Расейскі пісьменьнік Барыс Акунін паведаміў у сваім фэйсбуку, што захварэў на каранавірус.
63-х гадовы расейскі пісьменьнік Барыс Акунін, аўтар папулярных дэтэктыўных раманаў і кніг па расейскай гісторыі, які апошнія гады жыве ў Вялікай Брытаніі, напісаў у сваім фэйсбуку:
«Я закінуў ФБ, таму што валяюся з моднай хваробай. Крыху ўмацуюся — абавязкова падзялюся ўражаньнямі. (Спойлер: страх перад каранавірусам значна страшнейшы самога каранавірусу. Асьцярожным быць трэба, а панікаваць ня варта)».
Тры тыдні таму Акунін у фэйсбуку выказаў скептычнае стаўленьне да пандэміі каранавірусу:
«Сапраўднай эпідэміяй — не, пандэміяй — цяпер, па-мойму, зьяўляецца не каранавірус, а сусьветная гістэрыка, выкліканая гэтай нечувана небясьпечнай заразай, якая ўразіла — страшна вымавіць — 0,000013% сусьветнага насельніцтва.
У Эўропе больш за ўсё пацярпела Італія, дзе памерлі 197 чалавек, і італьянцы, здаецца, у абсалютнай паніцы. (Прытым што ад звычайнага грыпу ў 2013-17 гг. памерлі больш як 68 000 чалавек).
Ад адных нэрваў пачаўся сусьветны фінансавы крызіс, які закране многія мільёны людзей, кагосьці давядзе да галечы, кагосьці пакіне бяз працы. І гэта несумненна яшчэ толькі кветачкі. Галоўнае наперадзе.
Усё больш пераконваюся: галоўная праблема сучаснага чалавецтва — інфантыльная ўнушальнасьць і любоў да статкавага страху.
А зрэшты, давайце праверым» — напісаў Акунін 7 сакавіка.