Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Баку абмяркоўваюць выкарыстаньне нафтаправоду Адэса — Броды для пастаўкі нафты ў Беларусь


Здабыча нафты каля Баку

Менск і Баку абмяркоўваюць выкарыстаньне нафтаправоду Адэса — Броды для пастаўкі нафты ў Беларусь, паведамілі БелаПАН у Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджану (SOCAR).

«Мы вядзём перамовы зь беларускім бокам, і разглядаюцца пастаўкі нафты ў Беларусь з боку SOCAR. Выкарыстаньне нафтаправоду Адэса — Броды ёсьць адной з магчымых опцый», — заявіў БелаПАН прадстаўнік SOCAR Ібрагім Ахмедаў.

Крыніца ў нафтахімічным комплексе Беларусі паведаміла БелаПАН, што неўзабаве чакаецца пастаўка нафты на Мазырскі НПЗ.

«Будзе на Мазыр пастаўка, у любым выпадку. А краін там з Чорнага мора ня так ужо і шмат», — сказаў суразмоўца, не ўдакладніўшы краіну-пастаўшчыка.

Беларусь раней ужо закупляла азэрбайджанскую нафту. У 2011 годзе было імпартавана 974 тысяч тон па сярэдняй цане 838 даляраў за тону. З Расеі ў тым жа годзе было імпартавана 18 млн тон нафты (410 даляраў за тону), з Вэнэсуэлы — 1,3 млн тон (857 даляраў за тону).

Даручэньне ў найбліжэйшы час забясьпечыць пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц у канцы мінулага году даў Аляксандар Лукашэнка. Перш за ўсё размова ідзе аб пастаўках чыгуначным транспартам з балтыйскіх партоў, а таксама аб задзейнічаньні для альтэрнатыўных паставак нафтаправоду «Дружба», паведамляла прэс-служба прэзыдэнта. Афіцыйны лідэр заявіў, што пры адсутнасьці дамоўленасьцяў з Расеяй Беларусь можа рэвэрсам пампаваць амэрыканскую ці саудаўскую нафту праз Польшчу па магістральным нафтаправодзе.

Як паведаміў 14 студзеня першы віцэ-прэмʼер Беларусі Дзьмітры Круты, камэрцыйныя прапановы былі разасланыя ва ўсе магчымыя краіны, сярод якіх Польшча, Азэрбайджан, Казахстан, Украіна і дзяржавы Балтыі. Круты выказаў надзею, што Беларусь «хутка атрымае альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі канкрэтнай нафты».

20 студзеня «Белнафтахім» паведаміў пра закупку 80 тысяч тон нарвэскай нафты. Пастаўка будзе ажыцьцяўляцца праз Клайпедзкі порт на завод «Нафтан» у Наваполацку.

Менск займаецца пошукам альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты на фоне рознагалосьсяў з Расеяй наконт цэнаў. Беларускія НПЗ пакуль не падпісалі доўгатэрміновых кантрактаў з буйнымі расейскімі пастаўшчыкамі. Закупка сыравіны ажыцьцяўляецца па дамоўленасьці з нафтавымі кампаніямі групы «Сафмар» блізкага да Лукашэнкі расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцырыева. У студзені чакаецца 750 тысяч тон нафты, што складае каля паловы месячнага абʼёму перапрацоўкі, які склаўся за апошнія гады. Нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку працуюць пры мінімальнай загрузцы.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG