Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група літоўскіх парлямэнтароў сабралася падтрымаць перазахаваньне Каліноўскага ў Беларусі


Шыльда ў месцы зьняволеньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні, ілюстрацыйнае фота
Шыльда ў месцы зьняволеньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні, ілюстрацыйнае фота

Калектыўны зварот з просьбай перадаць Беларусі парэшткі аднаго зь лідэраў антырасейскага паўстаньня 1863 году Кастуся Каліноўскага разглядаўся 24 верасьня на ўзроўні найвышэйшых асобаў Літвы, падзялілася са Свабодай канфідэнцыйнай інфармацыяй абазнаная крыніца.

«Подпісы, якія выклікалі рэзананс у беларускім грамадзтве, — гэта толькі постфактум, — адзначыў літоўскі актывіст. — Неўзабаве зьявіцца таксама зварот ад групы літоўскіх парлямэнтароў з аналягічнай просьбай: станоўча адказаць і перадаць Каліноўскага беларускаму боку».

Пра такія пляны літоўцаў Свабодзе расказваў і адзін зь беларускіх палітыкаў, які пры гэтым адмовіўся ўдакладняць нейкія дэталі.

За перапахаваньне ў Беларусі ўжо выказаўся літоўскі філёзаф, прафэсар Гінтаўтас Мажэйкіс, які бачыць у Каліноўскім сымбаль незалежнасьці Беларусі, асабліва важны ў кантэксьце перамоваў з Расеяй аб «паглыбленьні інтэграцыі».

Па словах суразмоўцы зь Літвы, ідэя зь пераездам парэшткаў Каліноўскага на радзіму была агучаная яшчэ на пачатку лета, неўзабаве пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Гітанаса Наўседы. Але толькі цяпер махавік закруціўся на поўную магутнасьць.

Шэраг прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці накіравалі зварот да прэзыдэнта і Сэйму Літвы, каб Кастуся Каліноўскага перапахаваць у Беларусі. Некаторыя апанэнты іх жорстка раскрытыкавалі — маўляў, ня месца народнаму герою ў аўтарытарнай краіне.

Прадстаўнікі беларускіх уладаў пакуль не падпісвалі ліста і не выказваліся аб перапахаваньні.

Адпачатку ўрачыстая цырымонія перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў плянавалася на Дзяды. Аднак з улікам новых ініцыятываў яе папярэдне аднесьлі на 30 лістапада.

Ці зьвязаныя з ініцыятывай перапахаваньня ў Беларусі прэзыдэнт і ўрад Літвы?

Пытаньне перапахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Беларусі лабіююць некаторыя літоўскія палітыкі, найперш кансэрватары з партыі «Саюз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы». У офісе арганізацыі паведамілі, што іхны лідэр Жыгімантас Павілёніс да канца тыдня ў службовай выправе, таму камэнтары з гэтай нагоды будуць пазьней.

Дарадца прэзыдэнта Літвы Антанас Бубняліс не пацьвердзіў Свабодзе зьвестак пра датычнасьць прэзыдэнта да кулюарных перамоваў, удакладніўшы, што гэта не кампэтэнцыя першай асобы дзяржавы.

«Калі я правільна разумею сытуацыю, справу з перапахаваньнем паўстанцаў трымае на кантролі не прэзыдэнт, а ўрад. Там ёсьць адмысловая камісія, кампэтэнтная разглядаць падобныя пытаньні. Прэзыдэнт у гэтыя справы ня ўмешваецца», — сказаў прадстаўнік прэзыдэнцкага кабінэта.

У канцылярыі літоўскага ўраду на запыт Свабоды адказалі, што ў парадку дня прэм’ер-міністра, канцлера і віцэ-канцлера падобныя пытаньні ў гэтыя дні ня значацца.

«Пакуль што абмеркаваньняў на гэтую тэму не было, магчыма, нешта зьявіцца пазьней. Камісія досыць даўно ўжо не зьбіралася, а без экспэртаў такія пытаньні наўрад ці будуць вырашацца, як той казаў, „са столі“», — адзначылі ў апараце ўраду.

Ці ўдасца захаваць беларускую мову ў выпадку перадачы парэшткаў Беларусі?

Суразмоўца Свабоды, знаёмы з працэдурамі мэмарыялізацыі, адзначае, што перапахаваньне Каліноўскага ў Беларусі можа стаць прычынай таго, што літоўскія ўлады адмовяцца ад беларускай мовы ў нэкропалі іншых паўстанцаў, целы якіх знайшлі побач з пахаваньнем Каліноўскага.

«Магчыма, ініцыятары і падпісанты пакуль не ўяўляюць усіх наступстваў, але сваімі дзеяньнямі могуць сапсаваць усю ранейшую справу: і без беларускіх надпісаў застанемся, і бяз згадкі пра Беларусь на месцы пахаваньня», — падкрэсьлівае суразмоўца.

Як знайшлі парэшткі паўстанцаў на Замкавай гары ў Вільні

У лютым 2016 году на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні здарыўся апоўзень, які паўтарыўся ў кастрычніку. Паўстала пагроза славутай вежы — помніку гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя. Трэба было тэрмінова «зьвязаць» грунтовыя расколіны, каб будаўнікі маглі пачаць ліквідацыю наступстваў. З улікам гістарычнай значнасьці месца наперад пусьцілі археолягаў. Раскопкі пачаліся ў студзені 2017-га, і ўжо празь некалькі дзён адмыслоўцы натрапілі на фрагмэнты чалавечых парэшткаў. У пахавальнай яме, як пазьней стала зразумела, ляжаў Кастусь Каліноўскі.

Сьледам археолягі наткнуліся на шэраг іншых пахаваньняў, зразумеўшы, што гэта паўстанцы 1863 году, пакараныя сьмерцю на загад расейскай адміністрацыі. Згодна з балістычнымі і антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, адным прысудзілі шыбеніцу, іншым — расстрэл. Першыя прысуды былі выкананыя ў траўні 1863-га, апошняй ахвярай стаў Каліноўскі, якога публічна павесілі 22 сакавіка 1864 году на Лукіскім пляцы — галоўным месцы экзэкуцыі.

Неўзабаве пасьля таго, як на Гедзімінавай гары знайшлі парэшткі паўстанцаў, была створаная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Саўлюса Сквярняліса. Літоўскі і польскі бок пачалі дамаўляцца аб нюансах мэмарыялізацыі, афіцыйная Беларусь знаходку папросту праігнаравала. Толькі калі зьявілася інфармацыя, што надпісы на магілах герояў плянуюцца толькі па-літоўску і па-польску, беларуская грамадзянская супольнасьць выказала незадавальненьне.

Пасьля гэтага камісія сабралася наноў, прысутнічалі прадстаўнікі Літвы і Польшчы. Праз абыякавасьць беларускіх уладаў для надмагільляў вырашылі пакінуць дзьве мовы. Выключэньне зрабілі толькі для Кастуся Каліноўскага — на ягонай магіле пагадзіліся дадаць інфармацыю і па-беларуску. Актыўнасьць беларускіх арганізацыяў урэшце мела плён: паколькі большасьць пахаваных на Замкавай гары паходзіць зь беларускіх земляў, было прынятае рашэньне ўшанаваць герояў на трох мовах.

У капліцы на віленскіх могілках Росы, рэстаўрацыю якой абяцаюць хутка завершыць, будуць абсталяваныя адмысловыя нішы для парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гадоў. Папярэдне цырымонія была прызначаная на Дзяды, але цяпер аднесеная на канец лістападу.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG