Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзе як ва Ўкраіне? Беларусь вывучыла досьвед Запароскай АЭС у захоўваньні скарыстанага ядзернага паліва


Запароская АЭС, бочкі з адпрацаваным палівам
Запароская АЭС, бочкі з адпрацаваным палівам

Супрацоўнікі Беларускай АЭС тры тыдні вывучалі досьвед Запароскай атамнай электрастанцыі ў справе захоўваньня скарыстанага ядзернага паліва.

Гэты візыт быў арганізаваны Міжнародным агенцтвам атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ), адмыслоўцы якога ў 2000 годзе назвалі Запароскую АЭС адной з трох найлепшых станцый у сьвеце.

«Прыярытэт для нас на стадыі будаўніцтва, а мы ўжо блізкія да яго завяршэньня, і плянуецца ўвядзеньне ў эксплюатацыю, — гэта бясьпека і павелічэньне кампэтэнцыі адказнага за яе пэрсаналу. Таму ў межах праекту тэхнічнай супрацы з МАГАТЭ нам вызначылі Запароскую АЭС для прапрацоўкі пытаньня аб абыходжаньні з радыеактыўнымі адкідамі», — сказала вядучая інжынэрка цэху БелАЭС па абыходжаньні з радыеактыўнымі адкідамі Аксана Кавалёва.

«Мы атрымалі вычарпальную інфармацыю, пачынаючы ад утварэньня радыеактыўных адкідаў, месцаў іх збору да фармаваньня гатовых кантэйнэраў зь імі. Мы зразумелі, на чым трэба засяродзіць увагу і як навучыць пэрсанал», — дадаў інжынэр БелАЭС Яўген Мядзелец.

Прэсавая служба Запароскай АЭС падрыхтавала адмысловы відэаролік аб наведаньні беларускімі адмыслоўцамі ўкраінскай станцыі.

Чым адметная Запароская АЭС

Запароская АЭС — найбольшая ў Эўропе і шостая паводле велічыні сярод атамных станцый у сьвеце. Тут працуюць шэсьць атамных энэргаблёкаў агульнай магутнасьцю 6 мільёнаў кіляват.

Яшчэ адна яе адметнасьць — сыстэма абыходжаньня са скарыстаным ядзерным палівам. Гэта адзіная ўкраінская АЭС, якая не вывозіць яго ў Расею, а захоўвае на сваёй тэрыторыі.

Сховішча пабудаванае ў 2001 годзе паводле амэрыканскага праекту. Картрыджы са скарыстаным палівам зьмяшчаюцца ў вэнтыляваныя бэтонныя кантэйнэры. Усяго іх 380, што дазволіць забясьпечыць захоўваньне радыеактыўных адкідаў, выдаленых з рэактараў, на працягу ўсяго тэрміну эксплюатацыі станцыі. Тэрмін захоўваньня разьлічаны на 50 гадоў.

Украіна паступова адмаўляецца ад супрацы з Расеяй

Тры іншыя ўкраінскія атамныя станцыі дагэтуль вывозяць скарыстанае ядзернае паліва ў Расею. Яго прымае дзяржаўны «Горна-хімічны камбінат», які, як чакаецца, пачне перапрацоўваць яго толькі пасьля 2020 году, а ўсе высокаактыўныя радыеактыўныя адкіды пасьля перапрацоўкі павінны вярнуцца ва Ўкраіну.

Урад Украіны разглядае такую залежнасьць ад Расеі як пагрозу энэргетычнай бясьпецы краіны, бо ў выпадку адмовы расейскага боку прымаць радыеактыўныя адкіды могуць спыніцца ўсе ўкраінскія АЭС. На пачатку 90-х так ужо было — Расея тры гады не прымала з Украіны скарыстанага ядзернага паліва.

Сёлета ў чэрвені ўрад Украіны зацьвердзіў канцэпцыю Нацыянальнай эканамічнай праграмы абыходжаньня са скарыстаным ядзерным палівам. Яна разьлічаная да 2024 году і прадугледжвае стварэньне цэнтралізаванага сховішча. Такое сховішча будуецца зь лістапада 2017 году ў зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС і ўжо з сакавіка 2020 году зможа прымаць радыеактыўныя адкіды з усіх украінскіх АЭС.

Што будзе з палівам БелАЭС, яшчэ ня вырашылі

У Беларусі ў канцы лета прынялі стратэгію абыходжаньня з скарыстаным ядзерным палівам зь БелАЭС і папярэдне ацанілі сумы грошай, патрэбныя для захаваньня адкідаў. Але канчатковых рашэньняў наконт таго, дзе захоўваць адкіды і як іх перапрацоўваць, няма.

Найперш разглядаюць перапрацоўку адкідаў БелАЭС у Расеі, а калі з Расеяй ня ўдасца дамовіцца — «доўгачасовае прамежкавае захоўваньне скарыстанага ядзернага паліва з наступным пахаваньнем у глыбіннай геалягічнай фармацыі» або «іншыя варыянты з улікам новых навукова-тэхнічных дасягненьняў пры ўмове эканамічнай і экалягічнай мэтазгоднасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG