Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меркаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, а таксама Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 15 удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў, знойдзеныя сёлета падчас працаў на гары Гедыміна ў Вільні, будуць урачыста перапахаваныя на старажытных могілках Роса альбо Бэрнардынскіх, перадае сайт ураду Літвы.

Паводле сайту, гэтак пастанавіла ўрадавая камісія ўвечненьня памяці паўстанцаў, паседжаньне якой прайшло 16 лістапада пад старшынствам прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса.

Калі і на каторых могілках адбудзецца перапахаваньне, вырашаць на паседжаньні камісіі празь месяц. Цяпер камісія таксама вырашыла павялічыць фінансаваньне для завяршэньня археалягічных і антрапалягічных дасьледаваньняў, зьвязаных са знаходкамі на гары Гедыміна.

Сёлета падчас працаў на старажытнай гары Гедыміна, якая ў часы панаваньня Расейскай імпэрыі была закрытая для наведваньня, былі знойдзеныя чатыры пахаваньні, у якіх аказаліся парэшткі 17 чалавек, як мяркуецца — паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

У адным з пахаваньняў, дзе былі парэшткі двух чалавек, вучоныя знайшлі заручальны пярсьцёнак кіраўніка паўстаньня Зыгмунта Серакоўскага з надпісам «Zygmónt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.»

Пярсьцёнак Зыгмунта Серакоўскага
Пярсьцёнак Зыгмунта Серакоўскага

Ёсьць вялікая імавернасьць таго, што парэшткі другога чалавека з гэтай магілы належаць кіраўніку паўстаньня на тэрыторыі Беларусі Кастусю Каліноўскаму, якога пакаралі сьмерцю на Лукіскім пляцы Вільні разам зь Серакоўскім. На ўчорашнім паседжаньні ўрадавай камісіі ўвечненьня памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў вырашана паскорыць дасьледаваньні парэшткаў паўстанцаў.

«Тое паўстаньне супраць Расейскай імпэрыі было значным ня толькі ў Літве, але і ў Польшчы, Беларусі, Украіне і Латвіі. Адшуканьне і перапахаваньне парэшткаў правадыроў паўстаньня — добрая нагода яшчэ раз абдумаць разам намаганьні нашага рэгіёну ісьці шляхам свабоды. Таму, рыхтуючыся да ўвечненьня правадыроў паўстаньня, мы будзем імкнуцца да супрацы з суседнімі краінамі, дзе адбывалася паўстаньне», — адзначыла на паседжаньні камісіі міністар культуры Літвы Ліяна Руокіце-Ёнсан.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG