Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР негалосна папрасіла дапамогі ў барацьбе з каранавірусам — Financial Times


У Паўночнай Карэі, 26 лютага 2020 году.

КНДР негалосна зьвярнулася па міжнародную дапамогу ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруса COVID-19. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на крыніцы. Паводле дадзеных газэты, Пхэньян хоча набыць тэсты на каранавірус.

Паўночная Карэя адправіла адпаведныя запыты, у прыватнасьці, у Сусьветную арганізацыю аховы здароўя і Міжнародны чырвоны крыж. Апроч іншага, як сьцьвярджаюць крыніцы, просьбы аб дапамозе адрасаваныя таксама Расеі і Кітаю.

У афіцыйнай сусьветнай статыстыцы ў справе распаўсюджваньня каранавіруса новага тыпу КНДР адсутнічае. Аднак экспэрты ў галіне мэдыцыны мяркуюць, што ў краіны няма дастатковых магчымасьцяў для дыягностыкі носьбітаў віруса.

Адна з крыніц Financial Times распавяла, што ў КНДР на пачатку году пратэставана на каранавірус каля 600 чалавек. Вынікі праверкі аказаліся адмоўнымі. Тэсты даставілі з-за мяжы.

Пасьля таго, як у студзені ва Ўхані зьявіліся паведамленьні пра ўспышку COVID-19, Паўночная Карэя неадкладна закрыла свае межы.

Паводле паведамленьняў паўночнакарэйскіх дзяржаўных СМІ, за апошнія два месяцы на тэрыторыі КНДР у карантын было адпраўлена 10 тысяч чалавек. Міжнародныя экспэрты ў галіне аховы здароўя лічаць, што пад абмежаваньні траплялі ўсе, у каго былі выяўлены сымптомы Covid-19.

Паводле дадзеных Financial Times, большасьць міжнародных арганізацый дамагаюцца адмены санкцый ААН, каб вырашыць легальныя пастаўкі мэдычных тавараў у Паўночную Карэю, але гэты працэс займае некалькі тыдняў. Экспэрты асьцерагаюцца абвастрэньня гуманітарнага крызісу ў краіне.

  • Распаўсюджваньне каранавіруса COVID-19 пачалося ў сьнежні летась у Кітаі. Затым цэнтар эпідэміі перамясьціўся ў Італію. На сёньняшні дзень у сьвеце вірусам заражаныя амаль паўмільёна чалавек. Лік выздаравеўшых складае больш за 177 тысяч. Больш за 22 тысяч пацыентаў памерлі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG