Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус. ЗША абагналі Кітай у колькасьці выпадкаў інфэкцыі. Італія вось-вось абгоніць


Блёкпост у Бішкеку, Кіргізстан. Ілюстрацыйнае фота

На раніцу 27 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 523,3 тысячы выпадкаў COVID-19: 85,6 тысячы ў ЗША, 81,8 тысячы ў Кітаі, 80,6 тысячы ў Італіі, 57,8 тысячы ў Гішпаніі, 43,9 тысячы ў Нямеччыне, 29,4 тысячы ў Іране, 29,2 тысячы ў Францыі, 11,8 тысячы ў Швайцарыі.

Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 24,9 тысячы чалавек. Зь іх 8215 у Італіі, 4365 у Гішпаніі, 3296 у Кітаі, 2234 у Іране, 1696 у Францыі, 1300 у ЗША.

Выпісалі 124,3 тысячы пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 383,8 тысячы, зь іх 19,6 тысячы ў цяжкім стане.

У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. 26 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.

ЗША выйшлі на першае месца паводле агульнай колькасьці выпадкаў COVID-19 у сьвеце, і тэмпы распаўсюду вірусу там толькі паскараюцца. Толькі за 26 сакавіка там зафіксавалі 17,2 тысячы новых выпадкаў новага каранавірусу, 268 сьмерцяў, зьвязаных зь ім. Праз абмежавальныя захады, прынятыя ў сувязі з пандэміяй, у ЗША ўжо тры мільёны чалавек зьвярнуліся па дапамогу ў беспрацоўі. Сэнат ЗША ўхваліў пакет дапамогі эканоміцы на 2 трыльёны даляраў.

Кітай, зь якога пачалася пандэмія, з пачатку сакавіка амаль не фіксуе новых выпадкаў COVID-19 — менш за сотню за дзень. Цягам апошняга тыдня ад каранавірусу памірае менш за 10 чалавек штодзень. Колькасьць «актыўных выпадкаў» (хворых проста цяпер) зьмяншаецца ад 18 лютага, цяпер дасягнула ўсяго 3,4 тысячы. Але Кітай баіцца паўторнай успышкі праз завоз вірусу — з 28 сакавіка прыпыніць уезд іншаземцаў зь дзейнымі візамі.

У Італіі колькасьць новых выпадкаў COVID-19 цягам апошняга тыдня стабілізавалася — трымаецца ў раёне 4,8–6,5 тысяч на дзень, але ўжо не расьце паскоранымі тэмпамі. За дзень фіксуюць 600–800 сьмерцяў. Ды нават са «стабільнымі» тэмпамі распаўсюду вірусу Італія ўжо сёньня абгоніць Кітай паводле агульнай колькасьці выпадкаў.

Гішпанія на чацьвёртым месцы паводле колькасьці выпадкаў COVID-19, але ўжо на другім пасьля Італіі ў колькасьці сьмерцяў. Тэмпы росту колькасьці памерлых ад COVID-19 у ЗША, Гішпаніі і Францыі ўжо вышэйшыя, чым у Італіі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG