Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры Літвы паведаміў, што надпісы на магілах паўстанцаў 1863 году будуць і па-беларуску


Раскопкі на месцы пахаваньня паўстанцаў

Археалягічныя дасьледаваньні на гары Гедзіміна ў Вільні працягнуцца ў траўні, паведамляюць літоўскія СМІ са спасылкай на Нацыянальны музэй Літвы.

«У сярэдзіне траўня мы праверым яшчэ каля 30 квадратных мэтраў, якія хочам дасьледаваць. Хоць пэўна пра нешта казаць цяжка, магчыма, удасца выкапаць усяго 4-5 мэтраў», — сказаў агенцтву BNS кіраўнік аддзелу археалёгіі музэю Валдас Сьцяпанайціс.

Археолягам ужо ўдалося знайсьці парэшткі 20 з 21 паўстанцаў, якіх расейскія ўлады пакаралі сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні цягам 1863–64 гадоў. У іх ліку і лідэр паўстаньня ў Літве і Беларусі Кастусь Каліноўскі. Яго асоба ідэнтыфікаваная на 95%.

Паводле адмыслоўцаў, дзевяць чалавек былі расстраляныя, дванаццаць павешаныя. Некаторых пахавалі са завязанымі за сьпінай рукамі ці зь мехам на галаве.

Міністар культуры Літвы Міндаўгас Кветкаўскас паведаміў, што сёлета ў верасьні паўстанцы будуць ўрачыста перапахаваныя на віленскіх могілках Росы, у калюмбарыі цэнтральнай капліцы. Да апошняга не было пэўнасьці, на якіх мовах будуць надпісы на магілах, але выглядае, што ў гэтым пытаньні ёсьць прагрэс.

«Мы прыйшлі да агульнага палажэньня, што імёны і прозьвішчы [паўстанцаў] мусяць быць напісаныя на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, — адзначыў Кветкаўскас. — Гэта павінна падкрэсьліць важнасьць паўстаньня для ўсіх гэтых краін, усіх гэтых народаў».

Дагэтуль не ідэнтыфікаваныя парэшткі ксяндза Станіслава Ішоры — генэтычныя тэсты, узятыя ў ягоных жывых сваякоў, не супалі ні з кім, каго археолягі адшукалі на гары Гедзіміна. Менавіта таму, як сказаў археоляг Гіціс Грыжас, неабходна зноў туды вярнуцца і працягнуць пошукі.

Меркаванае пахаваньне Кастуся Каліноўскага
Меркаванае пахаваньне Кастуся Каліноўскага

Таксама пакуль не ўдалося атрымаць афіцыйнага пацьверджаньня ад уладаў Беларусі што да тэсту ДНК Віктара Каліноўскага, роднага брата Кастуся Каліноўскага, пахаванага ў сямейным склепе ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне. У такім выпадку ўдалося б зьняць апошнія сумневы.

Як пакрэсьліваюць літоўскія мэдыя, беларусы лічаць Кастуся Каліноўскага адным з нацыянальных герояў сваёй краіны.

Антраполяг зь Віленскага ўнівэрсытэту Юсьціна Казакайце паведаміла, што з дасьледаваньняў парэшткаў паўстанцаў вынікае нямала фактаў пра іхнае жыцьцё, звычкі, хваробы. Так, аналіз зубоў паказаў, што пастаянна курылі тытунь прынамсі дзесяць з дваццаці чалавек. Але Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі не курылі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG