Былая супрацоўніца эпідэмічнага аддзелу санслужбы Менску пра сытуацыю з COVID-19: «Баюся людзкой панікі і агрэсіі»
«На распаўсюджваньне эпідэмій уплываюць як прыродныя фактары, так і сацыяльныя, таму браць за аснову думку лекара з Гішпаніі ці Італіі ня трэба — у нас і клімат іншы, і сыстэма працуе інакш», — лічыць Натальля Агарэлышава, былая супрацоўніца эпідэмічнага аддзелу Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, а цяпер магістарка ў культурнай спадчыне.
Як дзяржава фінансуе змаганьне з каранавірусам у ЗША. Тлумачыць амэрыканскі прафэсар
Як у ЗША лечаць ад каранавірусу тых, хто ня мае страхоўкі? Ці праўда, што там справа ідзе да нацыяналізацыі мэдычнай галіны? Ці адраджаюцца рэцэпты знакамітага брытанскага эканаміста Джона Кейнса, якімі карыстаўся Франклін Рузвэльт падчас «Вялікай дэпрэсіі» на мяжы 20-30 гадоў ХХ стагодзьдзя?
На гэтыя пытаньні Свабоды адказаў прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штата Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.
Хатняя трэніроўка ад вядомага саксафаніста
Беларускі фітнэс-трэнэр і джазмэн Павал Аракелян, вядомы выступамі з праектам Pavel Arakelian and The Outsiders і гуртом «Крамбамбуля», апублікаваў на Youtube вясёлы 5-хвілінны ролік з парадамі для хатніх трэніровак ва ўмовах самаізаляцыі. Кажа, «калі надыдзе апакаліпсіс і да вас дамоў прыйдуць самыя жахлівыя, вялізныя і страшныя зьвяругі на раёне забіраць вашую грэчку, каб вы іх сустрэлі ў форме».
Першыя сьмерці ў Казахстане і Ўзбэкістане
Казахстан 26 сакавіка зафіксаваў першую сьмерць ад COVID-19. Вядома толькі, што памерла жанчына. У найбуйнейшых гарадах, Нур-Султане і Алматы, людзям ад 28 сакавіка будзе забаронена выходзіць з дамоў, акрамя як для працы, куплі ежы і мэдыкамэнтаў. У іх, а таксама ў трэцім найбуйнейшым горадзе Шымкенце, закрытыя публічныя прасторы і тэрміналы міжгародняга транспарту. У краіне пацьверджаныя больш за 120 выпадкаў новага каранавірусу.
Міністэрства здароўя Ўзбэкістану абвясьціла 27 сакавіка пра першую сьмерць, зьвязаную з COVID-19. Агулам у краіне вядома пра 75 інфікаваных. Памёр 72-гадовы мужчына з гораду Наманган, які меў іншыя хранічныя захворваньні. У Намангане, як і ў сталіцы Ташкенце, раней абвясьцілі пра закрыцьцё гораду і карантын, краіна закрыла межы. Мэдыкам ва Ўзбэкістане плоцяць кожныя два тыдні па 2500 даляраў, што ў некалькі разоў вышэй за месячны заробак. Мэдсёстрам і мэдбратам, а таксама лябарантам кожныя два тыдні плоцяць 1500 даляраў, малодшым мэдработнікам па 1000. У выпадку інфікаваньня мэдыкам абяцаюць 10 тысяч даляраў кампэнсацыі.
Кіргізстан абвясьціў 24 сакавіка надзвычайны стан у некалькіх гарадах і рэгіёнах у сувязі з каранавірусам, там пацьвердзілі 44 выпадкі COVID-19, шэсьць чалавек у рэанімацыі. Таджыкістан і Туркмэністан не паведамлялі пра пацьверджаныя выпадкі інфэкцыі.
Саміт G-20 прайшоў па відэасувязі. Пуцін прасіў замарозіць санкцыі
На нарадзе лідэраў краінаў «Вялікай дваццаткі», якая прайшла 26 сакавіка ў фармаце відэаканфэрэнцыі і прысьвячалася барацьбе з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін прапанаваў адмовіцца ад міжнародных санкцыяў дзеля ўзаемных паставак мэдыкамэнтаў, харчаваньня, абсталяваньня і тэхналёгіяў.
«У ідэале мы павінны ўвесьці мараторый, салідарны мараторый на абмежаваньні ў дачыненьні да тавараў першай неабходнасьці, а таксама на фінансавыя транзакцыі для іх куплі», — заявіў Пуцін.
Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба раней выказваў асьцярогі, што Расея можа скарыстацца пандэміяй, каб паспрабаваць дамагчыся ад краінаў Эўразьвязу паслабленьня або зьняцьця санкцыяў з «гуманітарных меркаваньняў».
Як працуюць беларускія санаторыі пасьля закрыцьця межаў. Некаторыя мелі да 90% кліентаў з Расеі
Большасьць наведнікаў беларускіх санаторыяў складаюць расейскія турысты. У апошнія гады авялічыўся паток з краін Балтыі. Перадусім кліентаў прываблівае добры ўзровень мэдыцынскай базы з элемэнтамі спа-паслуг.
Праз закрыцьцё межаў беларускія здраўніцы страцілі частку кліентаў — эўрапейскія турысты анулявалі пуцёўкі на сакавік і красавік. Большасьць расейскіх турыстаў устрымліваюцца ад паездак. Расея закрыла свае межы для ўезду іншаземцаў. Грамадзяне РФ могуць пакідаць краіну і ўяжджаць у Беларусь, аднак па вяртаньні іх чакае двухтыднёвы карантын.
ЗША абагналі Кітай у колькасьці выпадкаў інфэкцыі. Італія вось-вось абгоніць
- ЗША выйшлі на першае месца паводле агульнай колькасьці выпадкаў COVID-19 у сьвеце, і тэмпы распаўсюду вірусу там толькі паскараюцца. Толькі за 26 сакавіка там зафіксавалі 17,2 тысячы новых выпадкаў новага каранавірусу, 268 сьмерцяў, зьвязаных зь ім. Праз абмежавальныя меры, прынятыя ў сувязі з пандэміяй, у ЗША ўжо тры мільёны чалавек зьвярнуліся па дапамогу ў беспрацоўі. Сэнат ЗША ўхваліў пакет дапамогі эканоміцы на 2 трыльёны даляраў.
- Кітай, зь якога пачалася пандэмія, з пачатку сакавіка амаль не фіксуе новых выпадкаў COVID-19 — менш за сотню выпадкаў на дзень. Цягам апошняга тыдню ад каранавірусу памірае менш за 10 чалавек на дзень. Колькасьць «актыўных выпадкаў» (хворых проста цяпер) зьмяншаецца ад 18 лютага, цяпер дасягнула ўсяго 3,4 тысячы. Але Кітай баіцца паўторнай успышкі праз завоз вірусу — з 28 сакавіка прыпыніць уезд іншаземцаў зь дзейнымі візамі.
- У Італіі колькасьць новых выпадкаў COVID-19 цягам апошняга тыдня стабілізавалася — трымаецца ў раёне 4,8–6,5 тысяч на дзень, але ўжо не расьце паскоранымі тэмпамі. На дзень фіксуюць 600–800 сьмерцяў. Ды нават са «стабільнымі» тэмпамі распаўсюду вірусу Італія ўжо сёньня абгоніць Кітай паводле агульнай колькасьці выпадкаў.
- Гішпанія на чацьвёртым месцы паводле колькасьці выпадкаў COVID-19, але ўжо на другім пасьля Італіі паводле колькасьці сьмерцяў. Тэмпы росту колькасьці памерлых ад COVID-19 у ЗША, Гішпаніі і Францыі ўжо вышэйшыя, чым у Італіі.
Лічбы на раніцу 27 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі 523,3 тысячы выпадкаў COVID-19: 85,6 тысячы ў ЗША, 81,8 тысячы ў Кітаі, 80,6 тысячы ў Італіі, 57,8 тысячы ў Гішпаніі, 43,9 тысячы ў Нямеччыне, 29,4 тысячы ў Іране, 29,2 тысячы ў Францыі, 11,8 тысячы ў Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 24,9 тысячы чалавек. Зь іх 8215 у Італіі, 4365 у Гішпаніі, 3296 у Кітаі, 2234 у Іране, 1696 у Францыі, 1300 у ЗША.
- Выпісалі 124,3 тысячы пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 383,8 тысячы, зь іх 19,6 тысячы ў цяжкім стане.
- У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. 26 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
Украіна 27 сакавіка цалкам закрывае сваю мяжу
Украіна ў канцы дня 27 сакавіка цалкам закрые дзяржаўную мяжу на ўезд і выезд праз каранавірусную інфэкцыю. Пра гэта ў тэлезвароце заявіў 26 сакавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Зяленскі сказаў, што 27 сакавіка будуць спыненыя ўсе пасажырскія зносіны з замежнымі краінамі. Аб грамадзянах Украіны, якія засталіся за мяжой, павінны будуць паклапаціцца дыпляматычныя прадстаўніцтвы і ўкраінская дыяспара.
Ці ёсьць у жанчыны з Жыткавіч каранавірус? Што казаў міністар Уладзімер Каранік пра тэсты
«Адназначна сказаць, што там ёсьць каранавірус, мы пакуль ня можам. Ідзе яшчэ ўдакладняльная дыягностыка», — сказаў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік 25 сакавіка пра сытуацыю з жанчынай з Жыткавіч.
58-гадовая жыхарка Жыткавіч тыдзень была на бальнічным з дыягназам ВРВІ і піла антыбіётыкі, але лепш ёй не станавілася. Пасьля адной з кансультацый зь лекарам яна страціла прытомнасьць. За межы краіны і Жыткавіч яна не выяжджала.
Пісьменьнік Барыс Акунін выказаў скепсіс наконт каранавірусу, а цяпер заразіўся ім
Расейскі пісьменьнік Барыс Акунін паведаміў у сваім фэйсбуку, што захварэў на каранавірус.
Кітай з 28 сакавіка прыпыніць уезд іншаземцаў зь дзейнымі візамі
МЗС Кітаю 26 сакавіка абвясьціў аб увядзеньні часовай забароны на ўезд у краіну іншаземцам зь дзейнымі візамі або зь відам на жыхарства з прычыны пандэміі каранавірусу. Забарона ўступае ў сілу 28 сакавіка.
Мінспорту прапанавала льготы для турызму на час эпідэміі
Пандэмія каранавірусу найперш ударыла па сфэры турызму, які цяпер фактычна не працуе, бо межы пазакрываліся. У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі і Саюзе турыстычных арганізацый прапанавалі Міністэрству эканомікі ўвесьці для турыстычных кампаній падатковыя вакацыі ды іншыя паслабленьні.
Чытайце таксама:
«Людзі могуць страціць працу». Што чакае сфэру турызму
«Расейцы ня едуць, а нас адпраўляюць на палову стаўкі». Што адбываецца ў беларускіх санаторыях, дзе да паловы пуцёвак набывалі расейцы?
Каранавірус у Італіі: на матчы Лігі чэмпіёнаў выбухнула «біялягічная бомба»
Пераможны футбольны матч італьянскай каманды ў Лізе чэмпіёнаў, які выклікаў эўфарыю мясцовых заўзятараў, зь цягам часу стаў адным са знакаў каранавіруснай бяды, якая напаткала паўночную Італію, а потым і ўсю краіну.
19 лютага футбольная каманда «Аталянта Бэргама» (Atalanta Bergamo) выйграла ў гішпанскай «Валенсіі» (Valencia CF) зь лікам 4:1. Матч адбыўся не ў 120-тысячным родным горадзе італьянскай каманды, а на стадыёне Сан Сіра ў Міляне, дзе яго паглядзелі 40 тысяч жыхароў Бэргама. У той час у Італіі мала хто быў занепакоены захворваньнем COVID-19.
Некалькі тыдняў пазьней аказалася, што правінцыя і горад Бэргама сталі найбольш пацярпелым ад інфэкцыі каранавірусу рэгіёнам у Італіі. The Washington Post паведамляе, што нэкралёгі ў штодзённай газэце ў Бэргама займаюць 10–11 старонак.
«Якога **я вы сунецеся на вуліцу?» Італьянскія мэры шалеюць, што людзі не сядзяць дома
Міжнародная фэдэрацыя ўнівэрсытэцкага спорту адмяніла ўсе спаборніцтвы да жніўня 2020 году
Такім чынам, Міжнародная фэдэрацыя ўнівэрсытэцкага спорту (FISU) адмовілася ад правядзеньня плянэтарных форумаў па амэрыканскім футболе, роварным спорце, гандболе, гольфе, пляжным валейболе, фларболе, трыятлёне, парусным спорце, ушу, футзале, сквошу і тайскім боксе, спартыўным арыентаваньні.
Таксама будзе перанесены на верасень міжнародны адукацыйны форум FISU Leaders Academy, які быў заплянаваны 10-16 чэрвеня ў Казані.
Італьянская прэса: 80% расейскай дапамогі бескарысныя для змаганьня з COVID-19
Італьянская газэта La Stampa, спасылаючыся на «палітычныя крыніцы высокага ўзроўню» паведамляе, што 80% расейскай дапамогі бескарысныя для змаганьня з COVID-19.
У той час як Кітай накіраваў у Італію пераважна мэдычныя маскі і апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, дэфіцыт якіх востра адчуваецца і па сёньня, Масква паставіла абсталяваньне для дэзынфэкцыі тэрыторыяў і іншую падобную тэхніку.
La Stampa прыводзіць меркаваньне сваіх крыніцаў, якія лічаць, што Масква дзейнічае зыходзячы са сваіх палітычных інтарэсаў, а ня толькі з гуманітарных меркаваньняў. Прэм’ер Італіі мае намер усталяваць добрыя адносіны з Масквой, і таму пагадзіўся прыняць дапамогу.
Францускі міністар заклікаў афіцыянтаў і цырульнікаў працаваць у полі
Міністар сельскай гаспадаркі Францыі Дыдзье Гіём заклікаў усіх, хто страціў працу з прычыны эпідэміі, шукаць працу ў сельскай гаспадарцы. Прв гэта ён заявіў у эфіры тэлеканаду BFM TV.
— Я звяртаюся да жанчын і мужчын, якія не працуюць, зачыненыя ў сваіх дамах, да афіцыянтаў у рэстаранах, абслулі у гатэлях, цырульнікаў у маім раёне, якія больш не працуюць. Я кажу вам — падтрымлівайце сельскую гаспадарку, — сказаў Гіём.
Ён нагадаў, што сельская гаспадарка павінна «працаваць, каб карміць французаў». Ён таксама падлічыў, што гэты сэктар эканомікі адчувае дэфіцыт каля 200 000 чалавек.
Украіна атрымала ад ААН 33 мільёны даляраў на барацьбу з каранавірусам
Украіна атрымала ад Арганізацыі аб’яднаных нацый $33 мільёны ў рамках праграмы «Глябальны плян гуманітарнага рэагаваньня для барацьбы з COVID-19».
Грошы будуць накіраваныя на рэалізацыю гуманітарных праектаў на Данбасе па абодва бакі лініі разьмежаваньня, у тым ліку на тэрыторыі, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты.
Грошы пойдуць на фінансаваньне:
- мэдычных установаў (дастаўку неабходнага лябараторнага абсталяваньня і мэдыкамэнтаў)
- забясьпячэньня харчовай бясьпекі ў рэгіёне і раздачы тавараў першай неабходнасьці мясцовым жыхарам
- дапамогі асобам сталага веку і людзям з інваліднасьцю
- дыстанцыйнай школьнай адукацыі
- правядзеньне інфармацыйных кампаній у справе абароны сябе і навакольных ад вірусу.
КНДР негалосна папрасіла дапамогі ў барацьбе з каранавірусам — Financial Times
Паўночная Карэя адправіла адпаведныя запыты, у прыватнасьці, у Сусьветную арганізацыю аховы здароўя і Міжнародны чырвоны крыж. Апроч іншага, як сьцьвярджаюць крыніцы, просьбы аб дапамозе адрасаваныя таксама Расеі і Кітаю.