Леварадыкальная група «Вулькан» узяла на сябе адказнасьць за падпал кабэляў на электрастанцыі, у выніку чаго каля 50 000 кватэраў і дамоў і больш за 2200 прадпрыемстваў на паўднёвым захадзе Бэрліну засталіся без электрычнасьці. Паводле выданьня Tagesspiegel, у паліцыю быў дасланы ліст ад ультралевых, які прызналі сапраўдным.
«Напад на газавую электрастанцыю — гэта акт самаабароны і міжнароднай салідарнасьці з усімі, хто абараняе Зямлю і жыцьцё», — гаворыцца ў лісьце. Аўтары паведамленьня сьцьвярджаюць, што мэтай акцыі было не адключэньне электраэнергіі, а нанясеньне шкоды індустрыі выкапнёвага паліва.
«Мы просім прабачэньня ў менш забясьпечаных жыхароў паўднёва-заходняга Бэрліну. Наша спачуваньне шматлікім уладальнікам вілаў у гэтых раёнах абмежаванае», — гаворыцца ў паведамленьні.
Група ахарактарызавала свой напад на электрастанцыю як «дзеяньне ў грамадзкіх інтарэсах».
Пажар на электрастанцыі, празь які многія дамы засталіся без ацяпленьня, адбыўся раніцай 3 студзеня. А 4 студзеня кампанія Stromnetz Berlin паведаміла, што ёй удалося паступова аднавіць электрычнасьць прыкладна для 7000 дамоў і кватэраў, а таксама для 150 прадпрыемстваў.
Чакаюць, што дастаўку электраэнэргіі ў большасьць пацярпелых раёнаў ня ўдасца аднавіць да 8 студзеня.
Мяркуецца, што групу «Вулькан» заснавалі ў 2011 годзе. З таго часу ад ейнага імя ў Бэрліне і Брандэнбургу некалькі разоў адбываліся падпалы. Мяркуецца, што чальцы групы двойчы нападалі на энэргасеткі заводу Tesla у Грунайдзе — у 2021 і 2024 гадах. Паводле Tagesspiegel, гэтая група лічыцца анархісцкай.
Аддзел дзяржаўнай бясьпекі Ўправы дзяржаўнай крымінальнай паліцыі лічыць ліст сапраўдным і ўзяў расьсьледаваньне пад свой кантроль. Для гэтага была створана сьледчая група пад назвай Spannung («Напружаньне»).
Мэр Бэрліну, прадстаўнік Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу Кай Вэгнэр заявіў, што гэта ня проста падпал ці акт сабатажу, гэта тэрарызм.
Цяпер сьледчыя падазраюць, што група стаяла за нападам, які прывёў да маштабнага адключэньня электраэнэргіі ў Адлерсгофе ў верасьні.
Пры папярэдніх нападах леварадыкалы звычайна атакавалі кабэлі ўздоўж чыгуначных каляінаў. У некаторых выпадках група шкодзіла радыёвежам або лініям сувязі, а ў іншых — транспартным сродкам кампаніяў.
Форум