Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Brexit і яго наступствы. Тлумачым тым, хто ўжо заблытаўся і не разумее, што адбываецца


12 сьнежня ў Вялікай Брытаніі павінны адбыцца пазачарговыя выбары. Прэм’ер-міністар Борыс Джонсан спадзяецца атрымаць на іх пераканаўчую перамогу і нарэшце вывесьці краіну з Эўразьвязу.

Свабода тлумачыць асноўныя дэталі Brexit, наступствы гэтага кроку, а таксама складанасьці, якія ўзьніклі да фармальнага выхаду.

Я паўсюль чую слова Brexit. Але што яно азначае?

Гэта абрэвіятура, якая абазначае выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу: «British exit» — брытанскі выхад.

Упершыню гэты выраз выкарысталі падчас выбараў у 2011 годзе. Яго аўтарам лічыцца Пітэр Уілдынг. Іронія лёсу ў тым, што ён кіраваў камандай экспэртаў Influence, якая праводзіла кампанію на карысьць далейшай прысутнасьці Брытаніі ў Эўразьвязе.

Каму прыйшла ў галаву ідэя правесьці рэфэрэндум аб выхадзе з ЭЗ?

Рэфэрэндум ініцыяваў былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі і былы лідэр Кансэрватыўнай партыі Дэйвід Кэмэран. Упершыню ён анансаваў рэфэрэндум у 2013 годзе. Нюанс у тым, што сам ён не жадаў, каб краіна пакідала Эўразьвяз. Гэтай заявай палітык хацеў прымусіць Брусэль пайсьці на пэўныя саступкі Лёндану. І ён іх дамогся. Але кампраміс, якога дасягнуў Кэмэран, не задаволіў нават чальцоў ягонай партыі.

У 2015 годзе Кэмэрана зноў абралі прэм’ерам, і пачалася падрыхтоўка да рэфэрэндуму, але адначасова ён агітаваў за тое, каб застацца ў ЭЗ. Брытанскі прэм’ер спадзяваўся, што большасьць брытанцаў прагаласуе супраць Brexit.

Стоп. А навошта Кэмэран увогуле абяцаў рэфэрэндум, калі сам быў супраць?

Дэйвід Кэмэран пакідае сядзібу ўраду. У будынак заходзіць новая прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй. Яна падала ў адстаўку ўлетку
Дэйвід Кэмэран пакідае сядзібу ўраду. У будынак заходзіць новая прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй. Яна падала ў адстаўку ўлетку

Таму што ў Вялікай Брытаніі заўсёды былі моцныя эўраскептычныя настроі, і іх вельмі часта выкарыстоўвалі ў палітыцы, асабліва падчас выбараў. Нават у Кансэрватыўнай партыі, якую ўзначальваў Кэмэран, было два крылы — за і супраць ЭЗ.

Вялікая Брытанія заўсёды адчувала сваю асобнасьць ад кантынэнту.

Да Эўразьвязу яны далучыліся ў 1973 годзе — найперш з эканамічных прычын. Адносіны Лёндану і Брусэлю ніколі не былі ідэальныя. Ужо праз 2,5 года пасьля далучэньня там адбыўся першы рэфэрэндум, які мог прывесьці да Brexit. Але тады за тое, каб застацца, прагаласавала амаль удвая больш, чым за выхад.

Штопраўда, ЭЗ у той час быў інакшым, больш эканамічным утварэньнем.

А што канкрэтна не падабалася брытанцам у арганізацыі, куды стаіць чарга краін?

Прыхільнікі выхаду сьцьвярджалі, што брытанцы атрымліваюць ад ЭЗ менш, чым у яго ўкладаюць. Называлася сума ў 350 мільёнаў фунтаў, якія краіна нібыта штотыдзень аддае Эўразьвязу. Іншым аргумэнтам на карысьць выхаду было жаданьне зьменшыць міграцыю. Апрача таго, пакінуўшы Эўразьвяз, Брытанія адмовілася б ад лімітаў гадзін працы цягам тыдня і пазьбягала б выдаткаў, зьвязаных з выкідамі вуглякіслага газу брытанскімі кампаніямі.

Вельмі важным аргумэнтам прыхільнікаў Brexit было тое, што, пакінуўшы Эўразьвяз, краіна ня будзе больш вымушаная падпарадкоўвацца рашэньням з Брусэлю, зь якімі Лёндан часта не хацеў пагаджацца.

Дык а што ня так з аргумэнтамі прыхільнікаў Brexit?

Найджэл Фараж, галоўны твар кампаніі за выхад з ЭЗ. Лідэр партыі Brexit
Найджэл Фараж, галоўны твар кампаніі за выхад з ЭЗ. Лідэр партыі Brexit

Возьмем, напрыклад, згаданыя 350 мільёнаў фунтаў. Адэпты Brexit сьцьвярджалі, што пасьля выхаду гэтую суму можна будзе прызначыць на службу аховы здароўя. Па-першае, экспэрты крытыкавалі само існаваньне такой сумы, якая невядома як была падлічаная.

Па-другое, брытанскае Міністэрства фінансаў тлумачыла, што выхад з ЭЗ ня будзе азначаць пераносу нейкіх сродкаў на службу аховы здароўя і што наступствы выхаду краіны з ЭЗ для фінансавай сытуацыі будуць цяжкія.

А што казалі пра наступствы выхаду эканамісты?

Экспэрты Міжнароднага валютнага фонду, Канфэдэрацыі брытанскай індустрыі, Арганізацыі эканамічнай супрацы і разьвіцьця ў адзін голас падкрэсьлівалі, што Brexit прывядзе да запаволеньня эканомікі, росту беспрацоўя, што фунт патаньнее, а брытанскія кампаніі страцяць падтрымку з-за мяжы.

Урад анансаваў рост падаткаў, скарачэньні ў сыстэмах адукацыі, здароўя і абароны. Цэнтральны банк Англіі пагражаў рэцэсіяй.

Якую пазыцыю заняла апазыцыя?

Дэманстрацыя супраць Brexit у Лёндане. Кастрычнік, 2019
Дэманстрацыя супраць Brexit у Лёндане. Кастрычнік, 2019

У Брытаніі апошнія гады кіруюць кансэрватары. А галоўная апазыцыйная сіла — Партыя працы. Яе чальцоў называюць лейбарыстамі. Сярод іх таксама хапае прыхільнікаў Brexit, але агулам лінія партыі — праэўрапейская. Аднак у кампаніі іхні голас быў слабы і вельмі часта супярэчлівы. Экспэрты назвалі іхнюю кампанію неэфэктыўнай.

Супраць Brexit таксама выступаюць лібэральныя дэмакраты.

Як прагаласавалі брытанцы?

Сацыялягічныя дасьледаваньні напярэдадні галасаваньня давалі сьціплую перавагу праціўнікам Brexit.

Рэфэрэндум адбыўся 23 чэрвеня 2016 году. У ім узялі ўдзел 72,2% брытанцаў, якія мелі права голасу. За выхад з Эўразьвязу прагаласавалі 51,89%.

Улады маглі праігнараваць рэфэрэндум, не парушыўшы ніякага закону. Але было прынята рашэньне — паважаць рашэньне большасьці і пакінуць ЭЗ.

Кампанія прыхільнікаў Brexit
Кампанія прыхільнікаў Brexit

Дык чаму Вялікая Брытанія праз тры гады пасьля рэфэрэндуму ўсё яшчэ ў ЭЗ?

Таму што, каб пакінуць Эўразьвяз, парлямэнт краіны павінен зацьвердзіць дамову з ЭЗ. У ёй павінны быць усе дэталі «разводу», новыя правілы дачыненьняў, палітычных і эканамічных стасункаў. Пакуль што ніводная з прапановаў не змагла атрымаць падтрымкі дэпутатаў. Без такога дакумэнту незразумела, паводле якіх правілаў будзе адбывацца гандаль паміж Брытаніяй і ЭЗ.

Безвынікова тры гады спрабавала ўзгадніць дамову прэм’ерка Тэрэза Мэй. Пасьля яе пасаду прэм’ера заняў Борыс Джонсан. Палітык абяцаў вывесьці краіну нават без дамовы і дамаўляцца з Эўразьвязам і іншымі краінамі постфактум. Аднак парлямэнт забараніў Джонсану ісьці на такі крок. Цяпер прэм’ер хоча правесьці новыя выбары, каб лёс Brexit вырашаў новы парлямэнт.

Чаму ў кантэксьце Brexit часта гаворыцца пра Ірляндыю?

Гэта, бадай, ключавы момант справы.

Ірляндзкі востраў падзелены на Рэспубліку Ірляндыю і Паўночную Ірляндыю, якая зьяўляецца часткай Брытаніі. 499-кілямэтровая мяжа была ўсталяваная яшчэ ў 1921 годзе. Падзел вострава і канфлікты паміж ляяльнымі Ірляндыі каталікамі і ляяльнымі Брытаніі пратэстантамі прывялі ў канцы 60-х да грамадзянскай вайны, якая забрала жыцьці 4000 чалавек і працягвалася да 1998 году.

На рэфэрэндуме 2016 году 55,8% жыхароў Паўночнай Ірляндыі выказаліся за сяброўства Брытаніі ў ЭЗ. Тым ня менш правінцыя мае пакінуць ЭЗ разам з усім Аб’яднаным каралеўствам.

То бок віртуальная на сёньня мяжа паміж Паўночнай Ірляндыяй і Рэспублікай Ірляндыяй павінна будзе стаць матэрыяльнай. І гэта стварае процьму праблемаў. Гэта ня толькі значна ўскладніць гандлёвыя адносіны і жыцьцё тысяч людзей. Мяжа можа стаць вялікай пагрозай мірнаму працэсу ў Паўночнай Ірляндыі, якому сёлета спаўняецца 20 год.

Прысутнасьць Вялікай Брытаніі ў ЭЗ была гарантыяй міру паміж Ірляндзкай Рэспублікай і Паўночнай Ірляндыяй.

А ці праўда, што праз 3 гады пасьля рэфэрэндуму большасьць брытанцаў супраць Brexit?

На пачатку кастрычніка газэта The Independent апублікавала дасьледаваньне аналітыкаў Focaldt, якое было заснаванае на апытаньнях грамадзкай думкі, праведзеных YouGov, у якіх узялі ўдзел 15 тысяч чалавек. Аналітыкі прыйшлі да высновы, што сваю думку наконт ЭЗ зьмянілі амаль 15% брытанцаў, якія ў 2016 годзе галасавалі за выхад (2,6 млн з 17,4 млн). Зьмена сярод прыхільнікаў ЭЗ на карысьць Brexit — каля мільёна.

Выснова ўсяго дасьледаваньня наступная. Калі б рэфэрэндум прайшоў сёньня, то за тое, каб застацца ў ЭЗ, прагаласавалі б 55%, а за Brexit — 45%.

Як адбілася мітусьня вакол Brexit на эканоміцы Вялікай Брытаніі?

Паводле справаздачы Цэнтру эўрапейскіх рэформаў, Brexit ужо каштаваў эканоміцы вострава 70 мільярдаў фунтаў. У сярэднім кожны брытанец ужо заплаціў за выхад краіны з ЭЗ (якога яшчэ фармальна не адбылося) па 840 фунтаў у год. Брытанскі фунт ніколі ня быў такі танны за апошнія 30 гадоў.

Згаданы дасьледчы цэнтар падлічыў, што калі нават брытанскаму боку ўдасца неўзабаве падпісаць дамову з ЭЗ, жыхары вострава яшчэ доўга будуць вымушаныя плаціць за выхад з Эўразьвязу няўпэўненасьцю і хаосам. За тры гады ад рэфэрэндуму брытанская эканоміка аслабла на 2,9%. Экспэрты перакананыя, што нават калі краіне ўдасца за некалькі гадоў выйсьці з Эўразьвязу, то тэма Brexit яшчэ дзесяцігодзьдзямі будзе дамінаваць у палітыцы краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG