Пачаўся перасьлед удзельнікаў акцыі за незалежнасьць у Лідзе

Ільля Шаблінскі на акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй у Лідзе
Ільля Шаблінскі на акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй у Лідзе

На аднаго з удзельнікаў склалі пратакол, шукаюць іншых, у школьных чатах рассылаюць папярэджваньні.

Як расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў акцыі Ільля Шаблінскі, 24 сьнежня яму пазванілі зь міліцыі і запрасілі на гутарку. У РАУС на яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пыталіся імёны арганізатараў і іншых мітынгоўцаў за незалежнасьць.

Ільля патлумачыў, што нікога больш ня ведае. Тады ў яго забралі тэлефон на праверку. Неўзабаве над ім маецца адбыцца суд.

У сеціве зьявілася інфармацыя, што ў выходныя 28-29 сьнежня ў Лідзе можа зноў прайсьці мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй.

Скрын школьнага чату
Скрын школьнага чату

Актывістка руху «За свабоду» Вольга Быкоўская расказала Свабодзе, што навучэнцаў лідзкай гімназіі пачалі папярэджваць у школьным чаце, што ў іх могуць быць праблемы, калі пойдуць на недазволеную акцыю.

«Ёсьць зьвесткі ад уладаў, што навучэнцы гімназіі восьмых клясаў і старэйшыя абмяркоўваюць пытаньні інтэграцыі з Расеяй (у апазыцыйным пляне) і нехта з нашых быў на несанкцыянаваным мітынгу 22 сьнежня.

Сёньня [25 сьнежня] а 18.00 зноў плянуецца мітынг каля елкі. Калі дзеці там будуць, сапсуюць сабе біяграфію 100%», — гаворыцца ў паведамленьні настаўніцы да дзяцей.

Мітынг у Лідзе (Горадзенская вобласьць) ладзіўся 22 сьнежня каля помніка князю Гедзіміну, які нядаўна паставілі паблізу лідзкага замка, і на плошчы Леніна, каля галоўнай гарадзкой ялінкі. У ім бралі ўдзел каля дзесяці маладых людзей 16-18 гадоў. Яны стаялі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах. Адзін зь іх трымаў плякат «Belarus is not Russia» («Беларусь не Расея»).

​
XS
SM
MD
LG