Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прапанавала Беларусі перайсьці на ейны Падатковы кодэкс, — «Інтэрфакс»


Ілюстрацыйнае фота

Раней гучала прапанова пра распрацоўку супольнага Падатковага кодэксу ў межах «паглыбленьня інтэграцыі». Цяперашняя прапанова — у кантэксьце кампэнсацыі расейскага падатковага манэўру.

Як сьцьвярджае «Інтэрфакс», Міністэрства фінансаў Расеі прапанавала беларускаму боку ўжываць нормы расейскага Падатковага кодэксу з адзінкавымі выключэньнямі, каб прэтэндаваць на кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр.

Ход думкі такі:

  1. Расейскі падатковы манэўр — сувэрэннае права Расеі, якое не парушае міжнародныя дамовы.
  2. Калі Беларусь просіць кампэнсацыю падатковага манэўру, то абмяжоўвае гэтае сувэрэннае права, хоць у дамове аб Эўразійскім эканамічным саюзе пагадзілася кіравацца прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаваў.
  3. Вырашыць пытаньне падатковага манэўру можна, калі ўніфікаваць падатковае заканадаўства Беларусі і Расеі ў межах «паглыбленьня інтэграцыі».
  4. Такі праект ужо распрацаваны. Вынікам мае стаць ужываньне нормаў расейскага падатковага заканадаўства ў Беларусі — тады суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасьці будуць у роўных умовах.

Ці разглядалі ў Расеі варыянт пераходу на беларускі Падатковы кодэкс або стварэньне новага кодэксу як камбінацыі беларускага і расейскага, не ўдакладняецца.

Ідэя аб’яднаньня падатковых сыстэмаў і стварэньня адзінага Падатковага кодэксу была згаданая ў «зьліве» расейскай газэты «Коммерсантъ». Пасьля гэтай публікацыі беларускае Міністэрства фінансаў заяўляла, што працоўная група па такой прапанове яшчэ ня створаная, але яе стварэньне плянуецца.

Чакаецца, што «паглыбленьне інтэграцыі» абмяркуюць асабіста Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з нагоды 20-годзьдзя «саюзнай дзяржавы» ў пачатку сьнежня. Да таго ж беларускія ўлады адмаўляюцца публікаваць праекты дамоваў і «дарожных мапаў».

Тым часам беларускі ўрад у бюджэце на 2020 год не разьлічвае на згаданую кампэнсацыю. А менавіта зь яе пачаліся размовы пра «паглыбленьне інтэграцыі».

У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.

Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў: «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».

Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.

Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыю за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG