Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў пра свае пляны сустрэч з Пуціным


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы 7 сьнежня

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не выключае яшчэ некалькіх раўндаў перамоваў з Расеяй па «балючых пытаньнях». Пра гэта ён заявіў 13 сьнежня на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі мэдыцынскіх унівэрсытэтаў, паведамляе БелТА.

«20-га на саміце ў Санкт-Пецярбургу (нефармальны саміт ЭАЭС — рэд.). Потым, магчыма, мае адбыцца яшчэ некалькі раўндаў перамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй па балючых пытаньнях», — сказаў Лукашэнка.

Да канца году Лукашэнка плянуе сустрэцца ня толькі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, але і са старшынём расейскага ўраду. Лукашэнка сказаў, што, магчыма, Мядзьведзеў для сустрэчы прыедзе ў Менск.

Чакаецца, што ў Санкт-Пецярбургу 20 сьнежня адбудзецца асобная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. У папярэдні раз яны сустракаліся ў Сочы 7 сьнежня і абмяркоўвалі «дарожныя мапы» паглыбленьня інтэграцыі і пытаньні паставак расейскага газу. Сустрэча ў закрытым фармаце працягвалася больш за 4 гадзіны, пасьля яе Лукашэнка пакінуў рэзыдэнцыю расейскага прэзыдэнта без заявы для прэсы.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG