Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьмянілася ў абноўленым Падатковым кодэксе, які ўжо дзейнічае


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад 1 студзеня ў Беларусі пачаў дзейнічаць абноўлены Падатковы кодэкс. Зьмены тычацца фізычных і юрыдычных асобаў, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў. Свабода паглядзела, што зьмянілася для фізычных асоб.

Перанесьлі тэрмін падачы дэклярацыі і сплаты падаходнага падатку

Падаць падатковую дэклярацыю цяпер можна будзе да 31 сакавіка. Паведамленьне, колькі вы мусіце сплаціць, падатковая вам дашле да 30 красавіка. Сплаціць падатак трэба будзе да 1 чэрвеня.

Дэклярацыя для падаходнага падатку падаецца ў выпадку атрыманьня даходаў з замежжа, ад фізычных асоб, а таксама іншых даходаў, калі падаходны падатак не ўтрымалі пры выплаце.

Можна зьвяртацца ў любую падатковую

Падатковыя дэклярацыі на папяровым носьбіце можна падаваць у любую падатковую інспэкцыю незалежна ад месца рэгістрацыі.

Запазычанасьць па падатках можна сплаціць пазьней ці ў растэрміноўку

На адтэрміноўку ці растэрміноўку сплаты падаткаў арганізацыі і ІП змогуць разьлічваць пры цяжкім фінансавым становішчы, а фізычныя асобы — на падставе іх маёмаснага становішча ці калі яны ў цяжкой жыцьцёвай сытуацыі.

Галоўная ўмова для фізычных асоб — абʼекты падаткаабкладаньня не павінны быць зьвязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

Цяжкая жыцьцёвая сытуацыя — сукупнасьць аб'ектыўных абставінаў, якія не залежаць ад фізычнай асобы і якія тая ня можа пераадолець за кошт наяўных магчымасьцяў.

Іншыя ўмовы растэрміноўкі ці адтэрміноўкі сплаты падаткаў:

  • сплата наяўных плацяжоў у бюджэт у вызначаны тэрмін;
  • сплата адтэрмінаваных ці растэрмінаваных сум запазычанасьці па падатках, зборах (мыту), пені ці адсоткаў за карыстаньне растэрміноўкай ці адтэрміноўкай у вызначаны тэрмін.
  • Пры гэтым налічэньне пені на сумы запазычанасьці па падатках, зборах (мыту) будзе спынена зь першага дня тэрміну, на які даецца растэрміноўка ці адтэрміноўка.

Выгадней атрымоўваць дывідэнды

Гэтыя зьмены тычацца фізычных асоб — уласьнікаў або ўдзельнікаў кампаній:

  • Калі цягам 3 гадоў прыбытак кампаніі не разьмяркоўваўся, то пры атрыманьні дывідэндаў стаўка падаходнага падатку складзе 6%;
  • Калі прыбытак не разьмяркоўваўся цягам 5 гадоў, пры атрыманьні дывідэндаў падаходны падатак не спаганяецца;
  • У астатніх выпадках стаўка падаходнага падатку засталася ранейшай — 13%.

Павялічылі памер прыбыткаў, зь якіх ня трэба плаціць падатак

Гэта могуць быць падарункі, прызы, аплата страхавых паслуг ці іншыя даходы, не зьвязаныя з выкананьнем працоўных і іншых абавязкаў.

Плаціць ня трэба, калі вы атрымалі:

  • ад фізычных асоб як дар ці ў якасьці нерухомасьці па дамове рэнты бясплатна — у памеры, які не перавышае 6569 рублёў за год;
  • ад кожнай арганізацыі ці ІП, якія зьяўляюцца месцам асноўнай працы — у памеры, які не перавышае 1984 рублёў за год;
  • ад іншых арганізацый і ІП, якія не зьяўляюцца месцам асноўнай працы, — ад кожнай крыніцы ня больш за 131 рубель;
  • ня больш за 3398 рублёў ад кожнай крыніцы ў якасьці аплаты страхавых паслуг страхавых арганізацый Беларусі, у тым ліку па дамовах добраахвотнага страхаваньня жыцьця, мэдычных выдаткаў ад арганізацый і ІП, якія зьяўляюцца асноўным месцам працы (навучаньня, службы), у тым ліку пэнсіянэрам, якія там працавалі раней, а таксама ад прафсаюзных арганізацый сваім чальцам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG