Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі акумулятарнага заводу ў цэнтры Берасьця патрабавалі сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі-ўладальнцы


Акумулятарны завод каля Берасьця

12 студзеня каля поўдня ў Берасьці на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.

Як паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Ўладзімера Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было больш за 80 чалавек. Міліцыя праз мэгафон папярэджвала прысутных аб адказнасьці за несанкцыянаваную акцыю.

Людзі, што прыйшлі на плошчу, абмяркоўвалі арганізаваны 9 студзеня прадстаўнікамі кампаніі 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць таварыства з абмежаванай адказнасьцю «АйПаўэр», прыём грамадзян, куды не змагла трапіць група праціўнікаў акумулятарнага заводу.

Як паведаміў БелаПАН актывіст Андрэй Мілашэвіч, да офісу кампаніі «АйПаўэр» прыйшлі 15 актывістаў. Яны хацелі разам зайсьці на прыём, каб задаць падрыхтаваныя пытаньні, але ўсю групу ў кабінэт не пусьцілі на той падставе, што памяшканьне малое. Па адным актывісты адмовіліся заходзіць і ў Кнізе прапаноў і заўваг напісалі сваю прапанову арганізаваць паўнавартасную сустрэчу з грамадзкасьцю да 14 студзеня.

На думку Мілашэвіча, спэцыялісты кампаніі не былі гатовыя сустрэцца з групай актывістаў і адказваць на падрыхтаваныя імі пытаньні.

Упершыню акцыя пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця адбылася два гады таму, 5 студзеня 2018 году. Тады пратэстоўцы сабраліся ля будаўнічай пляцоўкі заводу побач з вёскай Тэльмы. На наступны дзень, 6 студзеня, пачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва гэтага заводу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG