Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовілася пераглядаць умовы крэдыту на БелАЭС


Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год

Перамовы пра зьмены ўмоваў расейскага крэдыту на будаўніцтва Астравецкай АЭС працягваюцца, але беларуская прапанова «ня можа быць выкананая».

Зьніжэньне адсоткавай стаўкі і працяг тэрмінаў крэдыту на БелАЭС, аб чым прасіла Беларусь, «ня могуць быць прынятыя», перадае РБК заяву намесьніка міністра фінансаў Расеі Сяргея Строчака. Кампрамісы, дадаў ён, «трэба шукаць у іншай вобласьці».

Строчак адзначыў: беларускія калегі «настойліва просяць» пераглядзець умовы крэдыту, «кансультацыі ідуць у працоўным парадку, нічога асаблівага не адбываецца».

Раней першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзьмітры Круты казаў, што Беларусь просіць адкласьці час пачатку выплатаў, «рассунуць» тэрміны крэдыту і зьнізіць адсоткавую стаўку, «прывёўшы яе ў адпаведнасьць прыкладна з тымі кантрактамі, якія існуюць у „Росатома“ ў іншых краінах».

У лістападзе 2011 году, калі «Газпром» цалкам набыў «Белтрансгаз», было падпісана міжурадавае пагадненьне аб расейскім крэдыце для будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 году. Раней беларускі бок ужо зьвяртаўся да Расеі з прапановамі зьмяніць умовы крэдыту, але атрымаў адмову.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG