Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінэнэрга раскрылі пляны перапрацоўкі і захоўваньня адпрацаванага ядзернага паліва


Міністэрства энэргетыкі Беларусі займаецца падрыхтоўкай двух міжурадавых пагадненьняў, якія тычацца перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП) зь Беларускай АЭС у Расеі, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі рэспублікі Міхаіл Міхадзюк у інтэрвію газэце «Рэспубліка».

«Згодна з падпісаным міжурадавым пагадненьнем мы будзем мець магчымасьць перапрацоўваць АЯП на расейскіх прадпрыемствах. Мы займаемся падрыхтоўкай адпаведных міжурадавых пагадненьняў, адно зь якіх тычыцца транспартаваньня паліва. Яго падпісаньне плянуецца сёлета. Другое тычыцца канкрэтных умоваў перапрацоўкі АЯП», — сказаў Міхадзюк.

Шэраг прынцыповых пытаньняў другога дакумэнту, паводле Міхадзюка, патрабуе дадатковай сумеснай прапрацоўкі з расейскім бокам, яго плянуюць распрацаваць і падпісаць у 2021 годзе.

Акрамя таго, Міхадзюк нагадаў аб плянах збудаваць сховішча АЯП на тэрыторыі Беларусі ў 2028 годзе. Тэхналёгіі, закладзеныя ў праекце станцыі, дазваляюць захоўваць адпрацаванае паліва да 10 гадоў, але «трэба думаць над тым, што ж будзе далей», адзначыў намесьнік міністра, і не пазьней за 2023 год выбраць месца разьмяшчэньня пункту захаваньня радыяактыўных адходаў БелАЭС.

Летам 2019 году ўрад Беларусі зацьвердзіў стратэгію абыходжаньня зь ядзернымі адкідамі, згодна зь якой найлепшым варыянтам для Беларускай АЭС зьяўляецца перапрацоўка АЯП ў Расеі зь вяртаньнем у Беларусь адкідаў з радыянуклідамі цэзіева-стронцыевай фракцыі, з выключэньнем доўгажывучых радыянуклідаў.

Агульныя затраты на абыходжаньне з АЯП пры цяперашніх тэхналёгіях ацэньваюцца ў суму ад 2,5 да 3,5 мільярда даляраў за ўвесь пэрыяд эксплюатацыі Беларускай АЭС (да 100 гадоў).

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG