Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская дасьледчыца арганізуе ў Беларусі буйную канфэрэнцыю аб страчанай габрэйскай спадчыне


Ілюстрацыйнае фота. Музэй гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны
Ілюстрацыйнае фота. Музэй гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны

23–​25 чэрвеня 2020 году ў Менску пройдзе міжнародная канфэрэнцыя «Гістарычная і культурная спадчына габрэяў у Беларусі скрозь стагодзьдзі».

Пра гэта абвясьцілі Цэнтар беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны і Інстытут Паркеса па вывучэньні габрэйскіх / негабрэйскіх стасункаў (Унівэрсытэт Саўтгэмптана, Англія).

«Каб спрыяць больш глыбокаму разуменьню асаблівасьцяў габрэйскай гісторыі Беларусі, мы хочам даць новую плятформу для абмеркаваньня ўжо апублікаваных і стварэньня новых дасьледаваньняў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Мэта канфэрэнцыі — аб’яднаньне спэцыялістаў з Усходняй Эўропы і іншых краінаў сьвету для абмеркаваньня апошніх вынікаў дасьледаваньняў ва ўсіх аспэктах гісторыі і культуры габрэяў у Беларусі.

Дасьледчыкам габрэйскай гісторыка-культурнай спадчыны прапануюць паўдзельнічаць у канфэрэнцыі.

Тэмы дакладаў могуць уключаць (але не абмяжоўваюцца):

  • Палітычная, сацыяльная і эканамічная гісторыя (з раньняга сучаснага пэрыяду па цяперашні час).
  • Этнаграфія і антрапалёгія.
  • Культура: літаратура, музыка, жывапіс, тэатар, кіно і мова.
  • Сямʼя, гендэрная праблематыка, грамадзкае жыцьцё і адукацыя.
  • Антысэмітызм і Галакост
  • Спадчына, архівы і музэі.

Арганізатары асабліва заахвочваюць да ўдзелу маладых дасьледчыкаў і асьпірантаў, з гэтай мэтай створаць «моладзевыя сэкцыі» ў кожную з панэляў канфэрэнцыі. Таксама ў іх ёсьць некалькі стыпэндый для студэнтаў дактарантуры, асьпірантаў і маладых дасьледчыкаў (зацікаўленым прапануюць пазначыць гэта ў заяўцы і даслаць сваё рэзюмэ (максымум 2 старонкі).

Рабочыя мовы канфэрэнцыі — ангельская і расейская.

Прапановы павінны ўключаць рэфэрат абʼёмам ня больш за 250 слоў і біяграфію дакладчыка абʼёмам не больш за 100 словаў. Дасылаць іх трэба на электронны адрас jewsbelarus2020@gmail.com. Апошні тэрмін падачы заявак 1 лютага 2020.

Адна з арганізатараў, прадстаўніца арганізацыйнага і навуковага камітэтаў канфэрэнцыі францужанка Клер Лё Фоль, асацыяваная прафэсарка Унівэрсытэту Саўтгэмптана (Вялікая Брытанія), якая вывучае гісторыю і культуры габрэяў Усходняй Эўропы, у Беларусь прыяжджае на працягу 22 гадоў. Шмат працавала ў архівах, сустракалася зь людзьмі. Абараніла дысэртацыю і напісала кнігі «Віцебская мастацкая школа (1897–1923)», «Беларусь у гісторыі і ўяўленьнях габрэяў Расейскай імпэрыі (1772–1905)». Першая кніга — пра эпоху Пэна, Шагала і Малевіча — ужо выйшла ў перакладзе на расейскую мову. Другая апублікаваная летась у кастрычніку, і аўтарка спадзяецца, што калі-небудзь і яна будзе перакладзеная з францускай на беларускую ці расейскую мову.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG