Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 100 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу зноў сабраліся ў цэнтры Берасьця


Верасьнёўскі пікет Рамана Кісьляка і Дзьмітрыя Андрасюка каля акумулятарнага заводу.

29 сьнежня каля 12.00 на плошчы Леніна ў Берасьці чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Такія сустрэчы праходзяць там кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.

Прысутныя на плошчы абмяркоўвалі падрыхтоўку да кансэрвацыі акумулятарнага заводу. Пра гэта 27 студзеня паведаміў групе актывістаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Берасьце» Аляксандр Шукайла.

Паводле слоў актывісткі Алены Макарэвіч, Шукайла таксама расказаў, што цяпер з заводу вывозяцца паўфабрыкаты акумулятарных батарэй, рашэньне аб кансэрвацыі заводу прынятае ТАА «АйПаўэр». Паводле закону, у стадыі кансэрвацыі прадпрыемства можа знаходзіцца да трох гадоў.

У сваю чаргу актывіст Канстанцін Астапук ня верыць у кансэрвацыю заводу, ня верыць, што завод закрыюць, і мяркуе, што прадпрыемства пачне працаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Адзін зь лідэраў грамадзкай кампаніі супраць будаўніцтва заводу Дзьмітры Бекалюк пракамэнтаваў інфармацыю, якая зьявілася ў пачатку тыдня ў некаторых СМІ, аб вызваленьні з СІЗА бізнэсмена Віктара Лемяшэўскага, кіраўніка кампаніі, якая будавала акумулятарны завод.

Як лічыць Бекалюк, Лемяшэўскага вызвалілі, каб ён «юрыдычна аформіў закрыцьцё прадпрыемства». Бекалюк выказаў упэўненасьць, што завод ня будзе працаваць, і што толькі аб’яднаўшыся, людзі могуць дамагчыся выкананьня законаў.

Пасьля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі заводу прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатру «Беларусь».

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG