Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць малавядомых фактаў пра Кастуся Каліноўскага


Кастусь Каліноўскі, фрагмэнт літаграфіі. Ляілея Варэца, Валянцін Варэца

Гарадзенскі гісторык Васіль Герасімчык напісаў кнігу «Канстанцін Каліноўскі. Асоба і легенда». Мэтай было ня проста паказаць «халодныя факты», але тое, як некаторыя маглі перарастаць у легенду, кажа аўтар.

Збор сродкаў на яе выданьне абвешчаны на плятформе «Талака»:

Васіль Герасімчык удакладняе, што на кнігу неабходна сабраць тры тысячы рублёў, каштаваць яна будзе дзесяць. У ёй каля 220 старонак, 20 выяваў. Збор сродкаў — крок вымушаны. Аўтар перш спрабаваў зьвяртацца да выдаўцоў, але гэта выніку не дало. Свае тэксты аб Каліноўскім ён друкаваў раней у «Нашай Ніве», «Новым Часе», у праекце «Историческая правда». Шэраг выкладаў на блогу.

Асобу Кастуся Каліноўскага гісторык вывучае сем гадоў, у біяграфіі нацыянальнага героя нямала белых плям, кажа ён. Хоць многія факты зьяўляюцца нібыта вядомымі.

Васіль Герасімчык у гарадзенскім парку Жылібэра
Васіль Герасімчык у гарадзенскім парку Жылібэра

1. Прыступы эпілепсіі

Зьвесткі аб хваробе Кастуся Каліноўскага былі вядомыя дасьледчыкам. Пэўны час ён заняпаў на эпілепсію. Аднак ня вывучаны кантэкст: што, як, чаму?

Васіль Герасімчык удакладняе: «У яго была нэрвовая падучка ў пэрыяд навучаньня ў Пецярбурскім унівэрсытэце, выкліканая нэрвовымі фактарамі. Але ні раней, ні пазьней гэтага Каліноўскі на эпілепсію не хварэў. Толькі паўтара-два гады. Зьвесткі аб хваробе ёсьць у дакумэнтах, яны былі надрукаваныя ў зборніках. Аднак калі зьявілася публікацыя аб гэтым, пачуліся зьдзіўленыя галасы: як так, наш славуты герой, але так хварэў? Ну што ж зробіш. Мы не павінны закрываць вочы, але павінны разумець, чаму так здарылася».

Гісторык зазначае, што ў жыцьці маладога Каліноўскага быў складаны час: хворы на сухоты брат, які вось-вось памрэ, няма сувязі зь сям’ёю, няма магчымасьці зарабляць грошы, акрамя ўрокаў, сродкаў не хапае:

«І ў гэтыя час яшчэ думкі аб тым, каб зьмяніць сьвет, жыцьцё свайго народу. Гэта ўсё падарвала яго здароўе. Але ён выправіўся. Яму дапамагалі дактары. Мы ж ведаем, што многія зь іх былі завязаныя на рэвалюцыйную арганізацыю ў Горадні, Слоніме, Менску, Вільні, іншых гарадах. У Пецярбурзе таксама многія дактары былі зьвязаныя з рэвалюцыйнымі гурткамі. Перш за ўсё — Серакоўскага і Дамброўскага. Але лячэбныя сэансы не давалі паляпшэньня. Нарэшце адзін доктар даў найлепшыя парады, але патрэбныя былі грошы. Давялося напісаць чарговае прашэньне аб дапамозе, хутчэй за ўсё яго напісаў брат. На трыццаць рублёў. Унівэрсытэт дапамог, вылучыў грошы».

Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў
Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў

2. Кансьпіратар ад Бога

За апошнія гады Васіль Герасімчык мэтанакіравана праглядаў архіўныя справы, што датычылі асобы Каліноўскага і паўстаньня. І часам нібыта вядомыя рэчы набываюць новы сэнс, пачынаюць разумецца глыбей.

Як, напрыклад, пошукі Каліноўскага жандарамі, зазначае гісторык: «Здавалася, вось-вось яго павінны былі схапіць, але ён пры дапамозе чагосьці, можа гэта будзе не па-навуковаму сказаць, надзвычайнага выходзіў з сытуацыі. І такое зь ім здаралася ня раз. Як, напрыклад, у адным з твораў Крашэўскага, прысьвечанага паўстаньню, пра яго сказана, што ён у 1863 годзе харчаваўся ў карчме віленскай адначасова, калі там елі жандары. І хоць яны ведалі апісаньне Каліноўскага, ён мог зь імі і чарку падняць, і нешта нават даведацца. Яго твар быў настолькі тыповы, што жандары самі блыталіся. І настолькі ён мог да сябе выклікаць прыхільнасьць, што чалавек не падазраваў, што перад ім той, каго расшукваюць».

Казалі, што ў ім было прыроджанае майстэрства кансьпіратара, кажа Васіль Герасімчык: «Калі памерла маці, яму было пяць гадоў, гэта на ім моцна адбілася, перажыты стрэс, гэта ўвасобілася ў пэўных праявах характару. Ён, можна сказаць, навучыўся хавацца».

Пакуль Каліноўскага не павесілі, прадстаўнікі яго арганізацыі, Заблоцкі, Мілевіч хлусілі ў сваіх паказаньнях, хавалі ўсё. Адчуваючы яго прыклад, моц асобы. «Калі ім паведамілі, што яго больш няма, яны не маглі паверыць», — зазначае гісторык. «Потым сталі даваць праўдзівыя, падрабязныя паказаньні».

Аўтар новай кнігі аб Каліноўскім кажа: «Гэта быў час нейкай містычнасьці, ня толькі распаўсюджваньня рэвалюцыйных ідэй. Гэта праяўлялася і ў стварэньні патаемных арганізацый, рэвалюцыйных».

Фрагмэнт ліста з-пад шыбеніцы
Фрагмэнт ліста з-пад шыбеніцы

3. Чаму адмовіўся ад ксяндза?

Калі Каліноўскаму прапанавалі сустрэцца з ксяндзом для споведзі, ён адмовіўся. Чаму? Ён жа разумеў, што яго зараз павядуць на сьмерць, нагадвае гісторык Герасімчык:

«Хутчэй за ўсё ён зрабіў так, каб не паказацца слабым у вачах іншых. Ён у нечым прадумаў ужо сваю сьмерць. Нездарма ж імкнуўся пакінуць „лісты з-пад шыбеніцы“. Не было б іх, тых аркушыкаў, якія дайшлі, магчыма на асобу Каліноўскага мы б глядзелі зусім па-іншаму. Быў бы фальклёрным пэрсанажам, у якога ператвараўся з пачатку ХХ стагодзьдзя», — робіць дапушчэньне аўтар кнігі аб Каліноўскім.

4. Легенды пра Кастуся прыдумалі сяляне

Пра Каліноўскага ў ваколіцах Сьвіслачы некалі складалі легенды. Як пра звышнатуральнага Кастуся, які дапамагае сялянам. Пра адну зь іх узгадвае Віктар Кардовіч, польскі дасьледчык, які ў той 1920-х гадах наведаў тыя мясьціны, распавядае Васіль Герасімчык. Туды, зразумела, навіны з савецкай Беларусі, што ўздымаюць асобу Каліноўскага, яшчэ не даходзілі, мяркуе ён. Напрыклад, фільм пра кіраўніка паўстаньня выйшаў на шырокі экран толькі ў 1928 годзе.

Гісторык працягвае: «І выйшла так, што яго асоба была сугучнай тым праявам душы селяніна, настроям, якія панавалі ў Заходняй Беларусі. І яны так наклаліся адно на адно, што перарасьлі ў той вобраз дзецюка, як сам казаў Каліноўскі і яго паплечнікі ў „Мужыцкай праўдзе“, бяз страху і папроку, як пра яго пісалі».

5. Сын «ткача»

Бацьку Каліноўскага сярод часткі шляхты называлі зьняважліва «ткачом». Зайздрасьць была, што шляхціц мае фабрычку. І гэта перайшло на сына, кажа Васіль Герасімчык:

«Студэнты называлі яго сынам ткача. І ў нелегальнай арганізацыі. Асабліва белыя, як Гейштар — ён ня наш, ён сын ткача... А ў савецкі час гэта стала, наадварот, як адзнака якасьці. У кнізе Сьмірнова ў 1959 годзе ў біяграфіі Каліноўскага, шмат савецкіх штампаў, у тым ліку і гэты: Кастусь Каліноўскі быў сына ткача, чалавека, які працаваў сваімі рукамі».

Як вядома, гарадзенскі археоляг Міхась Ткачоў зрабіў раскопкі на месцы былой сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы Сьвіслацкага раёну. Сярод знаходак была пячатка мануфактуры, што належала бацьку Сымону Каліноўскаму.

Васіль Герасімчык нарадзіўся ў 1987 годзе ў Васілевічах Слонімскага раёну. Закончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт. Асобай Каліноўскага зацікавіўся ў 2010 годзе, калі пачаў працу над магістэрскай дысэртацыяй, прысьвечанай яго ідэнтычнасьці. Вучыўся ў Маскве, у Расейскім дзяржаўным гуманітарным унівэрсытэце. Атрымаў дыплём аб заканчэньні магістратуры таксама з адзнакай Торуньскага ўнівэрсытэту, паколькі вучыўся паводле двухгадовай супольнай расейска-польскай праграмы. Пазьней працаваў у гарадзенскім Гісторыка-археалягічным музэі, дзе працягваў вывучаць паўстаньне 1863-64 гадоў і асобу Кастуся Каліноўскага.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG