Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская выведка расказала пра невядомы пажар на БелАЭС


Астравецкая АЭС, архіўнае фота
Астравецкая АЭС, архіўнае фота

У штогадовай справаздачы Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы і вайсковай выведкі сказана, што БелАЭС будуюць насуперак патрабаваньням міжнародных стандартаў бясьпекі, піша Delfi.

«Па меры набліжэньня прызначанага тэрміну запуску БелАЭС нарастае напружаньне паміж адказнымі беларускімі ведамствамі, замоўнікамі праекту, і прадстаўнікамі „Росатома“ — усе яны баяцца адказнасьці за магчымыя інцыдэнты на пабудаванай у сьпешцы БелАЭС», — сказана ў справаздачы.

Літоўская выведка зьвяртае ўвагу на тое, што ў ліпені 2019 году з пасады сышоў Дзьмітры Романец, які кіраваў будаўніцтвам БелаАЭС і зьвязвае ягоны сыход з жаданьнем «пазьбегнуць адказнасьці за інцыдэнты, якія адбыліся», і «далейшымі складанымі работамі ў падрыхтоўцы станцыі да запуску».

У справаздачы сьцьвярджаецца, што Сьледчы камітэт Беларусі пачаў расьсьледаваньне ў сувязі з інцыдэнтамі на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС, у ходзе якога затрымалі некалькі чалавек, «аднак празь ціск з боку расейскіх дыпляматаў справы былі спыненыя».

Таксама, паводле літоўскай выведкі, у канцы чэрвеня 2019 году «праз халатнасьць дзеяньняў рабочых у першым блоку АЭС, побач з рэактарам, пачаўся пажар, аднак беларускія ведамствы не паведамілі пра гэты інцыдэнт». Устаноўку на ўтойваньне падобнай інфармацыі падтрымлівае і расейскі «Росатом», сьцьвярджае літоўская выведка, «паколькі баіцца за сваю міжнародную рэпутацыю».

Пісалі пра пажар у траўні, а ня ў чэрвені

Пра пажар на БелаАЭС пісаў у жніўні 2019 году Telegram-канал Nexta. Аднак, паводле каналу, пажар адбыўся 12 траўня, гарэў тунэль камунікацый глыбока пад зямлёй, прычынай стала тое, што маляр-тынкар вырашыў пакурыць побач з адкрытай ёмістасьцю, у якой знаходзіўся гаручы распушчальнік.

Пазьней здарэньне пракамэнтаваў прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі, сказаўшы, што «ніхто не засакрэчваў гэты інцыдэнт» і што «гэта не пажар, гэта было ўзгараньне распушчальніку ў пасудзіне». Пра пажар у канцы чэрвеня 2019 году ніякай інфармацыі не было.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG