адкрыла межы для турыстаў з Эўропы, у штабе Трампа захварэлі шэсьць супрацоўнікаў


Гішпанія зноў адкрыла свае межы для эўрапейскіх турыстаў на фоне паслабленьня карантынных мер на кантынэнце, уведзеных для барацьбы з каранавірусам. Раней Гішпанія займала трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці пацьверджаных выпадкаў COVID-19, цяпер яна апусьцілася на сёмае месца. Паводле дадзеных Рэсурснага цэнтру Унівэрсытэту Джонса Гопкінса, у краіне зарэгістравана каля 246 тысяч інфікаваных.

Пакуль у Эўропе сытуацыя павольна мяняецца да лепшага, у Бразыліі, Паўднёваафрыканскай рэспубліцы, Індыі і ЗША назіраецца рост колькасьці інфікаваных.

ЗША займаюць першае месца ў сьвеце паводле колькасьці выяўленых інфікаваных — больш за 2,2 мільёна чалавек. За імі ідуць Бразылія (больш за мільён інфікаваных) і Расея (больш за 576 тысяч). ЗША таксама лідзіруюць паводле колькасьці памерлых ад COVID-19 (больш за 120 тысяч).

Шэсьць супрацоўнікаў перадвыбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа заразіліся каранавірусам. Пра гэта было абвешчана ў суботу толькі за некалькі гадзін да перадвыбарчага мітынгу прэзыдэнта ў Талсе, штат Аклахома, — першым падобным мерапрыемстве з пачатку пандэміі.

14:09 21.6.2020

Менш за 600 новых выпадкаў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 21 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 21 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 58 505 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 346 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 37 666 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 569 выпадкаў (апошні раз было менш 22 красавіка) і прызналі яшчэ 3 сьмерці, выпісалі 917 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 351 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 20 493;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 861 703 тэсты (гэта 19 530 на дзень, зь іх станоўчыя 2,91% — самы нізкі адсотак за ўвесь час, калі паведамлялася колькасьць тэстаў);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.

Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалі практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за содні. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала часам паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

13:07 21.6.2020

У Латвіі і Эстоніі за дзень ня выявілі новых выпадкаў COVID-19

Нуль новых выпадкаў COVID-19 за дзень выявілі ў Латвіі і Эстоніі, паведамілі мэдычныя ведамствы краінаў 21 чэрвеня. Сьмерцяў ад каранавірусу таксама не фіксавалі. У Літве за дзень выявілі тры новыя выпадкі, ніводнага памерлага.

За ўвесь час ад пачатку эпідэміі ў Літве выявілі 1798 выпадкаў COVID-19 і прызналі 76 сьмерцяў ад каранавірусу, у Латвіі — 1111 выпадкаў і 30 сьмерцяў, у Эстоніі — 1981 выпадак і 69 сьмерцяў.

У іншых суседніх зь Беларусьсю краінах сытуацыя больш цяжкая. У Расеі за дзень выявілі 7728 новых выпадкаў і 109 сьмерцяў, ва Ўкраіне — 735 выпадкаў і 8 сьмерцяў, у Польшчы — 311 выпадкаў і 10 сьмерцяў. Расея цяпер на трэцім месцы ў сьвеце паводле агульнай колькасьці выпадкаў — там COVID-19 выявілі ў 584 680 чалавек, прызнаныя сьмерці ад каранавірусу агулам 8111 пацыентаў.

Тое, што ў Латвіі і Эстоніі не было новых выпадкаў за дзень, яшчэ ня значыць, што краіны цалкам перамаглі каранавірус. Напрыклад, у Чарнагорыі новыя выпадкі COVID-19 не фіксавалі ад 7 траўня да 13 чэрвеня ўключна, ды за тыдзень ужо выявілі 35 новых выпадкаў. Новыя выпадкі таксама час ад часу фіксуюць у Ісьляндыі — цяпер там 7 хворых.

13:44 20.6.2020

Статыстыка за 20 чэрвеня. 603 новыя выпадкі і 6 сьмерцяў

Па стане на 20 чэрвеня 36749 пацыентаў з пацьверджаным COVID-19 вылекаваліся і былі выпісаныя. Агулам зарэгістравана ўжо 57936 выпадкаў гэтага захворваньня, рост за суткі склаў 603 выпадкі.

З пачатку тэставаньня было праведзена 842173 тэсты. 343 пацыенты з пацьверджаным COVID-19 памерлі. Гэта на 6 чалавек больш, чым было дзень таму.

16:37 19.6.2020

Прызналі яшчэ 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 19 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 19 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 57 333 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 337 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 35 275 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 676 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 1252 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 582 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 21 721;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 821 887 тэстаў (гэта 21 452 на дзень, зь іх станоўчыя 3,15%, амаль паўтораны ўчорашні рэкорд у 21 500 тэстаў).

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG