Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрацілі больш за 200 тысяч эўра, рыхтуюцца да новай групы. Актывісты расказалі, як праходзіць адаптацыя вызваленых палітвязьняў


Прэсавая канфэрэнцыя 13 студзеня, Варшава
Прэсавая канфэрэнцыя 13 студзеня, Варшава

Толькі з сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду на экстранную дапамогу вызваленым палітвязьням было патрачана 211 615 эўра. На 13 студзеня фондам BySol сабрана 558 298 эўра, якія пойдуць на дапамогу вызваленым.

Празь месяц пасьля вызваленьня вялікай групы палітычных зьняволеных прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, праваабарончых арганізацыяў, дэмакратычных інстытутаў далі справаздачу пра першую дапамогу, якая была аказаная дэпартаваным зь Беларусі людзям.

Падчас адмысловай прэс-канфэрэнцыі журналістам паведамілі, што толькі са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду на экстраную дапамогу было выдаткавана 211 615 эўра. Зь іх на жытло — 60 862, на ежу — 66 199, на адзеньне — 37 619, на сродкі гігіены — 10 470, на тэхніку — 13 867 эўра. Была аказаная і матэрыяльная дапамога кожнаму, распавяла каардынатарка ініцыятывы Volnyja Вераніка Станкевіч.

Да таго ж, на 13 студзеня фондам BySol сабрана 558 298 эўра, якія пойдуць на дапамогу вызваленым.

Да дапамогі вызваленым далучыліся фонды «Краіна для жыцьця», DissidentBY, INeedHelpBy, BySol, «Партызанка», Асацыяцыя палітзьняволеных Беларусі, «Да Волі», Freedom House, BC, Dapamoga, Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне, Беларускі ПЭН, Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, іншыя арганізацыі, шматлікія валянтэры, проста неабыякавыя беларусы. Людзі праявілі вялікую салідарнасьць.

Фактычная дэпартацыя

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі адзначалі прававое бязьмежжа беларускіх уладаў і парушэньне правоў чалавека, многіх міжнародных канвэнцыяў: усе 123 чалавекі былі фактычна дэпартаваныя зь Беларусі, многія людзі апынуліся без дакумэнтаў, прававы статус іх незразумелы.

Прэс-канфэрэнцыя аб дапамозе вызваленым палітвязьням, Варшава, 13 студзеня 2026
Прэс-канфэрэнцыя аб дапамозе вызваленым палітвязьням, Варшава, 13 студзеня 2026

Як адзначыў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту Беларусі Павал Латушка, амэрыканскі бок зьвяртаўся да Лукашэнкі з просьбай пакінуць людзей у краіне, але той не пагадзіўся, пра што публічна заявіў на VII Усебеларускім народным сходзе.

«Мы назіраем адкрытую палітыку дэпартацыі неляяльнай часткі насельніцтва з парушэньнем базавых правоў чалавека: людзі выдвараюцца з краіны без пашпартоў, іншых дакумэнтаў, зь няпэўным прававым статусам. Усе выказваньні Лукашэнкі зафіксаваныя, перакладзеныя і афіцыйным лістом накіраваныя 23 сьнежня 2024 году ў Міжнародны крымінальны суд, і ёсьць ужо пацьверджаньне, што дакумэнты атрыманыя», — запэўніў Павал Латушка.

Ён таксама падзякаваў амэрыканскаму боку, асабліва спэцпасланьніку Джону Коўлу, і выказаў надзею, што амэрыканскім дыпляматам усё ж удасца адстаяць сваю пазыцыю пры наступных вызваленьнях: каб людзі маглі застацца ў сваёй краіне.

«Людзей дэпартавалі на тэрыторыю дзяржавы, дзе ідзе вайна»

Гэтым разам была вызваленая самая вялікая група палітвязьняў — 123 чалавекі, якіх рыхтаваліся прыняць і ў Літве, і ў Польшчы. Аднак нечакана іх дэпартавалі на тэрыторыю дзяржавы, дзе ідуць ваенныя дзеяньні, адзначыў дырэктар фонду «Краіна для жыцьця» Вячаслаў Жукаў.

«Я быў у цэнтры Вільні, мы рыхтаваліся да сустрэчы людзей. І ніколі ня думалі, што людзей вывезуць ва Ўкраіну. У першыя дні не было дакладнай інфармацыі, хто вызвалены, не было сьпісаў людзей. Толькі дзякуючы вельмі цёпламу прыёму ўкраінцаў, якія даволі хутка даставілі тэлефоны былым зьняволеным, мы пачалі камунікаваць зь людзьмі, шукаць іх сваякоў.

Але вялікая колькасьць неправеранай інфармацыі тыражавалася ў мэдыя і сацыяльных сетках. Гэта паўплывала на нашую працу — мы вымушаныя былі адбівацца ад інфармацыйных атак. Таму маем вялікую просьбу да ўсіх: не тыражаваць неправераную інфармацыю», — адзначыў Вячаслаў Жукаў.

Прэс-канфэрэнцыя аб дапамозе вызваленым палітвязьням, Варшава, 13 студзеня 2026
Прэс-канфэрэнцыя аб дапамозе вызваленым палітвязьням, Варшава, 13 студзеня 2026

Дырэктар фонду «Краіна для жыцьця» таксама зьвярнуў увагу на тое, што наперадзе новыя вызваленьні. Да таго ж, дзясяткі людзей выходзяць на свабоду пасьля сканчэньня тэрміну — ім таксама патрэбная дапамога.

Дакумэнты на легалізацыю

Гэтым разам вызваленыя палітвязьні маглі выбіраць, куды ім ехаць. Каля двух дзясяткаў абралі Літву, амаль 90 чалавек паехалі ў Польшчу.

Праектны дырэктар фонду Freedom House Віціс Юрконіс распавёў, якую дапамогу ўжо аказалі вызваленым беларусам у Літве.

«Збольшага людзі атрымліваюць гуманітарны дазвол на жыхарства альбо нацыянальныя візы (яны нават не спрабавалі падаваць дакумэнты на статус уцекача альбо міжнародную абарону). Бо так хутчэй можна атрымаць доступ да рынку працы. У сярэднім працэс легалізацыі займае каля 3 месяцаў, і людзі ўжо маюць доступ да мэдпаслугаў, банкаўскай сыстэмы.

З апошняй групы Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі ўжо атрымаў нацыянальную візу і паляцеў у Нарвэгію. У Літве за 3-4 месяцы можна атрымаць пашпарт замежніка. Плюс магчымасьць запрашаць сваякоў — яны атрымліваюць гуманітарныя візы», — кажа Віціс Юрконіс.

Павал Латушка распавёў пра легалізацыю ў Польшчы. Ён выказаў асобную падзяку польскім уладам: памежнікам, прадстаўнікам МЗС, МУС, Управы па справах іншаземцаў.

«Цягам 12 дзён у Польшчы былі пададзеныя 83 заяўкі на наданьне вызваленым міжнароднай абароны. Дакумэнты беларусаў прымалі і ў выходныя, і ў сьвяты. Ёсьць і выклікі, якія мы пераадольваем: трэба паскорыць працэдуру легалізацыі на тэрыторыі Польшчы. Заявак ад беларусаў і ўкраінцаў шмат. А паскарэньне легалізацыі вельмі важнае для сацыялізацыі, магчымасьці атрымаць доступ да рынку працы», — кажа Павал Латушка.

«Людзі павінны мець выбар: вярнуцца дадому ці зьяжджаць»

Прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская выказала меркаваньне, што асноўнае, чаго павінны дамагчыся і амэрыканскія дыпляматы, якія спрыяюць працэсам вызваленьня, і самі беларусы — спыніць гвалтоўнае перамяшчэньне людзей. Палітзьняволеныя пасьля вызваленьня з калёніяў павінны мець выбар: вярнуцца дадому ці зьяжджаць. Таксама павінны спыніцца рэпрэсіі. Спадарыня Зазулінская таксама паставіла пытаньне: толькі дзьве краіны — Літва і Польшча — дапамагаюць рэпрэсаваным беларусам.

«Чаму толькі дзьве краіны прымаюць — Літва і Польшча? Дзе астатнія краіны? Толькі два чалавекі з апошняй партыі вызваленых атрымалі прапанову паехаць у Нямеччыну. Мы прымем і тысячу, і дзьве вызваленых. Але памножце гэтыя лічбы як мінімум на 3: у людзей жа сем’і! Так што наперадзе спатрэбіцца яшчэ вельмі шмат сродкаў, людзкіх рэсурсаў, высілкаў, намаганьняў», — мяркуе Зазулінская.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG