Лінкі ўнівэрсальнага доступу

32 кубінскія ахоўнікі Мадура былі забітыя ў ходзе амэрыканскай апэрацыі ў Вэнэсуэле


Сьцяг Кубы і партрэт Фідэля Кастра
Сьцяг Кубы і партрэт Фідэля Кастра

Гавана абвясьціла 5 і 6 студзеня днямі жалобы ў гонар загінулых.

Урад Кубы паведаміў, што падрабязнасьці разьвітаньня і пахаваньня абвесьцяць пазьней.

У заяве ўраду Кубы мала дэталяў, але гаворыцца, што ўсе загінулыя былі вайскоўцамі і супрацоўнікамі выведных органаў Кубы.

ЗША атакавала Вэнэсуэлу з мэтай вывезьці прэзыдэнта Нікаляса Мадура для перадачы суду ў Злучаных Штатах. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў Мадура «не прэзыдэнтам, а кіраўніком наркакартэлю».

На Кубе адзначылі «годнасьць і гераізм» сваіх жаўнераў.

«Выконваючы абавязкі ў запэўненьні бясьпекі і абароны, нашы суайчыньнікі выканалі свой доўг з годнасьцю і гераізмам і загінулі пасьля жорсткага супраціву ў беспасярэднім баі з нападнікамі або ў выніку бамбаваньня аб’ектаў», — гаворыцца ў заяве афіцыйнай Гаваны.

Куба забясьпечвала ахову Мадура з таго часу, як ён прыйшоў да ўлады. Невядома, колькі кубінцаў агулам ахоўвалі прэзыдэнта Венесуэлы, калі яны загінулі і колькі іх магло загінуць у іншых месцах.

63-гадовага Мадура і яго жонку Сілію Флёрэс 3 студзеня ў сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе схапілі амэрыканскія сілы і перавезьлі ў Злучаныя Штаты. Мадура ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары ў Нью-Ёрку ў чаканьні судовага пасяджэньня 5 студзеня. Яму зьбіраюцца выставіць абвінавачаньні ў зьвязаных з наркотыкамі злачынствах.

Амэрыканскі ўрад абвінаваціў Мадура ў гандлі наркотыкамі яшчэ ў 2020 годзе. Вэнэсуэльскі дыктатар заўсёды адмаўляў усякую датычнасьць да гэтага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG