Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА


Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на аднайменнай вуліцы ў Менску
Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага на аднайменнай вуліцы ў Менску

22 лістапада парэшткі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў урачыста перапахаваюць на могілках Росы ў Вільні. А дзе ў Беларусі можна ўшанаваць паўстанцаў 1863–1864 гадоў?

155 гадоў таму, 22 студзеня 1863 году, Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве пачаў паўстаньне супраць расейскага царызму. Праз 10 дзён да яго далучыліся паўстанцы Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Паўстаньне, якое мела на мэце адмену падзелаў Рэчы Паспалітай, было жорстка задушана ўладамі ў 1864 годзе. Аднак яно стала штуршком для разьвіцьця беларускай самасьвядомасьці і будучай дзяржаўнасьці.

1. Помнікі лідэрам паўстаньня ў Сьвіслачы

Адзіны ў Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму знаходзіцца ў горадзе Сьвіслач на Горадзеншчыне паблізу гарадзкой плошчы. Яго паставілі ў 1958 годзе. Аўтар — Заір Азгур. У Сьвіслачы Кастусь скончыў гімназію, у будынку якой цяпер месьціцца шпіталь. Сучасная гімназія ў горадзе названая імем Каліноўскага.

Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Сьвіслачы
Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Сьвіслачы

Цягам двух дзесяцігодзьдзяў незалежнасьці прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці з усёй краіны прыяжджаюць да помніка, каб ушанаваць памяць паўстанцаў, за што зазнаюць перасьлед ад уладаў.

У сквэры ў цэнтры Сьвіслачы ёсьць помнік яшчэ аднаму лідэру паўстаньня 1863–1864 гадоў — Рамуальду Траўгуту. Яго паставілі ў 1928 годзе і аднавілі ў 1989-м.

Помнік Рамуальду Траўгуту ў Сьвіслачы
Помнік Рамуальду Траўгуту ў Сьвіслачы

2. Могілкі ў Сьвіслачы, дзе пахавана сямʼя Каліноўскіх

На могілках у Сьвіслачы ёсьць надмагільле брата Кастуся Каліноўскага Віктара, яго паставілі ў прыблізным месцы пахаваньня, бо дакладнае невядома. Сёлета парэшткі з магілы пад сымбалічным надмагільлем эксгумавалі. Ці пацьвердзілі вынікі эксгумацыі сваяцтва паміж парэшткамі ў Сьвіслачы і знойдзенымі на гары Гедзіміна ў Вільні, беларускія сьледчыя дагэтуль не паведамілі. Літоўскаму боку пробаў эскгумаваных парэштак не перадавалі.

Так выглядае адноўленае надмагільле Віктара Каліноўскага пасьля эксгумацыі парэштак
Так выглядае адноўленае надмагільле Віктара Каліноўскага пасьля эксгумацыі парэштак

Вядома, што недзе на гэтых жа могілках пахаваныя бацька, бабка, некаторыя іншыя браты і сёстры Кастуся Каліноўскага.

3. Падмурак фальварку Каліноўскіх у Якушоўцы

У Якушоўцы, дзе жылі Каліноўскія
У Якушоўцы, дзе жылі Каліноўскія

У вёсцы Якушоўцы каля гораду Сьвіслачы засталіся адно падмуркі сядзібы, дзе жыла сямʼя Каліноўскіх. Каля гэтага месца стаіць крыж, выкаваны Юрасём Мацко, і памятны камень.

Ушанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы, 2016 год
Ушанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Якушоўцы, 2016 год

4. Стэля на Сьвіслаччыне

Драўляную стэлю паставілі ў месцы баёў паўстанцаў Каліноўскага, каля вёскі Новы Двор Сьвіслацкага раёну на Горадзеншчыне, улетку 2019 году. Помнік зьявіўся дзякуючы актывістам з Горадзеншчыны як вынік грамадзкай кампаніі «Каліноўскі-2019». Мэта кампаніі — каб як мага больш беларусаў даведаліся і прыехалі на перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў у Вільні.

5. Крыж у гонар 150-годзьдзя паўстаньня на Астравеччыне

Побач зь вёскай Слабодка Астравецкага раёну на высокім пагорку ў 2013 годзе паставілі крыж з шэрага каменю ў выглядзе гіганцкага мяча, загнанага вастрыём у зямлю.

На крыжы выгравіраваны паўстанцкі пароль «Каго любіш?» на лацініцы і кірыліцы. Наверсе крыжа, на дзяржальне мяча, — выява «Пагоні».

Крыж паставілі ня ў гонар нейкай канкрэтнай бітвы, а як памятны знак усяму паўстаньню — трагічнай, але вельмі яркай падзеі.А меч — гэта стары сымбаль, які мае два прачытаньні. Калі ён узьняты — гэта кліч да барацьбы, дзеяньня. Калі ж ён уторкнуты ў зямлю — гэта сымбаль таго, што бітва скончаная, засталося падлічыць страты, пахаваць памерлых і памятаць пра іх.

Аўтар ідэі — краязнаўца Алесь Юркойць, фундатар — Мікіта Забуга, скульптар — Ігар Засімовіч.

6. Памятны камень і крыжы на Лідчыне

Памятны камень з надпісам «Невядомым паўстанцам 1863» паставілі паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы Лідзкага раёну ўлетку 2018 году. Яшчэ два крыжы паўстанцам у Лідзкім раёне сёлета паставілі актывісты з Горадзеншчыны. На полі паміж Мохавічамі і Раклёўцамі на Лідчыне былі пастаўленыя яшчэ два крыжы паўстанцам сіламі ТБМ у 1995 годзе.

У вёсцы Ва́верка Лідзкага раёну ў касьцёле вісіць памятная шыльда ў гонар ксяндза Раймунда Зямацкага. Яго расстралялі ў Вільні на асабісты загад Мураўёва за тое, што ён прачытаў вернікам маніфэст Нацыянальнага ўраду пра пачатак паўстаньня.

У 1863 годзе між вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы адбыўся бой паміж касінерамі атраду Нарбута ды расейскім войскам. Тут загінулі і былі пахаваныя тры дзясяткі паўстанцаў. Краязнаўцы кажуць, што гэта быў атрад з Наваградзкага павету, які прабіваўся на Віленшчыну і даў апошні бой расейскім карнікам. Сёньня вядомыя імёны больш як 400 паўстанцаў зь Лідзкага павету.

7. Магіла ксяндза Адама Фалькоўскага ў Лідзе

Знаходзіцца ў гарадзкім парку Ліды на вуліцы Міцкевіча. Ксёндз Адам Фалькоўскі служыў пробашчам у Ішчалне Лідзкага павету. Зачытаў маніфэст паўстаньня і заклікаў жыхароў узяць у ім удзел. Быў арыштаваны і расстраляны ў 1863 годзе ля дарогі на Крупава. Ягонае цела скінулі ў падрыхтаваную яму, залілі вапнай і закапалі. Жыхары пазначалі месца пахаваньня камянямі, якія потым раскідвалі расейскія паліцыянты.

Пазьней на гэтым месцы ня менш за сем разоў ставілі крыжы, але кожны раз іх зьнішчалі царскія, савецкія, а потым і беларускія ўлады. У 2010 годзе на магіле паставілі памятны камень, які захаваўся дагэтуль.

На старых каталіцкіх могілках у Лідзе знаходзіцца магіла вэтэранкі паўстаньня Валерыі Ціхановіч. У касьцёле сьвятой Барбары — шыльда памяці расстраляных царскімі ўладамі ксяндзоў; каля касьцёла айцоў піяраў у прамысловым раёне Ліды — памятная пліта Людвіку Нарбуту.

8. Памятныя знакі Нарбутам на Воранаўшчыне

Камень з шыльдай паставілі каля касьцёла ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна ў 1988 годзе. З гэтае вёскі паходзіць адзін з кіраўнікоў паўстаньня, Людвіг Нарбут. У вёсцы Шаўры на каталіцкіх могілках знаходзяцца пахаваньні Баляславы і Крысьціны Нарбутаў.

9. Помнікі паўстанцам у Мастоўскім раёне, дзе зьніклі стэлі

Каля вёсак Мінявічы і Пацавічы Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці яшчэ ў міжваенны час палякі ўстанавілі памятныя камяні і крыжы. У гэтых двух месцах пахаваны 52 паўстанцы. Сёлета горадзенскія актывісты паставілі побач з гэтымі мэмарыяламі драўляныя высокія стэлі. Аднак празь некалькі дзён абедзьве зьніклі. Іх дагэтуль не знайшлі.

10. Схаваны мэмарыял паўстанцам на Сьвятым балоце

Надпіс на вялікім драўляным крыжы зроблены па-беларуску і па-польску. Ён сьведчыць, што на гэтым месцы, паміж Азёрамі і Берштамі на Горадзеншчыне, 22 красавіка 1863 году адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Мясьціны тут былі непраходныя.

На 136 касінераў пад кіраўніцтвам палкоўніка Лянкевіча было 25 стрэльбаў, супраць іх — дзьве роты ўзброенай пяхоты і 30 казакоў. Амаль усе паўстанцы загінулі. Пасьля гэтага балота атрымала назву Сьвятое. Большасьць паўстанцаў пахавана на могілках у Азёрах.

Паблізу Сьвятога балота ёсьць яшчэ адзін памятны знак — мэталічны мальтыйскі крыж памерам 2×2 мэтры з датай на шыльдзе «1863». Стаіць на ўзгорку, за 50 мэтраў ад дарогі Р-145, за мостам цераз раку Бярвенку.

11. Шыльды паўстанцам у Горадні

Памятная дошка з надпісам «1863» усталяваная на чыгуначным вакзале ў Горадні. Тут адбыўся бой паміж царскім войскам і паўстанцкім атрадам, які павінен быў выехаць з Горадні ў кірунку Парэчча. Шыльда Валеру Ўрублеўскаму вісіць на пачатку вуліцы Ўрублеўскага. Да таго ж памятная дошка братам Урублеўскім ёсьць у горадзенскім фарным касьцёле.

12. Помнік паўстанцам на мяжы зь Літвой

Драўляны і мэталічны крыжы, а таксама памятныя камяні стаяць каля памежнай вёскі Кадыш Горадзенскага раёну. Першапачаткова помнік быў пастаўлены яшчэ ў 1920-я гады. Яго аднавілі ў 2011-м. На гэтым месцы адбыўся бой паўстанцаў з царскімі войскамі 22 траўня 1863 году. Тут пахаваныя забітыя паўстанцы.

У вёсцы Гожа Горадзенскага раёну побач з касьцёлам месьціцца радавы склеп Сільвястровічаў. Тут пахаваныя дзед і бацька Станіслава Сільвястровіча, аднаго з блізкіх паплечнікаў Каліноўскага, які быў сасланы ў Сыбір і памёр далёка ад бацькаўшчыны.

13. Крыж паўстанцам у Ваўкавыску

Крыж паўстанцам 1863–1864 гадоў стаіць на старых каталіцкіх могілках у горадзе Ваўкавыску Горадзенскай вобласьці.

У мястэчку Поразава Сьвіслацкага раёну на могілках стаяць два помнікі — валуны з крыжамі — на пахаваньнях паўстанцаў Яна Дмухоўскага і Казімера Шалкевіча.

14. Крыжы паўстанцам пад Горадняй

Драўляныя крыжы ў гонар паўстанцаў стаяць на могілках у мястэчку Азёры Горадзенскага раёну.

Недалёка ад Горадні, у Зарубіцкім лесе, лесьнікі Індурскага лясьніцтва паставілі крыж у гонар паўстанцаў 1863 году. У гэтых лясах дзейнічаў паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Валерыя Ўрублеўскага.

15. Памятныя шыльды сьвятарам у Шчучынскім раёне

У касьцёле вёскі І́шчална Шчучынскага раёну знаходзіцца дошка ў памяць пра ксяндза Адама Фалькоўскага, які падтрымліваў паўстанцаў. У мястэчку Жалудок Шчучынскага раёну вісіць мэмарыяльная дошка ў гонар ксяндза Станіслава Ішоры, расстралянага на асабісты загад Мураўёва за тое, што прачытаў вернікам маніфэст Нацыянальнага ўраду аб пачатку паўстаньня.

16. Капліца на месцы бітвы пры Мілавідах

Капліца ў Мілавідах
Капліца ў Мілавідах

На Берасьцейшчыне шмат мясьцінаў, зьвязаных з паўстаньнем 1863-1864 гадоў. Аднак нідзе ўшанаваньні паўстанцаў ня ладзяцца на афіцыйным узроўні. Толькі грамадзкасьць адведвае гэтыя помнікі.Найбольш шырока ўшаноўваюцца падзеі паўстаньня на Берасьцейшчыне на месцы адной з самых буйных бітваў — каля Мілавідаў сёньняшняга Баранавіцкага раёну. Тут пры дарозе на месцы бітвы збудавалі капліцу ў гонар паўстанцаў і паставілі валун.

З другога боку дарогі стаіць крыж-помнік у гонар палеглых тут расейскіх жаўнераў.

Крыж у памяць пра палеглых расейскіх жаўнераў праз дарогу ад капліцы
Крыж у памяць пра палеглых расейскіх жаўнераў праз дарогу ад капліцы

Пару гадоў таму актывісты паставілі яшчэ адзін валун — з рэльефам Кастуся Каліноўскага.

Валун, усталяваны ў Мілавідах некалькі месяцаў таму невядомым ініцыятарам
Валун, усталяваны ў Мілавідах некалькі месяцаў таму невядомым ініцыятарам

Штогод у дзень бітвы, 3 чэрвеня, тут ладзяць фэст. Улады ў ім ня ўдзельнічаюць, а часам і перашкаджаюць. Напрыклад, у 2013 годзе супрацоўнікі ДАІ ўшанаваньне спынілі, а на арганізатара Віктара Сырыцу склалі пратакол за несанкцыянаваную акцыю.​

17. Крыж-помнік на магіле паўстанцаў каля Косава

Гранітны крыж на каталіцкіх могілках каля Косава паставілі ў 1927 годзе на магіле трох паўстанцаў. Вядомыя прозьвішчы двух зь іх: Красінскі і Лукашэвіч.

У савецкія часы крыж быў павалены. У 1990-х яго паставілі на ранейшае месца.

Да крыжа зрэдку прыяжджаюць актывісты. Даглядаюць яго мясцовыя каталікі.

18. Шыбельная гара ў Івацэвічах

Назва Шыбельнай гары пад Івацэвічамі — ад слова «шыбеніца». Тут расейскія карнікі распраўляліся з палоннымі паўстанцамі — вешалі іх на соснах. Пасьля паўстаньня мясцовыя людзі завялі традыцыю вешаць на тыя сосны абразкі. Як апавядаў мясцовы краязнавец Алесь Зайка, яшчэ ў 60-я гады ХХ стагодзьдзя тыя абразкі выглядалі з-пад кары дрэваў.

На пачатку 2000-х івацэвіцкія грэка-каталікі паставілі на пагорку драўляны крыж. Улады гэтае месца не ўшаноўваюць.

19. Стэля ў Пружанскім раёне

Драўляную стэлю паставілі сёлета каля аграгарадка Лыскава Пружанскага раёну на Берасьцейшчыне горадзенскія актывісты. Там паўстанцы вялі баі з царскімі войскамі.

20. Памятны камень каля Крывошына на Берасьцейшчыне

Усталяваны ў 1988 годзе ў памяць пра бой, які адбыўся тут 9 чэрвеня 1863 года паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Знаходзіцца ў Рэпіхаўскім лесе, у кілямэтры ад мястэчка Крывошын.

21. Два валуны ў гонар Рамуальда Траўгута і паплечнікаў каля Кобрыні

Стаяць у маёнтку Божы Дар на Кобрыншчыне Берасьцейскай вобласьці. Тут Рамуальд Траўгут прысягаў на вернасьць паўстаньню і прыняў на сябе кіраваньне паўстанцкім атрадам.


22. Мэмарыяльны помнік у пасёлку Дамачава на Берасьцейшчыне

Помнік мае форму крыжа. Пастаўлены ў 1936 годзе. Надпіс на ім зроблены на польскай мове.

23. Адзіная вядомая магіла паўстанцаў у Берасьці

Пахаваньне на каталіцкіх могілках на Пушкінскай вуліцы ў Берасьці нядаўна знайшоў краязнаўца Іван Чайчыц. На крыжы па-польску напісаныя імёны Ірэны і Францішка Карнелюкоў і іхных дзяцей Яна і Юзэфы, паўстанцаў 1863 году. Кім яны дакладна былі, пакуль невядома. Гэта адзінае знойдзенае ў Берасьце пахаваньне ўдзельнікаў гэтага паўстаньня.

24. «Расстраляны» помнік каля вёскі Ласасін на Берасьцейшчыне

На гэтым месцы пахавана 40 паўстанцаў. Помнік устанавілі ў міжваенны час. Саветы яго зруйнавалі. У канцы 1980-х гадоў высілкамі Таварыства беларускай мовы і Беларускага народнага фронту быў адноўлены. У 1998 годзе яго расстралялі зь верталёту падчас вучэньняў, бо цяпер ён месьціцца на тэрыторыі вайсковага палігону вайскова-паветраных сілаў. У 2000 годзе тут усталявалі новую пліту.

25. Магіла паўстанцаў Жукоў на Берасьцейшчыне

Удзельнікі паўстаньня 1863–1864 гадоў Ян Жук і яго сваякі пахаваныя ў аграгарадку Новая Папіна Драгічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

26. Мэмарыяльныя калёны на Берасьцейшчыне

Калёны з чырвонай цэглы з крыжам наверсе ў гонар паўстанцаў усталяваныя ў вёсках Палонск і Магілёўцы Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

27. Пахаваньне касінэраў з косамі

Незвычайнае пахаваньне паўстанцаў 1863–1864 гадоў знаходзіцца каля вёскі Сабалі Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне. Над магілай стаіць крыж, а чатыры рагі агароджы аздабляюць косы, зь якімі ваявалі касінеры.

Каля Сабалёў краязнавец Анатоль Жалудка ўсталяваў помнік у гонар паўстанцаў 1863 году
Каля Сабалёў краязнавец Анатоль Жалудка ўсталяваў помнік у гонар паўстанцаў 1863 году

28. Магіла паўстанца-вэтэрана на Берасьцейшчыне

Пахаваньне Антонія Калішка знаходзіцца на каталіцкіх могілках у вёсцы Шчытнікі Берасьцейскага раёну. Паўстанец перажыў рэпрэсіі і памёр ва ўзросьце 95 гадоў.

29. Крыж паўстанцам у Столінскім раёне

Мэталічны крыж у гонар двух пахаваных тут паўстанцаў устаноўлены каля вёскі Вароні Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

30. Капліца на месцы пахаваньня паўстанцаў каля Берасьця

Капліца роду Талочак месьціцца ў вёсцы Вялікая Ра́кавіца Берасьцейскага раёну. Талочкі былі ўдзельнікамі паўстаньня 1863–1864 гадоў.

31. Мэмарыял каля вёскі Калоднае на Берасьцейшчыне

Улетку 1863 году ў ваколіцах маёнтка Калодна (цяпер Столінскі раён Берасьцейскай вобласьці) быў разьбіты паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута. На гэтым месцы паставіьлі помнік, які зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю раёну, і крыж.

32. Помнік паўстанцам у Пагосьцішчы

Помнік у гонар паўстанцаў 1863 году зьявіўся ў вёсцы Пагосьцішча Лёзьненскага раёну з ініцыятывы мясцовай настаўніцы Алены Грачышнікавай у 2006 годзе. Але апякуюцца ім пераважна аршанцы, бо пастаўлены помнік у гонар апошняга бою паўстанцаў менавіта аршанскага атраду. Ён адбыўся 26 красавіка 1863 году.

Штогод аршанскія актывісты прыяжджаюць сюды 28 жніўня — у дзень расстрэлу камандзіра атраду Ігната Будзіловіча. Яны парадкуюць тэрыторыю вакол помніка, ладзяць імправізаваныя канцэрты.

33. Магіла ўдзельніка паўстаньня, які дажыў да 91 году

Пахаваньне Міхала Фалькоўскага знаходзіцца на могілках у вёсцы Падсьвільле паблізу Глыбокага на Віцебшчыне. Ён быў удзельнікам паўстаньня 1863–1864 гадоў. Быў сасланы ў Сібір. Дажыў да 91 году.

34. Магіла сваяка Ўладзімера Караткевіча ў Рагачове

Шляхціц Тамаш Грыневіч узначальваў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім павеце. Быў арыштаваны і расстраляны разам з паплечнікамі ў 1863 годзе каля старых гарадзкіх могілак, на якіх ягонае цела таемна пахавалі. На месцы расстрэлу стаіць крыж і памятны валун. Ягоная постаць стала прататыпам героя ў творах Караткевіча. Паводле сямейнай легенды, быў сваяком беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча.

35. Магіла паўстанца-студэнта ў Горках

24 красавіка 1863 году ў Горкі ўвайшоў атрад Людвіка Зьвяждоўскага, паплечніка Кастуся Каліноўскага. Было абвешчана, што ў мястэчку ўсталёўваецца народная ўлада. Паўстанцаў падтрымалі студэнты мясцовага земляробчага інстытуту (цяпер Сельскагаспадарчая акадэмія). У ваеннай сутычцы з расейскімі войскамі ў Горках і загінуў студэнт інстытуту Войцех Дамарацкі.

Абэліск на магіле Дамарацкага
Абэліск на магіле Дамарацкага

За савецкім часам у акадэмічным дэндрапарку на магіле Войцеха Дамарацкага паклалі мармуровую пліту як змагару з царызмам. Яна трэснула, і горацкія рупліўцы даўніны настаялі, каб улады замянілі яе. Паставілі абэліск з надпісам на расейскай мове.

36. Магіла паўстанца ў Менску

На цэнтральнай алеі Кальварыйскіх могілак, непадалёк ад касьцёла

(зьлева) можна знайсьці магілу Яна Баляслава Луцкевіча (15.05.1831–04.09.1895) — штабс-капітана расейскай арміі, удзельніка паўстаньня 1863–1864 гадоў, які цудам пазьбег рэпрэсій.

Бацька дзеячаў беларускага адраджэньня і ініцыятараў незалежнасьці Івана і Антона Луцкевічаў Ян Баляслаў быў адным зь першых прафэсійных беларускіх чыгуначнікаў. Сябраваў зь Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, які прысьвяціў яму верш «Заўтра Спаса, кажуць людзе».

37. Помнік паўстанцам пад аховай дзяржавы ў Плябані

На старых могілках вёскі Плябань у Маладэчанскім раёне пахаваныя кіраўнік паўстаньня на Маладэчаншчыне й Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, а таксама ягоныя аднадумцы і памочнікі — Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Панькоўскі і пятнаццацігадовы гімназіст Сулістроўскі.

Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Маладэчанскім раёне. Вёска Плябань, 27 сакавіка 2017 году
Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Маладэчанскім раёне. Вёска Плябань, 27 сакавіка 2017 году

Яны загінулі падчас бою з царскімі войскамі 23 сакавіка 1863 году недзе ў раёне вёскі Сьвечкі.

Помнік на магіле паўстанцаў зьявіўся ў 1921 годзе, але доўгі час быў занядбаны, пакуль Зянон Пазьняк і Міхась Чарняўскі не адкрылі яго наноў у 1980-х ды не дамагліся ад уладаў устаноўкі новага.

Сёньня на камені адразу дзьве шыльды: афіцыйная з пазнакай, што магіла ёсьць аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны, і «грамадзянская»: «Тут пахаваныя паўстанцы — змагары за незалежнасьць і волю Беларусі і Літвы».

38. Месца бітвы ў Налібацкай пушчы

17 траўня 1863 году ва ўрочышчы Буды ў Налібацкай пушчы адбылася бітва паўстанцаў Каліноўскага з расейскімі салдатамі.

У атрад Янкі Каваля і ксяндза Фэліцыяна Лашкевіча ўваходзілі 65 чалавек. У пушчы да іх далучыліся каля 20 мясцовых памешчыкаў, шляхты. Атрад адважна змагаўся са значна большай групай расейцаў, але вымушаны быў адступіць пад Мілавіды.

Урочышча Буды ў Налібацкай пушчы
Урочышча Буды ў Налібацкай пушчы

Да Другой усясьветнай вайны ў Будах была лесьнічоўка і пастаянна жыла сямʼя лесьніка.

Урочышча месьціцца далёка ад вялікіх дарог, найбліжэйшы населены пункт — вёска Кляцішча. Трапіць туды няпроста, а звычайным транспартам — рызыкоўна.

Урочышча Буды ў Налібацкай пушчы
Урочышча Буды ў Налібацкай пушчы

Месца да гэтага часу ніяк не ўшанавана. Старая дуброва, рака побач, цішыня і слаўная мінуўшчына робяць з Будаў выдатнае месца для летняй вандроўкі з намётамі.

39. Магіла паўстанцам з косамі на Вілейшчыне

Каля вёскі Ўладыкі Вялейскага раёну Менскай вобласьці на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863–1864 гадоў стаіць крыж.

Дарогу да яго паказвае ўказальнік з косамі, якімі ваявалі касінеры з царскімі войскамі.

40. Магіла «апошняга паўстанца» каля Маладэчна

Удзельнік паўстаньня Ігнат Абрамовіч дажыў да 106 або да 108 гадоў (паводле розных зьвестак). Пахаваны на каталіцкіх могілках у вёсцы Краснае Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Ягоную сямʼю забілі царскія ўлады, родную сядзібу спалілі. Самога саслалі ў Сібір на 12 гадоў. Вярнуўся ў Беларусь. Меў пяцёра дзяцей. Да скону хадзіў у паўстанцкім галаўны ўборы — канфэдэратцы.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG