Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

13:49 19.6.2020

У Расеі каранавірусам заразіліся каля 570 тысяч чалавек, памерлі — амаль 8 тысяч


Паводле дадзеных на 19 чэрвеня, за суткі ў Расеі афіцыйна зарэгістравалі яшчэ 7 972 новыя выпадкі COVID-19, паведамляе апэратыўны штаб. Агульная колькасьць тых, хто заразіўся ў краіне з пачатку пандэміі перавысіла 569 тысяч.

Больш за ўсё хворых за суткі выяўлена ў Маскве — 1136, Маскоўскай вобласьці — 646, Ханты-Мансійскай акрузе — 259, Сьвярдлоўскай вобласьці — 254, Санкт-Пецярбургу — 228, Ніжагародзкай вобласьці — 219 і Варонескай вобласьці — 203.

За апошнія суткі зафіксаваны 181 сьмяротны выпадак. Колькасьць ахвяр каранавірусу ў Расеі, паводле афіцыйных дадзеных, — 7 841. За суткі выздаравелі 10 443 чалавекі, агульная колькасьць ачунялых — 324 406 чалавек.

11:43 19.6.2020

Навукоўцы: змываючы ўнітаз, можна заразіцца каранавірусам

Новае дасьледаваньне паказвае, што змываньне ўнітазу можа генэраваць воблака аэразольных кропель, якое ўздымаецца амаль на мэтар. Пра гэта піша амэрыканская The New York Times.

Аэразольныя кроплі могуць затрымлівацца ў паветры дастаткова доўга, каб іх мог удыхнуць наступны наведнік агульнай прыбіральні. Кроплі таксама могуць падаць на паверхні і падлогу ў ванным пакоі.

Чытаць далей >>

21:12 18.6.2020

Прызналі яшчэ сем сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 18 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, на 18 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 56 657 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 331 памёр, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 34 023 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 625 выпадкаў і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 1288 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 670 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 22 303;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 800 435 тэстаў, учора (17 чэрвеня) — рэкордныя 21 500 тэстаў за дзень (і рэкордна нізкі адсотак станоўчых тэстаў: 2,91%).
21:10 18.6.2020

Хто з кіраўнікоў дзяржаваў захварэў на каранавірус. ВІДЭА

Сёньня каранавірус быў дыягнаставаны ў старшыні Рады бясьпекі, першага прэзыдэнта Казахстану. Напярэдадні — у жонкі прэзыдэнта Ўкраіны, у прэм’ер-міністра Армэніі, у прэзыдэнта Гандурасу. У якіх яшчэ краінах прадстаўнікі палітычнай эліты і іх сем'і захварэлі на COVID.

13:16 18.6.2020

Навукоўцы спрабуюць вырасьціць антыцелы да каранавірусу ў лябараторыі

Наймацнейшы сродак чалавечага арганізму для барацьбы з захворваньнямі — антыцелы — лекары спрабуюць вырасьціць у лябараторыі, каб потым выкарыстоўваць яго для лячэньня COVID-19.

Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі, дадаючы, што як мінімум шэсьць кампаній плянуюць выпрабоўваць антыцелы на пацыентах з каранавірусам гэтым летам.

13:09 18.6.2020

«Ніякага спаду няма і бліжэйшым часам ня будзе», — каардынатар кампаніі #ByCovid19, які перахварэў на каранавірус

«Пандэмія не ідзе на спад», — лічыць адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 Андрэй Стрыжак, які лечыцца ад пнэўманіі ў выніку перанесенай каранавіруснай інфэкцыі. Стрыжак расказвае, як выбарчая кампанія паўплывала на працу #ByCovid19 і колькі грошай беларусы ахвяравалі на змаганьне з пандэміяй. Чытайце інтэрвію цалкам па спасылцы.

13:08 18.6.2020

Пэкін уводзіць «ваенныя» захады ў барацьбе з новым усплёскам COVID-19. ФОТАРЭПАРТАЖ

Сытуацыя з каранавірусам у кітайскай сталіцы «надзвычай сур'ёзная», папярэдзіў афіцыйны прадстаўнік гораду 16 чэрвеня, калі ў Пэкіне зарэгістравалі 27 новых выпадкаў COVID-19. Галоўны эпідэміёляг Кітайскага цэнтру кантролю і прафіляктыкі захворваньняў адзначыў, што крыніцай апошняй эпідэміі маглі стаць альбо заражаныя морапрадукты, альбо мяса з рынку, альбо наведнік ці работнік, які несьвядома быў заражаны вірусам.

12:29 18.6.2020

Нурсултан Назарбаеў заразіўся каранавірусам

Першы прэзыдэнт Казахстану 79-гадовы Нурсултан Назарбаеў заразіўся каранавірусам і знаходзіцца на самаізаляцыі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, разьмешчаным на сайце першага прэзыдэнта Казахстану.

«На жаль, апошні тэст елбасы (лідэра нацыі — РС) на каранавірусную інфэкцыю даў станоўчы вынік. Падставы для неспакою няма. Нурсултан Назарбаеў працягвае працаваць дыстанцыйна», — гаворыцца ў паведамленьні.

08:49 18.6.2020

Расейскія ўлады ізалявалі вэтэранаў, якія будуць глядзець парад разам з Пуціным

Каля 80 вэтэранаў Другой усясьветнай вайны, якія маюць прысутнічаць на парадзе ў Маскве 24 чэрвеня разам з Уладзімірам Пуціным, адправілі ў карантын. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на двух чыноўнікаў, знаёмых з падрыхтоўкай да акцыі.

Сёлета традыцыйны парад у гонар Дня Перамогі перанесьлі з 9 траўня на 24 чэрвеня і абвясьцілі гэты дзень выходным. Большасьці ўдзельнікаў вайны цяпер сама меней 93 гады.

Плянуецца, што Пуцін будзе на трыбуне на Краснай плошчы разам з удзельнікамі вайны. Рашэньне ізаляваць іх — частка захадаў абароны Пуціна ад каранавірусу, — адзначае агенцтва. Яно папрасіла камэнтар у прэс-сакратара расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова, але ён не адказаў.

У рэзыдэнцыі Пуціна ў Нова-Агарове для абароны ад каранавірусе паставілі адмысловы дэзынфэкцыйны тунэль. Раней стала вядома, што ўдзельнікам сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі мераюць тэмпэратуру і яны здаюць тэсты на каранавірус.

20:10 17.6.2020

У Расеі пачаліся клінічныя выпрабаваньні вакцыны ад каранавірусу

У Маскве 17 чэрвеня пачаліся клінічныя выпрабаваньні дзьвюх формаў вакцыны супраць COVID-19. Вакцына распрацаваная Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі (НДЦЭМ).

У вайсковым шпіталі імя Бурдэнкі будзе выпрабоўвацца вадкая вакцына, прызначаная для ўнутрымышачнага ўвядзеньня, а ў Сечанаўскім унівэрсытэце — вакцына ў выглядзе парашка, рошчыну зь якога для ўвядзеньня ў мышцу будуць рыхтаваць на месцы. У кожным выпадку ў выпрабаваньнях возьмуць удзел па 38 добраахвотнікаў. Далей чытайце па спасылцы.

20:06 17.6.2020

У ліпені ў Віцебску вырашылі правесьці «Славянскі базар», нягледзячы на пандэмію

XXIX Міжнародны фэстываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 16 па 20 ліпеня. У адрозьненьне ад многіх іншых летніх імпрэзаў, яго не адмянілі ў сувязі з каранавірусам.

Сёлета ўсе імпрэзы пройдуць на адкрытых пляцоўках. На пытаньне Tut.by, ці ўвядуць на фэстывалі абавязковы масачны рэжым і іншыя меры засьцярогі ад каранавірусу, міністар культуры Юры Бондар адказаў, што «будзе рэкамэндацыя па масачным рэжыме — будзе масачны рэжым». Тое ж самае тычыцца і рассаджваньня гледачоў праз аднаго: пакуль такія меры не плянуюцца, але калі будуць рэкамэндацыі — «будзем выконваць», сказаў Бондар.

«Нармальныя людзі [ходзяць] бяз маскі. Рассаднік мікробаў. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але не магу дыхаць. Нешта перашкаджае, — дадаў Юры Бондар. — Вось [дырэктар фэстывалю] Лапіцкі — ніякіх масак. Сучасны малады чалавек». Цалкам чытайце па спасылцы.

20:04 17.6.2020

Украіна вырашыла аднавіць памежны рух зь Беларусьсю і Расеяй, нягледзячы на каранавірус

Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аднавіць памежны рух у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Дакладнай даты пакуль не называюць.

У прыватнасьці, плянуецца аднавіць пешаходны рух для грамадзян Украіны і рух аўтамабільнага транспарту ў двух пунктах пропуску:

  • «Дольск» (Валынская вобласьць) — «Махро» (Берасьцейская вобласьць, Янаўскі раён) і
  • «Вільча» (Кіеўская вобласьць) — «Аляксандраўка» (Гомельская вобласьць, Нараўлянскі раён).

Усяго ж на беларуска-ўкраінскай мяжы 12 пунктаў пропуску. Падрабязнасьці тут.

20:02 17.6.2020

Ва Ўкраіне падоўжылі карантын да 31 ліпеня. Але ён будзе адаптыўным для кожнага рэгіёну

Кабінэт міністраў Украіны вырашыў падоўжыць карантын да 31 ліпеня ў сувязі з павелічэньнем захворвальнасьці на COVID-19. Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль дадаў, што што разумее стомленасьць украінцаў ад карантыну, але пагроза пашырэньня каранавірусу пакуль не пераадоленая.

«Сёньня мы таксама разгледзім прапанаваны Міністэрствам аховы здароўя падыход да адаптыўнага карантыну, які прадугледжвае магчымасьць узмацненьня карантыну ў асобных рэгіёнах, калі будзе такая неабходнасьць», — заявіў Дзяніс Шмыгаль. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:34 17.6.2020

«Бесчалавечнае абыходжаньне з апанэнтамі». Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў ААН


У Маскве 17 чэрвеня пачаліся клінічныя выпрабаваньні дзьвюх формаў вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі COVID-19. Вакцына распрацаваная Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі (НДЦЭМ), паведаміла Міністэрства аховы здароўя Расеі.

У вайсковым шпіталі імя Бурдэнкі будзе выпрабоўвацца вадкая вакцына, прызначаная для ўнутрымышачнага ўвядзеньня, а ў Сечанаўскім унівэрсытэце — вакцына ў выглядзе парашка, рошчыну зь якога для ўвядзеньня ў мышцу будуць рыхтаваць на месцы. У кожным выпадку ў выпрабаваньнях возьмуць удзел па 38 добраахвотнікаў.

Плянуецца адкрытае дасьледаваньне I-II фазы на добраахвотніках бяз групы кантролю. Пры такіх выпрабаваньнях не прадугледжваецца ўвядзеньне плацэба. Паводле дадзеных рэестра дазволаў Міністэрства аховы здароўя, дата заканчэньня выпрабаваньняў — сьнежань 2020 году, адзначае «Фармацэўтычны весьнік».

Пра хуткае зьяўленьне вакцыны прэзыдэнту пад камэры дакладвалі міністар аховы здароўя Міхаіл Мурашка, віцэ-прэм’ер Дзьмітры Чарнышэнка, які анансаваў масавую вакцынацыю расейцаў восеньню 2020 году, і мэр Масквы Сяргей Сабянін, які аказаўся самым вялікім скептыкам, назваўшы тэрмінам пачатку вакцынацыі сьнежань.

13:19 17.6.2020

Рэкорд: за дзень выпісалі амаль паўтары тысячы чалавек. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 17 чэрвеня

Паводле міністэрства, на 17 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 56 032 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 324 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 32 735 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 663 выпадкі і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі рэкордную колькасьць пацыентаў за ўвесь час — 1462 чалавек (раней пяць дзён запар колькасьць выпісаных вагалася ў вышэйшым дыяпазоне: 976–1351);
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 805 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 22 973;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 778 935 тэстаў (18 386 на дзень, рэкордна нізкі адсотак станоўчых: 3,61%);
11:39 17.6.2020

Самалёты «Белавія» ўжо лятаюць у 20 краін сьвету. Якія перасьцярогі ад COVID-19 застаюцца?

19 чэрвеня авіякампанія «Белавія» аднаўляе наўпроставыя рэйсы зь Менску ў Харкаў і назад. Пералёты будуць штодзённыя. Раней зь беларускай сталіцы ўжо можна было вылецець у Кіеў, Адэсу, таксама анансуюць палёты ў Львоў.

Пры гэтым пасажыры мусяць выконваць шэраг патрабаваньняў. У прыватнасьці, для ўезду ва Ўкраіну неабходны страхавы поліс, а для асобаў з праблемных з прычыны каранавірусу тэрыторыяў — самаізаляцыя. Людзей бяз масак на пасадку не пускаюць.

Выключэньні — для супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і міжнародных місіяў; чальцоў экіпажаў транспартных сродкаў, паветраных, марскіх суднаў і лякаматыўных брыгадаў, калі няма падставаў меркаваць, што яны былі ў кантакце з хворым COVID-19.

У сваю чаргу іншаземцы, якія прыляцелі ў Беларусь, мусяць прайсьці тэмпэратурны скрынінг і абавязковую 14-дзённую самаізаляцыю. Таксама замежным грамадзянам спатрэбіцца мэдычная страхоўка, якая пакрывае лячэньне COVID-19.

11:38 17.6.2020

Прэзыдэнт Гандурасу расказаў, што заразіўся COVID-19. Хворыя ягоныя памочнікі і ягоная жонка

Прэзыдэнт Гандурасу Хуан Арлянда Эрнандэс расказаў, што мае слабыя сымптомы і пасьля пачатку лекаваньня пачуваецца лепей. Заразіліся таксама ягоная жонка (у яе няма сымптомаў) і два памочнікі прэзыдэнта, іх лекуюць.

«Як прэзыдэнт нацыі і адказны грамадзянін, хачу паведаміць, што ў выходныя я пачаў адчуваць дыскамфорт, і сёньня мне паставілі дыягназ —заражэньне COVID-19, — казаў Эрнандэс. — Яны раілі адпачыць, але я буду працаваць дыстанцыйна і праз памочнікаў».

Ён прымае шэраг лекаў, у тым ліку ўжывае цынк, мікрадацын і азытраміцын (лекаў ад COVID-19 няма, але ёсьць сродкі, якія зьмякчаюць сымптомы, а таксама экспэрымэнтальныя лекі, эфэктыўнасьць якіх пакуль не даказалі — азытраміцын у ліку апошніх).

11:35 17.6.2020

У рэзыдэнцыі Пуціна паставілі дэзынфэкцыйны тунэль

У рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі ў Нова-Агарове паставілі тунэль для дэзынфекцыі. Тунэль распрацавала пензенская кампанія. У ім на чалавека распыляюць дэзынфэкцыйную рошчыну.

Як паведамляў у канцы красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, Уладзімір Пуцін праз пагрозу каранавірусу скараціў колькасьць вочных сустрэчаў і трымае сацыяльную дыстанцыю пры зносінах з памочнікамі і наведнікамі. Усе супрацоўнікі адміністрацыі і наведнікі прэзыдэнта праходзяць тэставаньне на COVID-19.

11:34 17.6.2020

Урад Беларусі пастанавіў забясьпечваць хворых на каранавірус бясплатнымі мэдыкамэнтамі

Савет міністраў Беларусі ўнёс вірусную інфэкцыю COVID-19 у пералік захворваньняў, якія даюць грамадзянам права на бясплатнае забесьпячэньне лекавымі сродкамі паводле рэцэптаў лекараў пры амбуляторным лячэньні, а таксама лячэбным харчаваньні.

Агулам у пераліку такіх захворваньняў цяпер каля сотні пазыцыяў. Інфэкцыю, выкліканую каранавірусам, уключылі ў сьпіс пасьля хваробы, выкліканай вірусам імунадэфіцыту чалавека.

22:37 16.6.2020

Навукоўцы знайшлі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад COVID-19

Навукоўцы з Оксфардзкага ўнівэрсытэту заявілі 16 чэрвеня, што яны вызначылі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад заражэньня каранавірусам.

Прэпаратам аказаўся даволі танны стэроід — дэксамэтазон. Гэты лек зьменшыў сьмяротнасьць інфікаваных пацыентаў, якім рабілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх, на траціну, а тых, якія атрымлівалі кісларод, — на 20 адсоткаў. Выпрабаваньні дэксамэтазону рабіліся на групе 6 тысяч пацыентаў, зь якіх 2 тысячы праходзілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх або атрымлівалі кісларод.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG