Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адседзеў 26 сутак з 90. Блогер Шэры Кот расказаў, чаму яго караюць за менскія пратэсты больш за ўсіх


Дзьмітры Казлоў першыя суткі на свабодзе

20 студзеня блогера з Воршы Дзьмітрыя Казлова (вядомы як Шэры Кот) нечакана вызвалілі пасьля амаль месячнага арышту. На свабоду ён выйшаў пад падпіску, што самастойна вернецца ў мясцовы ізалятар на патрабаваньне міліцыі.

Аршанскі суд прызначыў блогеру сумарна 90 сутак арышту за заклікі да ўдзелу і за сам удзел у менскіх акцыях супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Гэта нашмат болей, чым усім іншым асуджаным пратэстоўцам. Паўлу Севярынцу, напрыклад, прысудзілі 45 сутак арышту.

27 студзеня Казлова чакае яшчэ адзін суд у Менску. У інтэрвію Свабодзе ён апавядае пра сваё зьняволеньне і выказвае меркаваньне, чаму менавіта яму выпаў самы жорсткі перасьлед за апазыцыйныя акцыі пратэсту.

Сьцісла пра Дзьмітрыя Казлова

  • 31 год, жыве ў прыгарадзе Воршы — Барані.
  • Скончыў 4 курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Вучыўся на агранома.
  • Блогерствам захапіўся ў 2017 годзе, калі шмат людзей выказвалі незадаволенасьць «дармаедзкім» дэкрэтам. Хацеў расказваць пра розныя тэмы, але «палітыка ўцягнула».
  • Ягоны YouTube-канал «Шэры кот» мае звыш 7 тысяч падпісчыкаў.
  • Жыве на ахвяраваньні падпісчыкаў. Пазначыў іх як крыніцу даходу ў выбарчай дэклярацыі аб даходах.
  • Быў кандыдатам у дэпутаты на леташніх выбарах у Палату прадстаўнікоў як актывіст «Эўрапейскай Беларусі». За лёзунг «Фальшывым выбарам баста» ягоную рэгістрацыю скасавалі.

Праз галадоўку блогеру «выдзелілі» двухмесную камэру

Па выніках пяці сьнежаньскіх акцый пратэсту за незалежнасьць на Дзьмітрыя Казлова склалі 6 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Згодна зь імі, ён удзельнічаў і заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Агулам судзьдзі Аршанскага суду (Іна Кохава, Юлія Вяршыніна, Алеся Дранькова) пакаралі блогера адміністрацыйным арыштам на 90 сутак. Зь іх ён пакуль адседзеў 26.

Лісты Шэраму Кату ў ізалятар
Лісты Шэраму Кату ў ізалятар

Дзьмітры кажа, што трое сутак трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць рашэньня суду аб зьняволеньні, але зразумеў, што плёну яна ня дасьць. Увесь гэты час кіраўніцтва аршанскага ізалятара пераконвала яго спыніць пратэст.

«Мяне праз галадоўку перавялі ў двухмесную камэру, — згадвае ён, — каб я сваім прыкладам не падбіваў іншых сядзельцаў да пратэстаў. Каб не займаўся прапагандай сваіх ідэяў».

Выпусьцілі Дзьмітрыя нечакана ўвечары 20 студзеня пад расьпіску. Згодна зь ёю на першае патрабаваньне міліцыі ён мае зьявіцца ў ізалятар, каб даседзець пакараньне. Намесьнік начальніка ўстановы патлумачыў яму, што зьняволеныя пачалі часьцей хварэць на дызэнтэрыю, таму ён прыняў рашэньне выпусьціць блогера.


Паводле праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях дазваляе суду караць парушальніка паводле аднаго пратаколу арыштам ня больш як на 15 сутак, а калі пратаколаў больш — агулам ня больш як на 25 сутак. Але ўлады даўно прызвычаіліся абыходзіць гэтае патрабаваньне закону, патлумачыў ён Свабодзе.

Як зьняволілі і судзілі блогера

Затрымалі Дзьмітрыя Казлова 25 сьнежня на чыгуначным вакзале Воршы па вяртаньні зь Менску. Ён кажа, што да яго падышоў супрацоўнік міліцыі ў цывільным (маёр Новік) і прапанаваў праехаць зь ім. У машыне сядзелі яшчэ двое супрацоўнікаў. Яго завезьлі ў раённы аддзел міліцыі. На наступны дзень, 26 сьнежня, за заклік прыйсьці 7 сьнежня ў цэнтар Менску на Марш незалежнасьці яму прысудзілі першыя 15 сутак. Справу разглядалі ў будынку райаддзелу міліцыі.

Паводле Дзьмітрыя, ужо ў ізалятары яму прынесьлі яшчэ 5 пратаколаў. Іх разглядалі ў судзе.

Зьміцер Казлоў. Ззаду — ізалятар часовага ўтрыманьня, у якім ён адседзеў амаль месяц
Зьміцер Казлоў. Ззаду — ізалятар часовага ўтрыманьня, у якім ён адседзеў амаль месяц

«Гэта былі закрытыя судзілішчы, — кажа ён. — Прысуды былі вызначаныя загадзя. У мяне не было магчымасьці зьвязацца ні з адвакатам, ні з паплечнікамі, ні з падпісчыкамі каналу».

Блогер кажа: на працэсах ён не хаваў, што заклікаў да ўдзелу ў маршах, бо такая «была ягоная грамадзянская пазыцыя». Дадае, што ўдзел у маршах лічыў неабходнасьцю для палітычнага блогера.

Чаму найбольш жорстка караюць менавіта яго

Дзьмітры Казлоў кажа, што на ягоным прыкладзе ўлада хоча запалохаць іншых блогераў: «паказаць, што зь імі будзе». Перасьлед ён тлумачыць помстай улады за:

  • удзел у выбарах;
  • актыўную блогерскую дзейнасьць. Уладу раздражняе, што ён асьвятляе апазыцыйныя акцыі «жорстка і бескампрамісна»;
  • выступ 21 сьнежня на Маршы за незалежнасьць. Ён казаў, што такія «маршы варта праводзіць і ў рэгіёнах» і што «дастаткова для абрынаньня рэжыму, каб у іх удзельнічала да 3 працэнтаў насельніцтва».
Будынак аршанскага суду
Будынак аршанскага суду

Паводле суразмоўцы, ціск на блогераў будзе ўзмацняцца, бо «яны з народу і ім людзі давяраюць».

«Блогеры папулярныя ў моладзевай аўдыторыі, — тлумачыць ён. — Яны могуць стаць тымі, хто ўздыме пратэставы патэнцыял. Людзі ўладу ня любяць, але ня ведаюць, як сваю незадаволенасьць праявіць».

Што зьмяніла зьняволеньне

Дзьмітры прызнаецца: за час адседкі пераасэнсаваў свае мэтады дзейнасьці. Кажа, што ў далейшым будзе больш абачлівым і асьцярожным у закліках і інфармаваньні падпісчыкаў пра акцыі пратэсту, каб можна было ў судах знаходзіць аргумэнты для абароны.

Разам з тым блогерскай актыўнасьці зьмяншаць не зьбіраецца, але заўважае, што доўгатэрміновых плянаў выбудоўваць ня можа, бо ў любы момант яго могуць «закрыць на суткі».

«Цяпер ім ня трэба выдумляць падставу, каб мяне затрымаць, бо ў іх ёсьць судовыя пастановы», — даводзіць ён.

Блогер Казлоў з актывістам прафсаюзу РЭП Аляксандрам Булаўкам і ягонай маці
Блогер Казлоў з актывістам прафсаюзу РЭП Аляксандрам Булаўкам і ягонай маці

З кім давялося сядзець

Паводле Дзьмітрыя Казлова, большасьць часу яго трымалі ў двухмеснай камэры. Сукамэрнікаў затрымалі нападпітку, за хуліганства, за гвалт у сямʼі. Сярод зьняволеных таксама вылучаліся тыя, каго маюць дэпартаваць з краіны.

Блогер расказвае: сукамэрнікі дзівіліся, за што яго пасадзілі. Яны ня верылі, што за публікацыі ў інтэрнэце караюць.

«Адзін казаў, што яму за пʼянку далі сем сутак і гэта зашмат, а тут 15 — за палітыку. Тады ўжо лепей гарэлку піць, чым палітыкай займацца», — згадвае Дзьмітры Казлоў.

Паводле суразмоўцы, ахоўнікі таксама дзівіліся, што яму далі такі вялікі адміністрацыйны арышт, хоць ужо і сустракаліся зь ім.

Адна з навагодніх паштовак, дасланых блогеру Казлову ў ізалятар
Адна з навагодніх паштовак, дасланых блогеру Казлову ў ізалятар

Умовы ўтрыманьня Казлоў назваў «прымальнымі». Кажа, што шмат чытаў і хадзіў па камэры — ляжаць на койках удзень забаранялася.

Першую перадачу Дзьмітры атрымаў напярэдадні Новага году. Гэта дазволіла яму «адчуць сьвята». Лісты пачаў атрымліваць пасьля 8 студзеня. За час адседкі іх прыйшло пад пяць дзясяткаў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG