Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Брытаніі апублікуе даклад пра расейскае ўмяшаньне ў брытанскую палітыку. Але пасьля выбараў


Будынак брытанскага парлямэнту

Брытанскі ўрад апублікуе парлямэнцкі даклад па выніках расьсьледаваньня меркаванага расейскага ўмяшаньня ў брытанскую палітыку — пасьля выбараў 12 сьнежня. З такой заявай выступіў у нядзелю міністар бясьпекі Вялікабрытаніі Брэндан Льюіс, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Падрыхтаваны парлямэнцкім камітэтам па выведцы і бясьпецы даклад ужо быў правераны спэцслужбамі. Апазыцыя абвінавачвае ўрад у супрацьдзеяньні яго публікацыі, бо дакумэнт можа ўтрымліваць інфармацыю, якая датычыцца прэм’ер-міністра Борыса Джонсана і яго партыі.

У інтэрвію тэлеканалу Sky News, міністар Брэндан Льюіс патлумачыў, што даклад ня можа быць апублікаваны цяпер у сувязі з абмежаваньнямі, якія накладаюцца законам на ўрадавыя публікацыі падчас перадвыбарнай кампаніі.

Вялікабрытанія неаднаразова абвінавачвала Расею ва ўмяшаньні або ў спробах ўмяшаньня ў выбары на Захадзе. Масква адпрэчвае гэтыя абвінавачваньні.

Камітэт па выведцы і бясьпецы дасьледаваў заявы пра расейскую дзейнасьці, скіраваную супраць Брытаніі, у прыватнасьці, пра ўмяшаньне ў хаду рэфэрэндуму аб выхадзе з Эўразьвязу ў 2016 годзе. У той час адным з галоўных прыхільнікаў ідэі выхаду з ЭЗ быў Борыс Джонсан.

Некалькі дзён таму Гілары Клінтан, былая кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША, якая прайграла Дональду Трампу на выбарах 2016 года, выказала рэзкую крытыку ў адрас брытанскіх уладаў у сувязі з іх нежаданьнем публікаваць вынікі расьсьледаваньня магчымага расійскага ўмяшаньня ў палітыку Злучанага Каралеўства. Яна назвала «невытлумачальным і ганебным» рашэньне ўраду Брытаніі адмовіцца ад публікацыі дакладу да выбараў 12 сьнежня. «Кожны выбарнік, які зьбіраецца галасаваць, заслугоўвае таго, каб пазнаёміцца з дакладам да пачатку выбараў», — сказала Гілары Клінтан у інтэрвію Бі-бі-сі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG