Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе варта перапахаваць Каліноўскага? Што кажуць беларускія гісторыкі


Кастусь Каліноўскі, фрагмэнт літаграфіі з сэрыі «Славутыя асобы Беларусі» Ляілеі і Валянціна Варэцы
Кастусь Каліноўскі, фрагмэнт літаграфіі з сэрыі «Славутыя асобы Беларусі» Ляілеі і Валянціна Варэцы

Што адносна магчымага месца пахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Беларусі думаюць адмыслоўцы, прафэсійна абазнаныя ў гэтай тэме? Свабода сабрала меркаваньні трох гісторыкаў за перанос цела ў Беларусь і аднаго — супраць.

Тарасаў: Толькі не канфэсійныя могілкі

Сяргей Тарасаў
Сяргей Тарасаў

Кандыдат гістарычных навук, археоляг Сяргей Тарасаў перакананы: найлепшым месцам для мэмарыялу было б месца ў цэнтры Менску, хоць у сёньняшняй сытуацыі «гэтага не дазволяць па-любому». Пры гэтым ён супраць, каб месцам спачыну нацыянальнага героя сталі канфэсійныя могілкі — на той жа Кальварыі бракуе месца, каб сабрацца вялікай грамадзе.

Пры гэтым не адкідае і варыянт, каб пахаваць парэшткі побач з братам Віктарам на радзіме ў Сьвіслачы, што на Горадзеншчыне. Далёка ад сталіцы, але можа ператварыцца ў знакавы маршрут для кожнага беларускага патрыёта.

Трусаў: Побач з Быкавым на Ўсходніх могілках

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Кандыдат гістарычных навук, археоляг Алег Трусаў у якасьці такога месца бачыць Усходнія могілкі побач зь іншымі выбітнымі беларусамі — Васілём Быкавым, Уладзімерам Караткевічам, Міхасём Ткачовым.

Аднак рабіць гэта можна, удакладняе ён, толькі пры адной умове: калі літоўскі ўрад праз МЗС сваёй краіны накіруе ноту ў Беларусь з прапановай забраць свайго гераічнага земляка. Тады адмовіцца будзе проста немагчыма, гэтым скарыстаецца «русский мир». Маўляў, сказаў Ігар Марзалюк (праўладны гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў. — РС), што гэта польскі герой, а ў Менску і пагадзіліся. Аднак калі афіцыйна нічога ня будзе, то «ня варта ганьбіцца і рабіць скандал на роўным месцы».

Краўцэвіч: Месца пахаваньня вызначым разам

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч перакананы, што месца пахаваньня Кастуся Каліноўскага належыць дасканала прадумаць усім разам.

Найперш дзеля таго, каб каля яго магілы магла зьбірацца вялікая колькасьць людзей для ўрачыстасьцяў. Гэта можа быць і вайсковая прысяга, і прыём у скаўты, і г.д. Каб кожны беларус у любы момант мог туды прыйсьці сам ці зь дзецьмі, «ня просячы замежнай візы». Вільня цяпер у іншай краіне, і любая імпрэза будзе залежаць ад ласкі тамтэйшых уладаў, адзначае ён.

Смалянчук: Магіла Каліноўскага — толькі ў Вільні

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, гарадзенскі калега Алеся Краўцэвіча, настойвае, што чапаць парэшткі героя ня варта. Магіла Каліноўскага ў Вільні — гэта яго пахаваньне сярод сяброў і паплечнікаў, кажа ён.

Гэтаксама як і сьведчаньне прыналежнасьці Вільні да беларускай гісторыі. Зь яго гледзішча, ня выключана, што ініцыятыва асобных літоўскіх палітыкаў у справе перадачы парэшткаў Каліноўскага Беларусі абумоўленая ў першую чаргу якраз імкненьнем працягваць «літоўскую прыхватызацыю» Вільні. Кастусь Каліноўскі не павінен быць закладнікам палітычных гульняў, а прадстаўнікі беларускай культурніцкай эліты не павінны ў гэтым удзельнічаць, падсумоўвае ён.

Даць апошні прытулак Каліноўскаму можа касьцёл

Настаяцель касьцёла Сьвятога Роха на Залатой Горцы ў Менску ксёндз-канонік Юры Санько сказаў «Нашай Ніве», што перадусім гэта пытаньне дзьвюх дзяржаў. Аднак калі ўсё адбудзецца, то будзе створаны аргкамітэт дзеля пахаваньня, у рамках якога касьцёл з радасьцю ўзяў бы свой чынны ўдзел ды разгледзеў магчымасьць даць зямлю пад магілу каля аднаго са сталічных храмаў.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG